Выбрать главу

Яна даводзіла, што ў адносінах паміж людзьмі найбольшая праблема - няшчырасць з сабой, што спараджае хлусню, выкруткі, ашуканства.

Яе папярэдні муж, якому пасля трох гадоў шлюбу і апошняй бурнай начы ў ложку яна паказала на дзверы, не здолеў унаравіць яе фантазіям і жаданням. Найбольш дакучала ягоная рэўнасць да ўяўных, а зрэшты, і рэальных раманаў. Але пры гэтым ён перастаў цікавіцца ёю і адстаўляў яе ўбок як рэч, якая сталася ягонай уласнасцю і не вымагала адмысловай штодзённай увагі.

Расказала, як аднаго разу ўвечары пасля году шлюбу ён прынізіў яе, з паблажлівай літасцю заглядваючы ў яе пажадлівыя вочы, пасля чаго груба раздзеў яе і холадна, іранічна пазіраючы ў твар, растрахаў яе без ніякае асалоды. Выліў з сябе сперму і адкінуўся ў крэсла з той самай пакеплівай ухмылкай. Нешта ў ёй прарвалася, зламалася. Адчула, што гэта якраз той момант, калі ведаеш, дзе канчаецца цярплівасць і пачынаецца адчужэнне альбо нават нянавісць. Можа, гэта была і трапная нагода, каб драматычна пакласці крэс жыццю ў клетцы, якое называецца шлюбам. Яна спакойна надзела сваю самую лепшую сукенку, зрабіла кідкі макіяж, уступіла ў туфлі на высокіх абцасах і, заняўшыся добрай парфумай, змеціла ў люстры прыходжай яго ўражаны твар. Гэта была першая частка яе сатысфакцыі. Другая настала, калі вярнулася пад раніцу і ўбачыла, як ён шалее ад злосці. Спачатку стрымліваўся, а тады выліў з сябе цэлы цэбар брудных і ліпкіх слоў. Яна не сказала яму, што правяла ноч, задаўшы гвалту сваёй натуры, з першым лепшым добра ўбраным госцем, якога падчапіла ў італьянскім бары на Нямізе. Пазней яны пайшлі ў гатэль і пілі да поўначы, забаўляючыся непрыстойнымі размовамі. Спачатку госць думаў, што мае справу з прастытуткай. А калі зарыентаваўся, што тут не заходзілася пра заробак, узяў яе ў саўну і, салідна ўпіўшыся, не ўпораўся засмычыць яе. Яна пакінула яго спаць на кушэтцы ў нейкі салоніку, знятым за некалькі сотняў даляраў, і вярнулася дамоў першым ранішнім аўтобусам, атрасаючы з сябе гідлівыя позіркі менскага пралетарыяту, які паслухмяна вырупіўся на першую змену.

Яна адчула сябе чыстай курвай-адорвай, і рыхтык гэта пацвердзіў муж, шкумутаючы і раскідаючы яе вопратку. Дзякуючы створанай сабою ж сітуацыі, яна са спакойным сэрцам пачала вызваляцца ад абрыдлівага ўсведамлення: прадмет - уласнік.

Сужэнства гэта пакута як кожная іншая дзе ад слодычы і цяпла вібруе ў зубах метафізічны страх Прыгледзьмася да сябе на ростані дарог здзіўленыя кпінамі лёсу у здзеклівасці дакрананняў і рук адвярнуўшыся сыходзім упрочкі Сужэнства гэта пакута у трыбуху Левіяфана шукаем суцяшэння хоць трохі нязмушанай радасці разнапружання не трэба затурзвацца думкай што труціць нас жахлівы магут Сужэнства гэта пакута ў біблійнай арцы калышамся на бязмежных акіянах безнадзейна чакаем ацалення спазматычны лямант розуму адрываецца заносіць высока Наіўна мы думаем што гэта птушка ляціць

V

Спрабую разабрацца ў подлым пачуцці, што агарнула мяне, калі я зноў убачыла яе ў піццэрыі з тым самым італьянцам. Спачатку, як пацыент пасля горкага дыягназу, я не хацела пагадзіцца з фактам, што гэтае пачуццё трэба назывваць раўнівай зайздрасцю. Нейкая млосць недзе ў грудной клетцы, напятасць, як фізіялагічныя праявы пры месячных, раптоўны наплыў асамотненасці і барацьба з мітуснёю думак. Спроба ўпарадкаваць пачуцці і ўлавіць у гэтым сумбуры хоць бы якую там рацыянальную прычыну раздражнення. Яна глядзіць на мяне ўсмешліва і здзіўлена. Як бы разумеючы мой унутраны стан. Падыходзіць. Вітаецца, цалуе ў шчочку. Просіць, каб я ўвечары патэлефанавала, і хуценька ўцякае да свайго залётніка. Мяне захліствае хваля незычлівасці да яе і нават пагарды. Гэта як бы другое аблічча зайздрасці, таго пачуцця, з якім я павінна даць сабе рады і сама ж на яго ўправу знайсці.

Такое са мною ўжо колькі бо разоў бывала. Памятаю свайго першанькага ў Кракаве, з якім мы ўзаемна адкрывалі сабе рэакцыю нашых целаў на электрызуючыя дотыкі і цалункі. Не ведаю, ці было тое першым каханнем, але калі аднаго разу я ўбачыла яго з іншай дзяўчынай, адчула востры боль. Як бы нешта ў мяне адабралі ці ўкралі.

Я шмат разоў аналізавала гэты стан, які называюць хто зайздрасцю, хто рэўнасцю, і кожнага разу трапляла ў тую самую скрынку, у якой схавана старадаўняя таямніца чалавецтва, то бок, суадносіны ўласнасці. Аж тры пункты дэкалогу прысвечаны гэтаму непасрэдна, астатняя рэшта ў пэўным сэнсе таксама. Ці ж бо гэта не таямніца? У маіх пазнейшых закаханасцях ці мала калі здараліся сітуацыі, што адносіны з каханым пераходзілі ў стан прыўлашчання. Зрэшты, апошнім часам з Маркам, хлопцам, з якім ужо больш года я цацкаюся тут у Менску, перажыла нешта падобнае. Аднаго разу ён уброіў мне авантуру, што, бач, цягаюся начамі па дыскатэках. Гэта была яго апошняя напамінка ў такім стылі. І хоць у мяне была вялікая хэнць на яго ў той вечар, я бразнула дзвярмі і сышла ад яго на добры тыдзень. Потым была сур'ёзная размова за вялікім півам. Ён зразумеў тое, што я ў сваім жыцці ўзяла сабе за галоўны прынцып, - не будзе, хто б ты ні будзь, абмяжоўваць маю свабоду. Я не ўласнасць дзяржавы, я нічыя не ўласнасць. І канец.