Выбрать главу

Наступна ад рэзалюцыйнай камісіі выступіў К. Езавітаў, які прачытаў праект рэзалюцыі: «Другі Усебеларускі Кангрэс, сабраўшыся ў Менску праз чвэрць стагодзьдзя пасьля Першага Усебеларускага Кангрэсу і выслухаўшы даклады аб падзеях на Беларусі ў часе паміж абодвума кангрэсамі, аднагалосна пастанавіў:

1. Вызнаць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,якая, маючы паўнамоцтвы Першага Усебеларускага Кангрэсу 1917 году, на сваім сходзе 25 сакавіка 1918 году ўрачыстай 3-й Устаўнай граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкаю Масквою і расейскай дзяржавай у ўсіх яе формах.

2. Пацьвердзіць, што беларускі народ ніколі ня прызнаваў, ня прызнае цяпер і ніколі ня прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР.

3. Паведаміць усе ўрады і народы сьвету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а усе твораныя Масквою нібыта беларускія ўрады ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў, бо не вызнаюцца беларускім народам.

Таму ўсе ўмовы ці аднабаковыя пастановы ўрадаў СССР, былой Польшчы і сучаснага гэтак званага эміграцыйнага ўраду Польшчы, якія датычаць тэрыторыі Беларусі і беларускага народу і якія былі зроблены раней або будуць зробленыя ў будучыні, Другі Усебеларускі Кангрэс абвяшчае ня маючымі ніякай праўнай сілы; як ня будуць мець сілы і ўсялякія іншыя магчымыя спробы падзелу Беларусі з боку іншых дзяржаў і народаў.

4. Адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу і ягонага краю зьяўляецца сягоньня Беларуская Цэнтральная Рада з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале».

Рэзалюцыя была прынятая аднагалосна.

У сваёй заключнай прамове прэзыдэнт Астроўскі сказаў, што Другі Усебеларускі Кангрэс закончыў працу Першага Усебеларускага Кангрэсу, якому бальшавіцкая Масква не дала магчымасьці яе закончыць. Такім чынам, беларускі народ бязупынна імкнецца да волі і змагаецца за сваю свабоду.

Прэзыдэнт кангрэсу Кіпель у сваёй заключнай прамове заявіў, што Другі Кангрэс умацаваў прынцыпы Першага Кангрэсу. Як нацыянальна-беларускі Другі Кангрэс пастанавіў, што беларускі народ ня хоча ні маскоўскага, ні польскага панаваньня на Беларусь Са зброяй у руках ён будзе змагацца супроць сваіх векавечных ворагаў за волю Беларусі.

На гэтым кангрэс быў зачынены.

XXXVII

Эвакуацыя з Беларусі. — Дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады ў Нямеччыне. — Беларускія жаўнеры ў 30-й дывізіі Зіглінга. — Арганізацыя 1-га кадравага батальёну БКА ў Бэрліне. — Прыняцьце новага Статуту БЦР. — Батальён парашутыстых у Дальвіцы. — Арганізацыя штурмовай брыгады «Беларусь». — Вайсковыя зьнішчэньні на Беларусі і савецкі тэрор.

Нямецкія ўлады трымалі ў тайніцы ад беларусаў фактычныя падзеі на ўсходнім фронце. Ані прэзыдэнт БЦР, ані камандуючы БКА, ані прэса ці радыё не атрымлівалі ніякіх паведамленьняў аб неспадзяваных і хуткіх зьменах на ўсходнім фронце. А ўжо 23 чэрвеня 1944 году савецкія арміі распачалі вялікае наступленьне на Беларускім фронце. 28 чэрвеня яны акружылі нямецкія войскі каля Віцебску і каля Бабруйску ды хутка ішлі на захад па ўсёй лініі фронту, набліжаючыся да Менска.

Ужо 27 чэрвеня нямецкія ўлады атрымалі загад аб эвакуацыі Менска. Пад вечар 27 чэрвеня начальнік нямецкага штабу, палкоўнік Родэ, запрасіў да сябе ў штаб начальніка БКА Кушэля і сказаў, што па аўтастрадзе з Барысава на Менск ідуць масы дэзэртыраў нямецкай арміі. Палявая жандармэрыя ня можа даць рады з імі. Патрэбны батальён БКА, які пад камандай начальніка палявой жандармэрыі абойме службу на гэтай аўтастрадзе і дапаможа затрымаць масы дэзэртыраў. Начальнік БКА меў два батальёны блізка ад аўтастрады: у Рудзенску і ў Менску. Аднак гэтыя батальёны не былі абмундзіраваныя і таму іх нельга было ўжыць у дадзенай сытуацыі.

28 чэрвеня Гэнэральны камісарыят паведаміў прэзыдэнта БЦР аб эвакуацыі Менска, прызначаючы для БЦР горад Кэнігсбэрг. Начальнік БКА Кушэль зьвярнуўся да начальніка нямецкага штабу па справе эвакуацыі БКА, аднак той сказаў, што гэнэрал Готтбэрг ужо даў загад, каб БКА адступала на захад разам з нямецкай паліцыяй і пад камандай акруговых камандантаў паліцыі; як далёка яны будуць адступаць, зараз нельга прадбачыць.

Прэзыдэнт БЦР вырашыў, што Галоўнае кіраўніцтва БКА мае ехаць з БЦР у Кэнігсбэрг, куды яны і прыбылі 5 ліпеня.

Афіцэрская школа БКА, у ліку каля 280 кадэтаў, 29 чэрвеня была накіраваная з Менску пешым маршам на Вільню. Капітан Шнайдэр і капітан Мікула кіравалі школай у паходзе. З Вільні кадэтаў цягніком накіравалі ў Кэнігсбэрг, а пазьней — у брыгаду Зіглінга, якая рэарганізавалася каля Ломжы ў Польшчы.