Выбрать главу

...Пакуль настаўнікі размаўлялі з Людвікай Антонаўнай і разглядалі яе хатку-музей, мы з Лявонам Антонавічам абмяняліся адрасамі, пагутарылі пра жыццё ў Беларусі, пра навінкі беларускай кнігарні.

Вяртаючыся ў Слонім, я вырашыў праз пэўны час зноў завітаць да Зоські Верас. Але такой мажлівасці ўжо не было: у 1990 годзе (ці не знарок?) нехта спаліў лясную хатку, а праз год не стала і яе гаспадыні.

Віленскія сустрэчы з Лявонам Луцкевічам і Зоськай Верас яшчэ больш натхнілі мяне на пошукі звестак пра забытых гісторыяй беларусаў. У канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў я пачаў адшукваць па драбніцы звесткі пра Міхася Забэйду-Суміцкага, Наталлю Арсенневу, Хведара Ільяшэвіча, Гальяша Леўчыка, Сяргея Хмару, Францішка Аляхновіча і іншых прадстаўнікоў творчай беларускай інтэлігенцыі. Шукаў сляды Франука Грышкевіча, Уладыслава Казлоўшчыка і Станіслава Грынкевіча для будучай кнігі "Вяртанне да сваіх". Пра ўсіх іх я пытаўся ў Лявона Луцкевіча, ён дапамагаў мне, раіў да каго звярнуцца, дзе можна прачытаць пра забытых беларусаў і г.д. Я яму ў Вільню прысылаў беларускія кніжкі, а ён мне – віленскія выданні. На жаль, як мы ведаем, час не стаіць на месцы. І вельмі часта гэты час адлічвае сумныя хвіліны: хутка не стала і Лявона Луцкевіча. Але тая сустрэча 20-гадовай даўніны засталася ў памяці назаўсёды.

2007

Летуценны хлопец з Бельска

Калі Янка Купала ўбачыў макеты трох прапанаваных архітэктарам Іосіфам Лангбардам будучых будынкаў у Мінску – Дома ўрада, тэатра оперы і балета, а таксама дома Чырвонай Арміі (цяпер Дом афіцэраў), ён аж ускрыкнуў: “А летуценны хлопец, гэты Лангбард!..”.

Архітэктар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Акадэміі мастацтваў СССР, адзін са стваральнікаў Саюза архітэктараў СССР Іосіф Лангбард (1882-1951) сапраўды быў летуценнікам і вельмі таленавітым чалавекам. Ён быў аднагодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны часта сустракаліся, вялі гутарку пра Мінск, пра нашу культуру і архітэктуру.

Іосіф Лангбард нарадзіўся ў Бельску Падляскім 6 студзеня 1882 года. Іх дом знаходзіўся недалёка ад рэчкі Белай, дзе хлопчык любіў са сваімі равеснікамі купацца і лавіць рыбу. Бацька вельмі хацеў, каб сын атрымаў адукацыю і пачаў займацца камерцыяй. Але Іосіф з маленства любіў маляваць. І маляваў усё, што бачыў. Маляваў усім, што трапляла пад руку, і на чым толькі можна было маляваць. Ён быў здольны не толькі да малявання, але і да вучобы. Пасля заканчэння мясцовай гімназіі, 19-гадовы юнак пакідае родны горад і едзе вучыцца ў Адэскае мастацкае вучылішча. У 1907 годзе ён вытрымлівае конкурсныя экзамены і паступае на архітэктурнае аддзяленне Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, пасля якой яму прысвойваецца званне архітэктара-мастака.

Самымі творчымі і плённымі для Іосіфа Лангбарда былі 30-я гада ХХ стагоддзя. Па даручэнню Саўнаркама БССР ён кіруе праектаваннем і будаўніцтвам першай Усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы ў Мінску. Тэрыторыя была даволі вялікая – ажно 75 гектараў. У кароткі тэрмін на ўскраіне сталіцы было ўзведзена больш за 40 павільёнаў. Амаль усе яны былі выкананыя з дрэва і, вядома, да сённяшніх дзён не зберагліся. Выстава тады праходзіла з 10 жніўня да 1 лістапада 1930 года.

Поспех нашага земляка не застаўся незаўважаным. Ён прымае самы актыўны ўдзел у распрацоўцы праекту забудовы цэнтра Мінска. У 1930-1934 гадах па праекту Іосіфа Лангбарда ў Мінску ўзводзіцца будынак Дома ўраду Беларусі. Гэта буйнейшае грамадскае збудаванне ў рэспубліцы, аб’ём якога 240 тысяч кубічных метраў. У ім у даваенны час знаходзіліся амаль усе дзяржаўныя органы, якія былі ў той час у Мінску. Дом урада і сёння лічыцца адным з лепшых прыкладаў савецкай архітэктурнай школы.

У 1930-я гады па праектах Іосіфа Лангбарда ў Мінску зводзіцца яшчэ некалькі будынкаў. Арганічна ўваходзіць у забудову цэнтра беларускай сталіцы Дом афіцэраў (1934-1939), будынак Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета (1934-1938). У 1935 годзе нашаму земляку даручаюць праектаванне Акадэміі Навук Беларусі. Будаўніцтва комплексу пачалося па праекту архітэктара Георгія Лаўрова, аднак гэты праект хутка быў адхілены. Іосіф Лангбард захоўвае першапачатковую планіроўку карпусоў і распрацоўвае толькі галоўны фасад. У 1939 годзе будаўніцтва Акадэміі Навук было завершана і беларускіх вучоных павіншавалі з наваселлем.

У гэты ж час Іосіф Лангбард прымае ўдзел у стварэнні грамадска-палітычнага цэнтра ў Магілёве: па яго праекту ў абласным горадзе будуецца Дом Саветаў. Адначасова ў Ленінградзе ён праектуе і па яго праекту будуюцца жылыя дамы і стадыён, будынак абкама кампартыі Украіны ў Кіеве, устанаўліваюцца помнікі Васілю Чапаеву ў Куйбышаве, Тарасу Шаўчэнку ў Харкаве, Зоі Касмадзям’янскай у Тамбове.