Выбрать главу

Па акругах арганізаваныя намесьніцтвы БЦР, якім падпарадкаваныя аддзелы культуры і навукі, школы, сацыяльна-грамадзянская апека і Беларуская Народная Самапомач. У бліжэйшым часе да БЦР будзе перададзеная палата здароўя і Саюз Беларускай Моладзі. Кожны з аддзелаў БЦР прарабіў паважную працу ў сваёй галіне, аб чым прэзыдэнт падаў інфармацыі.

Наступна прэзыдэнт злажыў паўнамоцтвы свае і БЦР у рукі кангрэсу, які павінен вырашыць аб далейшым лёсе Беларусь

У дыскусыі над справаздачай прэзыдэнта прамаўлялі Эмануіл Ясюк, старшыня Стаўпецкага павету і Мікалай Дзямідаў, прадстаўнік беларусаў з Ліды. Ясюк падкрэсьліў вагу арганізацыі БКА як беларускай нацыянальнай збройнай сілы, пажадаў БЦР далейшых посьпехаў у працы. Дзямідаў зьвярнуў увагу на асягненьні БЦР у галіне беларускіх школаў і заклікаў да падтрымкі БЦР.

Прэзыдэнт кангрэсу Кіпель адзначыў асягненьні БЦР у розных галінах і прапанаваў уважаць БЦР за беларускі нацыянальны ўрад. Далей ён падаў да ведама паступіўшую ў прэзыдыюм наступную прапанову: «Другі Усебеларускі Кангрэс сьцьвярджае, што з гэтага моманту БЦР з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале зьяўляецца адзіным правамочным прадстаўніцтвам беларускага народу». Прапанова была прынятая кангрэсам аднагалосна.

Наступна былі выбраныя мандатныя і рэзалюцыйная камісіі, якія неадкладна прыступілі да сваёй працы, а пленум кангрэсу ў тым часе заслухаў пісьмовыя і вусныя прывітаньні. Па адчытаньні прывітальнага ліста ад гэнэральнага камісара Беларусі фон Готтбэрга кангрэс прыняў тэкст ліста ў адказ на прывітаньне. З прывітаньнем ад БКА выступіў капітан В. Чабатарэвіч, пісьмовыя прывітаньні паступілі ад Кэнігсбэргскага аддзелу БНС і ад жаўнераў Службы парадку з усходняга фронту. Кангрэс таксама віталі ад Саюзу Беларускай Моладзі Міхаіл Ганько ў асысьце д-ра Надзеі Абрамавай і групы юнакоў і юначак; ад сялян, работнікаў і інтэлігэнцыі настаўніца Апалёнія Савёнак; ад беларускага праваслаўнага духавенства архіяпіскап Філафей; ад баптыстых прэсьвіцер Дзекуць-Малей; ад рыма-каталіцкага духавенства кс. Пётра Татарыновіч.

Справаздачу мандатнай камісіі адчытаў праф. Іван Жарскі. У кангрэсе прымалі ўдзел 1039 дэлегатаў ад усёй Беларусі і замежных беларускіх арганізацыяў. Прысутнічалі дэлегаты ад акругаў Гэнэральнага камісарыяту Беларусі і ад вайсковай зоны, уключаючы Смаленскую, Бранскую, Чарнігаўскую, Арлоўскую, Берасьцейскую, Пінскую, Гомельскую і іншыя. Беларускія тэрыторыі, далучаныя да іншых краёў, як Вялейшчына, Беласточчына і Дзьвіншчына, таксама прыслалі дэлегатаў на кангрэс. Прыехалі прадстаўнікі ад беларускіх арганізацыяў з Рыгі, Варшавы, Лодзі, Кракава, Кэнігсбэргу, Бэрліна і Вены. Паводля прафэсыі было: настаўнікаў 276, сялянаў 245, работнікаў 142, службоўцаў 234, інжынераў 31, юрыстых 25, журналістых 14, аграномаў 13 і розных іншых 34. Паводля веравызнаньня было: праваслаўных 903, рыма-каталікоў 125, эвангэлікаў 5, старавераў 5 і магамэтанаў 1.

Наступна выступіў першы віцэ-прэзыдэнт БЦР М. Шкялёнак з дакладам на тэму «Аб прызнаньні за няважныя пастановы ўраду СССР і былой Польшчы, якія датычацца Беларусі, яе тэрыторыі і народу». Ён адзначыў, што ўсе пастановы і трактаты ўрадаў СССР і былой Польскай дзяржавы адносна Беларусі і ейнага народу рабіліся бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу і былі накіданыя Беларусі гвалтам чужынцоў. Беларускі народ ніколі не ўважаў іх за акты права, але за акты чужацкага паняволеньня. У сучаснасьці вайна зьмяла з Беларусі ранейшыя польскія і бальшавіцкія дзяржаўныя парадкі і дала магчымасьць стварэньня новага ладу, пры якім беларускі народ хоча быць суб'ектам права. Аднак як урад СССР, так і польскі эміграцыйны ўрад у Лёндане імкнуцца зьвярнуць сваё ранейшае панаваньне на Беларусі, паклікаючыся на свае ранейшыя дагаворы. Таму Другі Усебеларускі Кангрэс павінен на ўвесь сьвет заявіць аб запраўдных жаданьнях і волі беларускага народу.