Выбрать главу

Упарадкаваньнем пісанага права і выданьнем Статуту Сапега здабыў для сябе шчырую ўдзячнасьць сучасьнікаў, каторыя не шкадавалі яму заслужоных пахвалаў, а тагачасныя пісьменьнікі называлі яго «айцом айчызны» і літоўскім Солёнам. У 1589 г. Сапега заняў найвышэйшае ў сваей дзяржаве становішча канцлера, якое перад ім займаў Крыштоф Радзівіл.

Абгаварваючы справу ўпарадкаваньня Сапегаю пісаных законаў Вялікага Князьства, трэба ўспомніць яшчэ адзін факт, які меў месца перад выданьнем Статуту і знаходзіўся ў цеснай сувязі з арганізацыяй судоў у Вялікім Князьстве. Гэтым фактам было ўтварэньне Літоўскага Трыбуналу, які паўстаў у 1581 годзе (на 11 гадоў пазьней, чым у Кароне), дзякуючы ў вялікай меры стараньням Льва Сапегі, каторы хацеў бачыць судоўніцтва Вялікага Князьства незалежным ад Кароны. Трыбунал быў найвышэйшай апэляцыйнай інстанцыяй у справах цывільных і складаўся з дэпутатаў сьвецкіх, выбіраных праз соймікі, і духоўных, высыланых капітуламі (выключна дзеля справаў касьцельных). Сябры Трыбуналу выбіралі маршалка, які кіраваў працамі Трыбуналу. Трыбунал меў свае кнігі, у якія сьпярша земскі пісар таго павету, дзе адбывалася сэсія, а пасьля асобны трыбунальскі пісар упісваў усе акты ў мове беларускай («рускай»). Пачаткова Трыбунальскія Суды адбываліся ў чатырох местах: Вільні, Троках, Наваградку і Менску. Пазьней — ад 1588 году, за згодаю ўсіх станаў Вялікага Князьства, сэсіі Трыбуналу адбываліся толькі ў двух местах: Вільні (куды перайшлі справы, разгляданыя раней у Троках), і Менску або Наваградку (пачарзе). На сэсіі ў Вільні разглядаліся справы наступных ваяводзтваў: Віленскага, Троцкага, Полацкага і зямлі Жамойцкае. На разгляд справаў кожнага ваяводзтва празначаліся тры тыдні, і толькі справы Полацкага ваяводзтва разглядаліся ў працягу двух тыдняў. У Менску або Наваградку трыбунальская сэсія пачыналася цераз 22 тыдні пасьля Вялікадня, прычым справы кожнага ваяводзтва (менскага і наваградзкага) разглядаліся ў працягу трох тыдняў. Характэрна, што Літоўскі Трыбунал быў устаноўлены толькі для земляў этнаграфічнае Беларусі, бо зямля Жамойцкая (этнаграфічная Літва) мела свой асобны трыбунал у Росенях, аднак з яго не карысталася і ў 1588 годзе дабравольна паддала свае справы Літоўскаму трыбуналу (для земляў этнаграфічна ўкраінскіх быў устаноўлены асобны Трыбунал у Луцку). Гэткім парадкам зьнік асобны Трыбунал для Жамойцкае зямлі, каторая ад 1588 году пасылала сваіх трох дэпутатаў у Трыбунал Літоўскі. У сувязі з паўстаньнем Літоўскага Трыбуналу, Сапега ў 1616 годзе выдаў працу «А спосабе абароны трыбунальскіх правоў».

Выданьне Трэцяга Статуту і ўвядзеньне Трыбуналу былі першымі вялікімі крокамі Сапегі ў галіне ўпарадкаваньня ўнутраных адносінаў Вялікага Князьства. Наступнай галінаю ўнутранага жыцьця Вялікага Князьства, у каторай выявілася ня менш кіпучая дзейнасць Сапегі, была справа ўпарадкаваньня хаосу рэлігійных адносінаў, які паўстаў на Беларусі з хвілінаю ўвядзеньня царкоўнае вуніі 1595 году. На жаль, у гэтай галіне інгерэнцыя Сапегі ня мела вялікшых рэзультатаў, бо было шмат іншых дзейнікаў, параліжаваўшых шляхотныя імкненьні Сапегі. У дадатку Вялікі Канцлер зрабіў сам тут памылку, дапамагаючы вуніі ў часе яе тварэньня, хоць кіраваўся самымі шляхотнымі, як з пункту гледжаньня агульна-людзкага, так і інтарэсаў беларускага народу, думкамі. Памылку гэту Сапега пазьней сам зразумеў, вельмі яе жалеў, аднак паправіць яе, ня гледзячы на сваё жаданьне, ня мог. Усё-ж справа ўдзелу Сапегі ў рэлігійным жыцьці Вялікага Князьства мае для беларускае гісторыі вялізарнае значэньне, бо яна выясьняе ролю магутнае пастаці Сапегі ў ратаваньні сваей айчыны ад тае агоніі, у якой яна апынулася ў выніку бязупынна трываўшае рэлігійнае вайны між дзьвюма часткамі аднаго і таго-ж народу.

Гэтая роля Сапегі ўвідочніца лепш на агульным фоне тагачасных рэлігійных адносінаў у Эўропе і Вялікім Князьстве Літоўскім, дзеля чаго і трэба ўдзяліць крыху месца дзеля намаляваньня гэтага фону.

Што рэлігійная проблема ня толькі ў сярэднявеччы, але і ў новыя вякі адыгрывала вялікую ролю ў жыцьці народаў Эўропы, а ў тым ліку і беларускага народу, — факт знаны. Аднак, калі ў сярэднявеччы рэлігія займала домінуючае палажэньне ў параўнаньні з дзяржаўнымі інтарэсамі паасобных краін і народаў, дык у новыя вякі скончылася служэньне паасобных нацыяў інтарэсам рэлігіі, і амаль ува ўсей Эўропе пачалося імкненьне да падпарадкаваньня рэлігіі інтарэсам народным або дзяржаўным. Пачаліся запраўдныя войны з універсальным каталіцкім касьцёлам, ведзеныя ў імя пагарджаных дагэтуль нацыянальных ідэалаў.