Выбрать главу

Галоўнае кіраўніцтва БКА, пры ўдзеле прэзыдыюму БЦР, неадкладна занялося распрацоўкай арганізацыі БКА і пляну мабілізацыі. 23 лютага 1944 году ў габінэцэ прэзыдэнта БЦР была скліканая зачыненая нарада для азнаямленьня з загадам Готтбэрга аб стварэнні Беларускай Краёвай Абароны. На гэтай нарадзе былі прысутныя: прэзыдэнт БЦР Астроўскі, першы віцэ-прэзыдэнт Шкялёнак, галоўны кіраўнік БКА Кушэль і яго заступнік Мікула, намесьнікі БЦР і акруговыя начальнікі БКА. Ад немцаў былі прысутнымі: начальнік штабу Готтбэрга падпалкоўнік Клейн з ад'ютантам, камандзір чужа-нацыянальнай паліцыі на Беларусі падпалкоўнік Каўфман з ад'ютантам, кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску Сэпп і нямецкія акруговыя каманданты паліцыі.

Ад'ютант падпалк. Клейна адчытаў сакрэтны загад Готтбэрга аб утварэньні БКА, у якім быў пададзены наступны плян.

Паклікаючыся на прапанову прэзыдэнта БЦР ад 18 лютага 1944 году, Готтбэрг загадаў утварэньне БКА для барацьбы супроць бальшавізму. Утварэньне БКА мае адбыцца на ўсім Гэнэральным абшары Беларусі, за выняткам акругаў Ганцавічы і Ліда. У існуючых ці заплянаваных абаронных вёсках мабілізацыя не праводзіцца. Мабілізацыя не праводзіцца ў раёнах: Менская акруга — Узда і Івянец; Вялейская — Валожына і Мядзела; Глыбоцкая — Браслаў; Слонімская — часткі Казлоўшчыны і Дзярэчына; Наваградзкая — частка раёну Дзятлава.

БЦР праз сваіх намесьнікаў спачатку мабілізуе былых афіцэраў векам да 57 гадоў і былых падафіцэраў векам да 55 гадоў. Аб звальненьні ад мабілізацыі вырашае акруговы камісар у паразуменьні з акруговым камандантам паліцыі.

Для мабілізацыі афіцэраў і падафіцэраў у акругах утвараюцца прыймовыя камісіі ў складзе: намесьніка БЦР як старшыні, акруговага афіцэра, аднаго старшыні павету, або акруговага гораду, двух лекароў.

Намесьнікі праз акруговых камандантаў паліцыі паведамляюць кіраўніка СС і паліцыі і БЦР аб колькасьці змабілізаваных; БЦР прызначае патрэбныя колькасьці з іх па паветах для вышкалу радавых, як і для высылкі ў Менск на перападрыхтоўку. Намесьнікі прызначаюць паветавых афіцэраў і сяброў мабілізацыйных камісіяў у паветах.

Падрыхтоўку для мабілізацыі радавых праводзяць намесьнікі БЦР праз паветавых старшыняў. Мабілізацыі падлягаюць гадавікі ад 1908 да 1917 году і ад 1921 да 1924 году. Прыймовыя камісіі творацца ў паветах у складзе: паветавы старшыня як старшыня камісіі, паветавы афіцэр; афіцэр, сябра камісіі; два лекары.

У кожным павеце, паводля інструкцыяў БЦР, паклікаецца каля 500 чалавек, вышкаленьне якіх распачынаецца неадкладна ў паветавых цэнтрах пад кіраўніцтвам паветавых і акруговых афіцэраў і пад наглядам акруговага каманданта паліцыі.

Перашкаленьне афіцэраў і падафіцэраў у Менску мае трываць тры тыдні, а лік аднаго курсу не павінен перавышаць 50 афіцэраў і 200 падафіцэраў. Вайсковую навуку праводзіць нямецкая СС паліцыя, а палітычную — БЦР у паразуменьні з прызначаным нямецкім паліцэйскім ураднікам. Курсы адбываюцца адзін за другім, да канца перашкаленьня ўсіх афіцэраў і падафіцэраў.

Курсанты атрымліваюць вайсковае харчаваньне. Харчаваньне аддзелаў БКА забяспячаюць старшыні паветаў у паразуменьні з акруговымі камісарамі.Афіцэры і радавыя застаюцца ў цывільнай вопратцы, на каўняры якой даюцца адзнакі паводля ўзору БЦР.

Курсанты атрымліваюць зброю ад вышэйшага камандаваньня СС, а радавыя — ад акруговых камандантаў паліцыі.

Пасьля кароткай дыскусыі над загадам Готтбэрга была ўстаноўленая дата мабілізацыі ў БКА — 10 сакавіка 1944 году.

Галоўнае кіраўніцтва БКА хутка распачало падрыхтоўку мабілізацыі і арганізацыю афіцэрскіх і падафіцэрскіх курсаў ў Менску. Камандзірам курсаў з нямецкага боку быў вызначаны штабам Готтбэрга капітан Шнайдэр, а з беларускага боку — лейтэнант Чабатарэвіч.

6 сакавіка 1944 году прэзыдэнт Астроўскі падпісаў загад аб мабілізацыі ў Беларускую Краёвую Абарону, у якім абвяшчалася: