Выбрать главу

15 студзеня 1944 году прэзыдэнт БЦР паклікаў у Раду БЦР 14 асобаў, а 24 студзеня быў абраны прэзыдыюм Рады БЦР у складзе: Р. Астроўскі — прэзыдэнт, М. Шкялёнак — першы віцэ-прэзыдэнт, Ю. Сабалеўскі — другі віцэ-прэзыдэнт і сябры: Ф. Кушэль, У. Родзька, С. Кандыбовіч. Для бягучай працы пры БЦР былі створаныя аддзел асьветы, навукі і культуры — P. Астроўскі, прэзыдэнт БЦР; пададдзел навукі — Я. Кшель; пададдзел культуры і мастацтва — А. Калубовіч; пададдзел школаў — I. Скурат; аддзел прапаганды і прэсы — М. Шкялёнак; аддзел сацыяльнага забясьпячэньня — Ю. Сабалеўскі; аддзел фінансаў — М. Астроўскі; аддзел кантролю — вакансія; аддзел моладзі — У. Родзька; аддзел веравызнаньняў — М. Будзіловіч; аддзел агульна-адміністрацыйны — С. Кандыбовіч; аддзел гаспадарчы — Г. Барташэвіч; аддзел праектаў — П. Сьвірыд; аддзел Краёвай Абароны — Ф. Кушэль; бюро нацыянальнасцяў — вакансія.

Існуючыя беларускія арганізацыі былі падпарадкаваныя адпаведным аддзелам БЦР: Саюз Беларускай Моладзі — аддзелу моладзі; Культурнае Згуртаваньне — аддзелу культуры; Беларускае Навуковае Таварыства — аддзелу навукі; Самапомач, прафсаюзы і каса хворых — сацыяльнаму аддзелу.

Наступна загадам прэзыдэнта БЦР былі прызначаныя намесьнікі БЦР на акругі: Баранавічы — С. Станкевіч, Слонім — А. А. Аўдзей, Наваградак — К. Якуцэвіч і наступна Б. Рагуля, Глыбокае — I. Касяк, Вялейка — Я. Малецкі, Менск-акруга — П Жук, Слуцк — I. Гінько і наступна I. Хіхлуша. На акругі Ліда і Ганцавічы намесьнікі БЦР не прызначаліся. Мабілізацыя ў БКА там не прадбачалася дзеля польскага засільля ў адміністрацыі.

Адначасна на акругі былі прызначаныя акруговыя начальнікі Беларускай Краёвай Абароны (БКА) паводле прадстаўленьня начальніка Галоўнага кіраўніцтва БКА Ф. Кушэля: на Менск-акругу — капітан М. Пугачоў, на Слуцк — капітан С. Шнэк, на Баранавічы — лейтэнант У. Русак, на Слонім — старшы лейтэнант Я. Дакіневіч, на Наваградак — старшы лейтэнант Б. Рагуля, на Вялейку — лейтэнант Я. Бабіч, на Глыбокае — лейтэнант Р. Зыбайла.

Намесьнікі БЦР і акруговыя начальнікі БКА неадкладна паехалі ў прызначаныя ім акругі і распачалі працу па мабілізацыі ў БКА. Будынкі для казармаў у сакрэце пасьпешна рыхтавалі паветавыя старшыні па загадзе гэнэральнага камісара з Менска для акруговых камісараў і кіраўнікоў нямецкай паліцыі. Правядзеньне мабілізацыі на Беларусі праз нацыянальнае прадстаўніцтва (БЦР) было вельмі важным дзяржаўным актам. Першы раз у гісторыі Беларусі беларускі народ паклікаўся ў беларускае войска беларускімі ўладамі. Для абсьледваньня грамадзкай думкі і атрыманьня арыентацыйных дадзеных у справе мабілізацыі прэзыдэнт Астроўскі з начальнікам БКА Кушэлям і прадстаўніком штабу Готтбэрга капітанам Кум мэрам аб'ехалі Слуцкую, Баранавіцкую і Слонімскую акругі. На просьбу прэзыдэнта Астроўскага акруговыя камісары склікалі нарады старшынь паветаў, а на другі дзень — агульныя сходы насельніцтва. Усюды была агульная падтрымка справы мабілізацыі ў беларускае войска. Засьцярогі былі толькі ад некаторых старшыняў паветаў, дзе партызанскія злучэньні прабывалі пастаянна даўжэйшы час.

Ад самага пачатку рэалізацыі справы БКА паміж БЦР і Гэнэральным камісарыятам распачаліся разнагалосьсі. Немцы ўважалі, што БЦР мае толькі правесыіі мабілізацыю, а кіраваць змабілізаванымі людзьмі будуць яны самі. БЦР не пагаджалася з такім станам., а уважала, што пры арганізацыі і кіраўніцтве БКА павінна браць удзел і БЦР пры дапамозе свайго штабу. Па даўгіх дыскусыях паміж прэзыдэнтам Астроўскім і кіраўніком палітычнага аддзелу гэнэральнага камісара д-рам Маркусам было прынята канчатковае вырашэньне. Пры БЦР мае быць створаны аддзел БКА, які падрыхтуе і правядзе мабілізацыю ў БКА. У далейшым гэты аддзел будзе супрацоўнічаць са штабам Готтбэрга ў справах БКА датычна прапаганды, вайсковай падрыхтоўкі ды гаспадарчай і санітарнай частак. Уся апэрацыйная старана БКА мае належаць толькі да нямецкага штабу Готтбэрга, які прыняў на сябе абавязак належнага ўзбраеньня БКА. Прэзыдэнт Астроўскі прыняў на сябе абавязак абмундзіраваньня, якое мела быць цывільным, з нашыўкамі на каўняры паводля ўзору, апрацаванага БЦР. Харчаваньне БКА мелі забясьпечыць старшыні паветаў у паразуменьні з акруговымі камісарамі. Па гэтым узгадненьні ў палове лютага 1944 году начальнік галоўнага кіраўніцтва БКА Ф. Кушэль распачаў арганізацыю штабу. Ён паклікаў на свайго заступніка падпаручыка польскай арміі Віталія Мікулу, на кіраўніка канцылярыі — Аляксея Васіленю, на рэфэрэнта пэрсанальнага аддзелу — Сымона Раманчука, на начальніка санітарнай часткі — д-ра Прагожа, а пазьней д-ра Глеба Багдановіча, на кіраўніка прапагандовага аддзелу — Усевалада Родзьку, а пазьней — Уладзімера Гуцько, на гаспадарчыя функцыі — Барыса Плескачэўскага, Івана Скуратовіча і Касьпяровіча.