Выбрать главу

6 сакавіка 1933 года Язэп Драздовіч прыязджае ў Беласток. “Ураджанне ад горада такое: вялікае старадаўняе сяло, не надта даўно перашоўшае ў стан багацеючага горада, у якім адразу кідаецца ў вочы розніца між старымі і новымі будынкамі. Старыя аднастольныя хаты ў перамежку з новымі мнагастольнымі камяніцамі. Па свайму месцу распалажэння Беласток нічым не розніцца ад новаўзбудаваных Баранавіч – ні ракі, ні возера, ні прыгожых узгор’яў ці даліны. Найпрыгажэйшая часць Беластоку – гэта каля гатыцкага касцёлу. Ад т.зв. ратушы да брамы палацу Браніцкіх...”, -- згадвае далей у “Дзённіках” Язэп Драздовіч.

8 сакавіка Язэп Драздовіч ужо малюе шыльду на памяшканне акружной

управы ТБШ. “Усё добра, ды холад, работа з рук валіцца”, -- адзін з першых дзённікавых запісаў Язэпа Драздовіча на новым месцы. Праз пару дзён мастак закончыў вітражныя шыльды для кааператыўна-выдавецкага таварыства “Сяўба”. Затым пачаў па заказу Беластоцкай акружной управы ТБШ маляваць дэкарацыі для спектакляў, якія рыхтавала драматычная секцыя Таварыства. “Вясковую вуліцу” – для прадстаўлення паводле камедыі Уладзіслава Галубка “Суд”, дэкарацыю “Пушча” і яшчэ краявід “марэнна-лясістага характару: наводдалі лес, узгор’е, рэчка, а па іх бярозавыя гаі. На ўзбліжжу – узмёт з альшынкамі і дубамі”. Непадалёк у Супраслі ўжо ставіўся спектакль паводле п’есы Марка Крапіўніцкага “Пашыліся ў дурні” пры дэкарацыях, выкананых Язэпам Драздовічам. Гледачоў на спектаклі было шмат. Дарэчы, як піша Язэп Драздовіч, “супрасляне аказаліся нашмат тэатральнейшымі за беластаччан, якія ідуць на спектаклі толькі дзеля танцаў”.

16 красавіка мастак з радасцю дапамагаў усталёўваць дэкарацыі ў арэндаваным на спектакль памяшканні на вуліцы Ружанскай у Беластоку. “Ставілася п’еса М.Крапіўніцкага “Пашыліся ў дурні”. Сыгралі як найлепей. Сама сцэна з маімі дэкарацыямі, -- цешыўся мастак, -- мела выгляд надта прыстойны. Ды на вялікі жаль, цаніцеляў на ўсё гэта не хапала. Публікі было шмат. Моладзь уборная, франтаватая, ды эстэтычна слаба развітая”.

У 1933-35 гадах Беластоцкая акружная ўправа ТБШ пачала адчуваць фінансавыя праблемы. Адзінай крыніцай папаўнення бюджэту была выручка ад спектакляў. Але аматарскія спектаклі рэдка давалі добрыя касавыя зборы. Неўзабаве Язэп Драздовіч зразумеў, што ў Таварыстве не толькі на ганарар, але нават на фарбы няма грошай: “Прыйшоў на Купецкую, 44 у ТБШ, каб закончыць абраз-дэкарацыю “Пушча”, ды на вялікі жаль прыходзіцца сядзець і нічога не рабіць – пакосту, клею і некаторых фарбаў не хапіла, а ў Таварыстве, аказалася, няма грошай на дакупку”.

Праз пэўны час ТБШ у Беластоку знайшло дваццаць пяць залатовак для Язэпа Драздовіча, за якія радасны мастак паехаў у Вільню. З таго часу сама дзейнасць ТБШ у Беластоку пачала паціху патухаць. І ў 1935 годзе пастановай гарадскога стараства Таварыства беларускай школы было забаронена, а ўсе яго дакументы канфіскавалі.

Як разгаралася і патухала “Полымя”

Пасля ліквідацыі ў Беластоку ТБШ, мясцовая беластоцкая моладзь у 1937 годзе спрабуе заснаваць Беларускі тэатральны кааператыў “Полымя”. Як успамінае ўсё той жа Кастусь Сідаровіч, за арганізацыю кааператыва ўзяліся 12 чалавек – Ігнат Бакуновіч, Аляксандр Андрайчук, Лявон Богуш, Сяргей Крывец, Антон Кавальчук, Кастусь Сідаровіч, Базыль Лукашык, Пятро Дзямідовіч, Ганна Абуховіч, Уладзімір Маеўскі, Іван Гургэнбэнаў. Хлопцы і дзяўчаты сабраліся на маёўцы ў Юраўцах. Там яны разам падрыхтавалі статут кааператыва, абгаварылі пытанні наконт стварэння хору, драмгуртка і аркестра народных інструментаў. Сядзіба кааператыва павінна была месціцца ў Беластоку на вуліцы Надрэчнай, 9.

Але перш, чым тэатральны кааператыў “Полымя” пачаў сваю дзейнасць, яго неабходна было зарэгістраваць. Дакументы на рэгістрацыю хутка былі падрыхтаваныя. Як паведамляе часопіс “Беларускі летапіс” № 5 за 1937 год, “акружны суд у Беластоку падаў да публічнага ведама ў органы польскай коопэрацыі „Spolnota pracy” № 7 з дня 1.IV.1937 году аб зарэгістраваньні 5 лютага г.г. беларускага коопэратыву пад назовам „Аб’еднаньне Працаўнікоў Беларускага Тэатру „Полымя”, Коопэратыў Працы з адказнасьцю паямі”.

У Статуце кааператыва паведамлялася, што сябры ў кааператыўным аб’яднанні тэатральных працаўнікоў будуць мець заробак, будуць пашыраць тэатральную культуру сярод беларускага насельніцтва, наладжваць тэатральныя мерапрыемствы, плаціць за арэнду памяшкання, прапагандаваць тэатральнае мастацтва і г.д. Старшынёю Управы тэатральнага кааператыву “Полымя” была абрана Ганна Абуховіч.