Выбрать главу

9. Васіль Герман. Нарадзіўся ў вёсцы Старасельцы Беластоцкага ваявоцтва ў 1911 годзе. Працаваў гандляром піва піўнага склада МСПО. Жыў у г. Сярпухаў Маскоўскай вобласці на вуліцы Парыжскай Камуны. Арыштаваны 9 верасня 1937 года, расстраляны 2 студзеня 1938 года. Рэабілітаваны 24 лютага 1958 года.

10. Павел Герман – родны брат Васіля Германа. Нарадзіўся ў вёсцы Старасельцы Беластоцкага ваявоцтва ў 1910 годзе. Працаваў майстрам Інструментальнага завода імя Сольца. Жыў у г. Сярпухаў Маскоўскай вобласці на вуліцы Парыжскай Камуны. Арыштаваны 9 верасня 1937 года, расстраляны 2 студзеня 1938 года. Рэабілітаваны 27 лютага 1958 года.

11. Вольга Горніна. Нарадзілася ў Беластоку ў 1906 годзе. Мела вышэйшую адукацыю, працавала малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута дзяржавы і права. Жыла ў Маскве на вуліцы Горкага. Арыштавана 3 верасня 1937 года, расстраляна 21 кастрычніка 1937 года. Рэабілітавана 19 мая 1956 года.

12. Іван Дубатаў. Нарадзіўся ў вёсцы Тапільцы на Беласточчыне ў 1888 годзе. Працаваў дзяжурным у пажарнай ахове. Жыў у вёсцы Орлава Кунцавіцкага раёна Маскоўскай вобласці.Арыштаваны 23 верасня 1937 года, расстраляны 21 кастрычніка 1937 года. Рэабілітаваны 19 сакавіка 1956 года.

13. Аляксей Кайданоўскі. Нарадзіўся ў Аўгустове ў 1903 годзе. Часова нідзе не працаваў. Жыў у Маскоўскай вобласці ў пасёлку Падольскага Цэмзавода, д. 34, кв. 5. Арыштаваны 31 жніўня 1937 года, расстраляны 25 снежня 1937 года. Рэабілітаваны 26 сакавіка 1959 года.

14. Антон Лаўрэнюк. Нарадзіўся ў вёсцы Копкено Бельскага павета ў 1899 годзе. Меў сярэднюю адукацыю. Працаваў намеснікам загадчыка харчовага склада Маскоўскага малочнага завода № 1. Жыў у Маскве на вуліцы Нова-Басманнай. Арыштаваны 15 сакавіка 1938 года, расстраляны 7 чэрвеня 1938 года. Рэабілітаваны 26 верасня 1956 года.

15. Васіль Лазараў. Нарадзіўся ў пасёлку пры станцыі Старасельцава Беластоцкага павета ў 1900 годзе. Працаваў бухгалтарам-рэвізорам ЦК саюза “Севморпуть”. Жыў у Маскве на Спірыдонаўскай вуліцы. Арыштаваны 7 лютага 1938 года, расстраляны 28 мая 1938 года. Рэабілітаваны 19 верасня 1957 года.

16. Ульян Сідаровіч (Сідаровіч-Тэадаровіч). Нарадзіўся ў вёсцы Горы Сакольскага павета ў 1887 годзе ў сялянскай сям’і. Працаваў пажарным вартаўніком Шалікоўскага Дзяржхімзавода. Жыў у пасёлку Шалікова Мажайскага раёна Маскоўскай вобласці. Арыштаваны 25 сакавіка 1938 года, расстраляны 16 жніўня 1938 года. Рэабілітаваны 2 кастрычніка 1989 года.

Калі каму нешта вядома пра гэтых людзей, просьба адгукнуцца ці напісаць у тыднёвік “Ніва” (Беласток), а таксама дапоўніць звесткі пра гэтых людзей новымі біяграфічнымі матэрыяламі і фотаздымкамі.

2007

Браты Куклінскія – рэпрэсаваныя бежанцы з Заблудава

Кніга “Бежанства 1915 года”, якая выйшла з друку ў Беластоку ў 2000 годзе з’яўляецца сёння вельмі каштоўным беларускім дакументам не толькі Беласточчыны, але і ўсёй Беларусі. Кніга сама па сабе ўнікальная, хаця з боку гісторыкаў і літаратуразнаўцаў, яна сёння яшчэ не вельмі ацэнена і не дужа сур’ёзна прачытана, вывучана, заўважана. А кніга ўнікальная тым, што яе склалі ўспаміны жыхароў Беласточчыны, якія ў 1915 годзе пакінулі месца свайго жыхарства і падаліся ў бежанства ў глыб Расіі. А тады, як сцвярджае ва ўступе да кнігі Яўген Мірановіч, эвакуіравалася амаль паўтара мільёны заходнебеларускай грамадскасці ў глыб Расіі. Гэта вельмі многа. “Нават спецыялісты па дэмаграфічных пытаннях Беларусі ХХ стагоддзя не заўважаюць гэтага факта, хаця ён рашуча паўплываў на гісторыю беларуска-польскага памежжа”, -- піша Яўген Мірановіч.

Дзякуй журналістам Беласточчыны, якія паспелі запісаць успаміны тых людзей, што зведалі “смак” бежанства, альбо людзей, якія расказалі пра сваіх бацькоў і дзядоў, што пабывалі на чужбіне. Некаторым беларусам з глыбіні Расіі пасля ўдалося вярнуцца дамоў, але тысячы людзей на Бацькаўшчыну так і не вярнуліся. Хто ж калі сёння ў пачатку ХХI стагоддзя, вандруючы па Расіі, збярэ пра іх звесткі, успаміны, фотаздымкі?.. Магчыма ўжо ніхто і ніколі. Тым не менш, хоць па крупінцы мы павінны шукаць сляды нашых людзей і ў далёкай расійскай глыбінцы, у той самай сярэдняй частцы Расіі, у Сібіры, Забайкаллі і г.д.

Пра адных беларусаў Аляксея і Міхася Куклінскіх, якія былі родам з Заблудава хочацца расказаць. Звесткі пра іх захаваў і перадаў расійскаму таварыству ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў “Мемарыял” іх унук Уладзімір Куклінскі, які жыве цяпер у Мінусінску (Расія).

Аляксей і Міхась Куклінскія нарадзіліся ў Заблудаве: Аляксей у 1903 годзе, Міхась – у 1910. Па дакументах, якія захоўваюцца ў архівах ФСБ Расіі, Аляксей па нацыянальнасці быў беларус-паляк, Міхась – беларус. У 1915 годзе сям’я Куклінскіх пакінула родную Беласточчыну і выехала ў пошуках “лепшай” долі ажно ў Марыінск (Расія). Выехала, вядома, не па свайму ўласнаму жаданню.