Тэорыя фінізму апіраецца на дадзеных архэолёгіі i на дайшоўшай да нас номэнклятуры рэк, вазёр, мясцовасьцяў. Праф. Галубоўскі, адзін з выдатных прадстаўнікоў гэтай тэорыі, абасноўвае яе наступным спосабам. Дадзеныя архэолёгіі паказваюць, што ўсходнія славяне, а ў ix ліку i беларускія плямёны, пры насыпцы курганоў-могілак над сваімі нябошчыкамі апрача зямлі не карысталіся з ніякага іншага матарыялу. На аснове гэтага праф. Галубоўскі кажа, што ўсе могілкі з камянямі, што трапляюцца ў Беларусі, павінны быць аднесены да якога іншага чужога племені, бо яны неславянскія, a значыцца i не беларускія. Адказваючы, чые гэта могілкі, Галубоўскі параўноўвае каменныя могілкі ў Беларусі i знойдзеныя ў ix чарапы з ведамымі люцынскімі могілкамі, a апошнія з ашэраданскімі, што знаходзяцца ў зямлі Ліваў — народу фінскага паходжаньня. На аснове знойдзенай між могілкамі і чарапамі падобнасьці праф. Галубоўскі i дапушчае, што першымі насельнікамі Беларусі былі фінскія плямёны. Назовы некаторых рэк i вазёр, асабліва што канчаюцца на ва, га, за, ла, ма, ра, са, ша, энга, анга ёсьць фінскага паходжаньня i маюць пацьвярджаць правільнасьць вывадаў гэтай тэорыі[39].
У некаторых гісторыкаў тэорыя фінізму мае адхілы. Яны выказваюць пагляд, што тэрыторыя Беларусі была заселена ня толькі фінамі, але часткова вугорскімі плямёнамі[40].
Тэорыя фінізму ці вугра-фінізму лічыцца ўжо перастарэлай i наагул слаба абаснаванай навукова. Закідаюць ёй прыпісваньне дужа вялікай ролі фінскаму элемэнту ў дагістарычную пару, якой ён ня згуляў, бо ў сапраўднасьці гэта быў элемэнт слабы i не натолькі шматлікі, каб мог займаць гэткія вялізарныя абшары. Архэолёгічныя аргумэнты фіністаў слабыя, бо могілкі з камянямі ў Беларусі ня ёсьць ідэнтычнымі з люцынскімі i тым больш ашэраданскімі, a толькі падобныя. Аб значэньні номэнклятуры, як аргумэнту, скажам крыху ніжэй.
Прадстаўнікі другой — балтыцкай тэорыі кажуць, што першабытнымі насельнікамі Беларусі былі балты, a фактычна тая ix галіна, з якой паўсталі літоўскія i латыскія плямёны. Паводле гэтай тэорыі балты займалі дарэччы Дняпра i Прыпяці, скуль ix адсунулі на поўнач беларускія плямёны, рушыўшыя із сваёй праславянскай радзімы. К. Буга дае малюнак руху балтаў, што распачаўся пад напорам беларускіх славянаў. Паводле Бугі літоўскія плямёны, уступаючы перад беларускімі, паціснулі братніх латышоў, сядзеўшых над Балтыцкім морам між Нёманам i Дзьвіной (у цяперашняй Літве) i занялі іхнія сялібы. Ізноўжа латышы падаліся на поўнач i паціснулі сядзеўшыя на балтыцкім узьбярэжжы фінскія плямёны — кураў, ліваў[41].
На карысьць гэтай тэорыі перш-на-перш паклікаюцца на назовы рэк, вазёр, мясцовасьцяў у Беларусі. Вядома, што ўва ўсёй Беларусі ёсьць шмат назоваў небеларускага, а балтыцкага паходжаньня. Як можна начай вытлумачыць гэты факт, як не прабываньнем тут балтыцкіх плямёнаў — кажуць прыхільнікі разгляданай тэорыі. Другім аргумэнтам ёсьць дадзеныя архэолёгіі з курганнай пары. Праф. А. Сьпіцын дапушчае нават, што балты пакінулі ў Беларусі свой асобны пэрыяд курганнай культуры. Астачай гэтага пэрыяду праф. Сьпіцын лічьшь i ведамыя курганы каля в. Гнёздава ў Смаленшчыне. Трэцім аргумэнтамь ёсьць гістарычныя весткі. З летапісу ведама напр., што каля Смаленску жыло літоўскае племя Голядзь i што яшчэ ў XIII стаг. латышы не займалі цалком цяперашняй сваёй тэрыторыі, што мае пацьвярджаць правільнасьць вывадаў К.Бугі адносна пададзенага ім руху балтаў пад напорам беларускіх плямёнаў, a значыцца i правільнасьць балтыцкае тэорыі наагул. Між рэпрэзэнтантамі гэтай тэорыі ёсьць толькі нязгоднасыць адносна часу, калі балты адыйшлі з Беларусі, што адназначна з вырашэньнем пытаньня, калі беларускія плямёны занялі тыя абшары, на якіх ix засьпеў кіеўскі летапісец. Праф. А.Сьпіцын падае як дату гэтага зруху VIII стаг. па Н. X., а К. Буга дапушчае, што зрух балтаў распачаўся ўжо ў IV стаг. па Н. X.
Балтыцкая тэорыя выдаецца лепш абаснаванай ад фінскае, аднак i проці яе высоўваюць шмат закідаў.
Найважнейшы аргумэнт гэтай тэорыі — балтыцкія назовы — толькі тады быў-бы моцны — кажа Карскі, — калі-б існавала пэўнасьць, што гэтыя назовы далі самі балты, тут жыўшыя. Магло, аднак, быць i так, што плямёны, асеўшыя на дадзенай тэрыторыі, прынясьлі з сабой чужыя назовы з раней займанага краю, нічога супольнага з яго языком ня маючыя i назвалі адпаведна рэкі i вазёры ў новым краю. Магло, ізноўжа, здарыцца так, што прыйшоўшыя плямёны мірна зжываліся з аўтахтонамі i перанялі ад ix назовы, каторыя аўтахтоны атрымалі ад ранейшых жыхароў, або прынесьлі так-жа з чужыны. Усё гэта стварае няпэўнасьць i камплікацыі здавалася-б у яснай квэстыі, што трэба мець на ўвазе, ня кажучы ўжо аб неабходнасьці высьцерагацца надужываньня назоваў, падганяючы ix пад тэорыю прынятую аўтарам. Кожны назоў трэба лічыць асобным фактам[42]. Архэолёгічныя дадзеныя яшчэ менш ад назоваў могуць быць аргумэнтам балтыстаў, бо тое, што лічыцца балтыцкім, амаль ня розьніцца ад славянскага. Напасьледак, аргумэнты гістарычныя так-жа не зьяўляюцца пераконваючымі, бо аб племені Голядзі нічога канкрэтна ня ведама i яно ёсьць дагэтуль загадковым. Трудна нават сказаць, ні яно было па паходжаньні балтыцкім, бо назоў яшчэ гэтага не даказвае (прыкладам беларускае племя Северанаў мела неславянскі назоў). Яшчэ менш ёсьць пераконваючым аргумэнт, што латышы нават у XIII стаг. не займалі цяперашніх сялібаў, у чым К. Буга даглядаецца пацьверджаньня правільнасьці азначанага ім зруху балтаў з тэрыторыі Беларусі.
39
Голубовскій. Исторія Смоленской землі, б. 22—25. В. Данилевичъ, Очеркъ исторіи Полоцкой земли, б. 40—42, цалком падтрымлівае аргумэнтацыю Галубоўскага.
40
Европеусъ. Об Угорском народе. Тут аўтар паказвае на Вуграў, як насельнікаў Беларусі побач з фінамі. Блізка стаіць да гэтай тэорыі і H.Надеждинъ. Опытъ исторической географіі русскаго міра, б. 50 — 54. Крытыкуе пагляд Европеуса што да Вуграў В. Данилевичъ, о. с. б. 45.
41
К. Віgа. Die Yorgeschichte der aestischen (baltischen) Stamme im Lichte der Ortsnamenforchung. Leipzig, 1924, b. 22-35.
42
Kapскi, о. с. б. 40—44. Kaлi на тэрыторыі Беларусі спатыкаецца шмат назоваў балтыцкага паходжаньня, дык гэта ня можа азначаць, што там, дзе гэтыя назовы ёсьць, жылі балты. Магло здарыцца, што беларускія плямёны зжыўшыся з чужымі назовамі і выходзячы ў новыя мясьціны давалі там балтыцкія назовы рэкам і вазёрам, прынесеныя з сабой. Магчыма гэтым тлумачыцца факт, што шмат рэк i вазёр у Беларусі ў розных куткох яе маюць аднолькавыя назовы.