Выбрать главу

Агульнае палажэньне ў іншых акругах ваеннай зоны Беларусі было падобнае да апісаных вышэй акругаў, з некаторымі адменамі ў паасобных дэталях.

XXXV

Нямецкія паражэньні на ўсходнім фронце.— Экспансыя савецкай партызанкі на Беларусь— Стварэньне і дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады.— Мабілізацыя Беларускай Краёвай Абароны і ейнае змаганьне.— Далучэньне Палескай і Берасьцейскай акругаў да Беларусі.— Школы на Беларусі.

У канцы 1942 і на пачатку 1943 гадоў нямецкія арміі былі разгромленыя савецкімі войскамі пад Сталінградам, дзе каля 300 000 нямецкіх жаўнераў разам «з гэнэралам Паўлюсам было ўзята ў палон. Распачалося адступленьне нямецкіх войскаў з Каўказу і з Украіны. 8 верасьня 1943 году расейцы занялі Данбас, а 6 лістапада — Кіеў. Яшчэ летам 1943 году савецкія войскі прарвалі нямецкі фронт каля Курска, а 25 верасьня здабылі Смаленск. 3 верасьня 1943 году арміі заходніх аліянтаў высадзіліся ў Італіі. Вайсковае паражэньне Нямеччыны было вочавідным і 28 лістапада 1943 году ў Тэгэране распачалася канфэрэнцыя Рузвэльта, Чэрчыля і Сталіна адносна канчатковай стадыі вайны і пасьляваенных мерапрыемстваў.

Савецкі партызанскі рух на ўсёй Беларусі вырас да вялічэзных памераў. Вёскі і валасныя цэнтры былі пераважна пад партызанскім кантролям. Акруговыя і паветавыя гарады былі пад нямецка-беларускім кантролям. Чыгуначныя шляхі і гасьцінцы з захаду на ўсход, патрэбныя для вайсковых транспартоў, былі ў стане пастаянньф нападаў савецкіх партызанаў. Узрываньне падкладанымі мінамі, збройныя напады на меншыя канвоі і на абаронныя бункеры, поўнае спыненьне даставак сельскагаспадарчых прадуктаў з валасьцей рабілі вялікія шкоды для нямецкага ўсходняга фронту. Каб запабегчы гэтаму, немцы час ад часу праводзілі збройныя акцыі супроць партызанаў, ахопліваючы значныя абшары краю. У гэтых акцыях прымалі ўдзел значныя аддзелы СС, рэгулярнай арміі з гарматамі і танкамі, літоўскія, расейскія і іншыя нацыянальныя аддзелы. Рухомыя партызанскія аддзелы хутка пакідалі свае стаянкі і ўцякалі ў бясьпечныя аколіцы. Ахвярамі гэтых акцыяў было пераважна нявіннае мяйсцовае насельніцтва. Вёскі, у якіх стаялі партызаны, былі паленыя, насельніцтва іх пераважна забіванае на мейсцы, у рэдкіх выпадках працаздольная частка яго выбіралася і вывозілася на працу ў Нямеччыну. Такія карныя акцыі праводзіліся ў вайсковай і ў цывільнай зонах Беларусь Яны не зьмяншалі партызанскай сілы, а павялічвалі яе. Па адыходзе нямецкіх карнікаў пацыфікаваныя абшары ізноў займалі савецкія партызаны. Яны мардавалі ўцалелых жыхароў як нямецкіх прыхільнікаў. Насельніцтва, уцёкшае ў лясы ад нямецкіх карнікаў, якое хацела захаваць сваё жыцьцё, цяпер было на ласцы савецкіх партызанаў, якія забіралі да сябе маладзейшых людзей.

Ад самага пачатку вайны маскоўскі ўрад у сваёй прапагандовай акцыі заклікаў народ на сьвяшчэнную вайну для абароны бацькаўшчыны ад фашыстоўскіх захопнікаў. Камуністычныя лёзунгі зусім не былі ўжываныя. Былі ўведзеныя залатыя пагоны для афіцэраў арміі, як за царскіх часоў. У сярэдзіне 1943 году маскоўскі ўрад паклікаў Праваслаўную Царкву для падтрымкі духа барацьбы ў народных гушчах, дзе рэлігія была моцнай падпорай у цяжкім жыцьці. Новапастаўлены ў Маскве патрыярх Сяргей выдаў пасланьне да веруючых праваслауных людзей на акупаваных немцамі тэрыторыях. У пасланьні пісалася, што гэтыя людзі не павінны ніколі забывацца, што яны расейцы, і пад ніякім націскам немцаў яны не павінны здрадзіць сваю бацькаўшчыну. Царква выяўляла свой патрыятызм ня толькі малітвамі, але і ўчынкамі. Царква Сьв. Тройцы ў горадзе Горкі сабрала мільён рублёў у фонд абароны. У пасланьні заклікалася, каб праваслаўныя не супрацоўнічалі з немцамі і з нацыяналістычнымі цэрквамі, а дзялілі ўсе цяжкасьці і прыкрасьці расейскага народу.

Гэтае пасланьне было пашыранае савецкімі партызанамі на Беларусі. Партызаны прыходзілі ў цэрквы пад час богаслужэньняў і з шапкамі, на галовах чыталі пасланьне. Адначасна яны абвяшчалі, што ў Расеі ўсё зьмянілася, насталі свабоды і калгасы ліквідаваныя.

Немцы стасавалі розныя захады для барацьбы з савецкімі партызанамі на Беларусь У канцы 1943 году павет Дзятлава Наваградзкай акругі быў поўнасьцю заняты савецкімі партызанамі, за выняткам гораду Дзятлава, на які яны рабілі рабунковыя напады. Сюды рабілі напады таксама і польскія легіяністыя з суседняй Лідзкай акругі, рабуючы дабро і мардуючы беларускіх працаўнікоў адміністрацыі, настаўнікаў, БНС і іншых. Беларускія нацыянальныя партызаны выступілі супроць усіх чужынцоў, уключаючы і немцаў, аднак бяз большага посьпеху. Для пацыфікацыі павету неМцы прыслалі ў Дзятлава брыгаду Камінскага, якая адступала на захад перад савецкім фронтам. Немцы выехалі з Дзятлава і Камінскі неадкладна абсадзіў адміністрацыю гэтага павету сваімі людзьмі. Ён арганізаваў вялікую турму і сьледчы аддзел. Ён арыштоўваў і катаваў папярэдніх адміністратараў і багацейшых жыхароў, дамагаючыся ад іх золата і каштоўнасьцяў. Калі арыштаваны ня меў іх, то яго расстрэльвалі. У горадзе настаў голад і жыхары пачалі ўцякаць у іншыя гарады. Камінскі не змагаўся супроць партызанаў. Яго танкі выяжджалі некалькі разоў на 3 мілі ад гораду і варочаліся назад, каб забясьпечыць яго безадказную ўладу ў горадзе. Толькі перад надыходам савецкіх арміяў брыгада Камінскага адступіла на захад у Польшчу.