Выбрать главу

Наступным гэнэральным камісарам Беларусі быў прызначаны камандзір войскаў СС і паліцыі на Беларусі гэнэрал-лейтэнант фон Готтбэрг. Кіраўніком аддзелу культуры і палітыкі ён прызначыў маладога маёра СС Маркуса, які перад гэтым вывучаў Беларусь у ейных розных аспэктах.

Неўзабаве пасьля гэтага быў забіты бурмісгр Менска В. Іваноўскі. Яго забіў М. Васьковіч, працаўнік Менскай гарадзкой управы і сябра Беларускага Навуковага Таварыства, які пасьля гэтага ўцёк да савецкіх партызанаў. Наступным бурмістрам Менска быў прызначаны менчук Анатоль Комар, сьціплы чалавек без беларускага патрыятызму. Ён не выявіў ніякай ініцыятывы ў беларускіх справах пад час свайго ўрадаваньня.

XXXIV

Асаблівасьці абставінаў у вайсковай зоне Беларусь— Дзейнасьць беларускай адміністрацыі ў Бранскай акрузе.— Беларуская адміністрацыя ў Смаленскай і Магілеўскай акругах.

Арганізацыя самаўрадавай адміністрацыі ва ўсходняй ваеннай зоне Беларусі мела больш труднасьцяў, чым у заходняй зоне цывільнай адміністрацыі. Прычыны для гэтага наступныя:

1. Прыфрантавое палажэньне, перасоўваньне фронту на ўсход і назад, на захад, баявыя дзеяньні.

2. Адсутнасьць мяйсцовай інтэлігенцыі, якую, маючы больш часу, савецкае кіраўніцтва змагло эвакуаваць на ўсход разам з прадрыемствамі.

3. Вялікія спусташэньні краю, дзе моцныя баі трывалі амаль 2 месяцы і савецкія аддзелы выпальвалі ўсе запасы, пакідаючы за сабой толькі спаленую зямлю.

4. Блізкасьць фронту давала добрыя магчымасьці для інфільтрацыі рознага роду савецкіх агэнтаў і дывэрсыйных групаў.

5. Больш спрыяльныя тапаграфічныя абставіны для савецкай партызаншчыны.

Нямецкае ваеннае кіраўніцтва як часовае было зацікаўлена перадусім у палагоджваньні патрэбаў для свайго фронту і зусім не займалася мяйсцовымі справамі насельніцтва Адміністрацыя горада Бранска была распачатая мяйсцовым нямецкім камандантам. Ён прызначыў бурмістрам немца з-над Волгі, які падбіраў з былых працаўнікоў гораду ўраднікаў на патрэбныя становішчы.

У Бранскай акрузе, значна зрусыфікаванай папярэдня савецкімі ўладамі, у канцы кастрычніка 1941 году распачала арганізацыю адміністрацыі прыехаўшая сюды з захаду, разам з былой Менскай камандантурай, беларуская група ў складзе: Р. Астроўскі, Д. Касмовіч і М. Вітушка. Становішчы працаўнікоў акруговай управы яны ўкамплектавалі выбранымі з лягероў вайсковапалонных спецыялістамі і некалькімі партыйцамі з былога абласнога апарату. Гэтыя людзі працавалі цяпер старанна, але не для саветаў і не для немцаў, а для свайго народу, які быў пакінуты на ласку лесу савецкімі ўладамі 1 стаўся ахвярай новых акупантаў. Неадкладна былі ўкамплектаваныя кіраўніцтвы раёну і валасьцей.

Нямецкія гаспадарчыя каманды (віртшафтскоммандо), якія былі тут пры кожным мяйсцовым каманданце (ортскоммандант), бралі на ўлік усё, што можна было забраць ад насельніцтва. Апрача таго, кожная вайсковая частка. пад час перакідкі ў іншае мейсца, праводзіла афіцыйныя рэквізыцыі, а салдаты дадаткова рабавалі ўсё, што трапляла ім пад рукі. Вёскі, якія ляжалі каля вялікіх камунікацыйных шляхоў, цярпелі найбольш. Беларуская адміністрацыя бараніла насельніцтва рознымі спосабамі. Каб задаволіць афіцыйныя пастаўкі для гаспадарчай каманды, беларуская адміністрацыя рабіла ўлік наяўных рэсурсаў, якія былі значна меншымі ад нямецкага ўліку. У некаторых раёнах адміністрацыя баранілася ад прыпадковых рабункаў нямецкіх жаўнераў, вывешваючы шыльды: «Тыф», чаго немцы вельмі баяліся.

На суровую зіму 1941 —1942 году нямецкае войска не было прыгатаванае. Маланкавая вайна мела быць закончаная пераможна да раньніх маразоў. Аднак вайна зацягнулася і была патрэбная цёплая вопратка. Мяйсцовы камандант сам хацеў распачаць рэквізыцыю яе ў насельніцтва. Аднак акруговая ўправа Бранска пераканала яго, што яна спраўней і згодна з магчымасьцямі насельніцтва арганізуе добраахвотны збор цёплай вопраткі. I запраўды, на працягу аднаго тыдня на склады ўправы было дастаўлена надспадзяна шмат кажухоў, аўчын, валёнак, цёплых шкарпэтак, рукавіц і нават посьцілак. Пасьля некаторых таргаваньняў немцы нават заплацілі за гэтыя рэчы паводля мяйсцовых расцэнак.Савецкая партызанка рана дала знаць тут аб сабе і яна мацнела вельмі хутка. Яе ўзмацненьню спрыялі ўцёкі вайсковапалонных з лягероў і загад вайсковым прыпісьнікам вярнуцца ў лягеры, выдадзены нямецкімі ўладамі. Замест лягероў прыпісьнікі пайшлі ў лясы і сталі масавай базай для партызанскіх камандзіраў, скінутых на парашутах з расейскіх самалётаў. Вялікія лясы і балоты Бранскай акругі давалі спрыяльныя абставіны для савецкіх партызанаў. Аднак блізкасьць фронту і вялікіх нямецкіх вайсковых злучэньняў трымалі іх далей ад нямецкіх гарнізонаў па гарадох і ад камунікацыйных шляхоў. Тым не менш вясной 1942 году партызаны ўжо панавалі над валаснымі абшарамі многіх раёнаў. Для ўтрыманьня бясьпекі насельніцтва трэба было арганізаваць службу парадку (Орднунгдзінст — ОД). Д. Касмовіч і М. Вітушка распачалі арганізацыю ОД ува усей акрузе. Невялікія аддзелы ОД у раёнах ад пачатку не маглі справіцца з добра ўзброенымі і большымі аддзеламі савецкіх партызанаў, якія нападалі на харчовыя склады, дэпо, ды на пасобныя вёскі. Касмовіч запрапанаваў ваеннаму камандаваньню стварэньне асобных рухомых аддзелаў ОД, большых, добра ўзброеных і конных, якія хуткім рухам і сілай агню маглі-б быць эфэктыўнымі ў змаганьні. Маючы недавер да беларусаў, нямецкае камандаваньне не пагаджалася, аднак рост партызаншчыны змусіў немцаў даць згоду. Служба парадку складалася з чатырох аддзелаў. Першы — для крымінальных спраў; другі — для палітычных спраў і контрразьведкі; трэці — для службы парадку; чацьвёрты — вышэй успомненыя спэцыяльныя конныя аддзелы.