Кніжкі і дзённікі, намі знойдзеныя, колішнія паборнікі веры і нораваў, на нашае вялікае шчасце, паддалі якраз другому гатунку экзекуцыі.
Каюся. Атрымаўшы рэдкія экспанаты ў пісьмовай форме, перш чым перадаць іх спецыялістам, я над імі выкарыстаў сваю ўладу спаўна. Узяўшы тыя сшыткі, замкнуўся ў лабарато-рыі ды парабіў з іх фотакопіі. Затым на пару тыдняў адключыўся ад іншых клопатаў і адбіткі пачаў штудзіраваць, адчуваючы ўздым ды цікаўнасць шкаляра, які ўпершыню схапіў «Рабінзона Круза» ды зашыўся з ім у кусты.
Зрэшты, хвалявацца было чаго, як і цікавіцца. Было над чым і паразважаць, з-за чаго паперажываць. Мяркуйце самі.
Дзённік пачынаўся гэтак:
«Я велька гжэшніца Катажына Волковіч зачэнлам тэн зешыт в Гродне Кворта Фэбруары року 1659 од народзэня Сына Божэго в кляшторнэй цэлі зопісаня жывота мэго для сына едынака. Ктуры мамушкен своён напэвно знойдзе в сутане чы в могіле моей люб в костніцы кляшторнэй. Агды знойдзе то зась вшыстко пшэчыта і од мамушкі своей контэнт бэндзе бо напэвно кволітіс мамушка Твоя дрогі Сынку дужо мяла. Жэ ты Сынку сень однойдзеш поведзяла мне вружка з Верцелішэк а тэ прэазэрые пшэцеж сень вэрыфікуён. Жэбы вружба сень звэрыфіковала я цо вечур до дэнбу бегалам...» [17]
Адным словам, незнаёмая, кранутая бядой кабета вылівала на паперу свае перажыванні — старонка за старонкай, сшытак за сшыткам.
Польская мова, якой пісала большасць маіх беларусоў, ад пачатку да канца ў Кацярыны Валковіч была густа перасыпана словамі лацінскімі, французскімі, літоўскімі, рускімі і нават арабскімі ды ліха ведае якімі яшчэ — я не змог вычытаць іх ні ў якіх слоўніках. Многія словы мелі грубыя арфаграфічныя памылкі. Літары зліваліся, налазілі адна на адну, а са знакаў прыпынку аўтарка прызнавала толькі кропку і то рэдка, таму тэкст чытаўся месцамі як рэбус.
Часамі аўтарка забывалася, падзею перадавала другі і трэці раз, дадаючы новыя дэталі, альбо апісвала яе інакш. А то звярталася да сяброўкі Ганны, якая, як выразна было відаць з папярэдняга апісання, даўно не жыла і аддавала богу душу ў Кацярыны Валковіч на руках — забыць такое чалавек не можа. Таму адразу ўзнікае пытанне — як такое зразумець? У аўтара такі літаратурны прыём? Была ў яе яшчэ адна сяброўка Ганна?
У многіх месцах увогуле нельга было ўцяміць, чаго тая самая Кацярына Валковіч хоча. Але наогул, калі пачынала выкладваць свае падзеі, перадаваць каларыт эпохі, малюнкі колішніх людзей ды іхнія звычкі, норавы, пераконанні і быт, рукапіс чытаўся ўжо з захапленнем.
Уразіла і бываласць незнаёмай зямлячкі. Я сябе лічу чалавекам таксама бывалым, а таго, што перажыла Кацярына Валковіч, бачыць і не снілася,— зайздрошчу.
Вялікая каштоўнасць — асабістыя ўражанні аўтара. Чытаючы такі матэрыял, ты ўсяму верыш, бо кожнае слова, факт кранае твой розум і сэрца рэчаіснасцю.
Перада мной было «золата, пераворанае ў гарніле душы» — сумленнай, багатай, як мой народ, і для свайго часу адукаванай ды развітой.
А яшчэ са старых і цьмяных радкоў прабівалася месцамі нежаночая логіка, уласцівая толькі мужчынам дасціпнасць і нават гумар, уменне карыстацца паралелямі, а звыш усяго прабіваўся не абы-які талент назіральніка. Калі б жыла тая асоба ў наш час, з яе, напэўна, выйшла б другая Эліза Ажэшка ці Святлана Алексіевіч, ды нават за гэты рукапіс я рэкамен-даваў бы яе ў Саюз пісьменнікаў.
Як адлюстроўваць даўнія часы?
Праштудзіраваўшы сшыткі раз і два, мне збольшага ўдалося выявіць, пра што кабеціна хацела сказаць. Аднак складаны для друку ды крыху занудлівы для свецкага чытальніка тэкст цытаваць збіраюся рэдка, а менш цікавае апішу.
Галоўныя моманты, апісаныя кабетай, перадам яе ж замалёўкамі, толькі перакажу мовай сучаснай. Са знойдзеных матэрыялаў пастараюся вывудзіць дух эпохі, бо нас усё ж такі раздзяляе каласальная дыстанцыя часу. Спадзяюся на інтуіцыю ды ўласны вопыт. Матывы для гэтага наступныя.
Мо я не ведаю тагачаснага «вышэйшага свету» — выгляду і быту тых вяльмож? Гэта не зусім так. Калі каму-небудзь на вуха ў XVII стагоддзі сядала муха, ён, каб сагнаць яе, дакладна гэтаксама, як робяць людзі сёння, трос галавой.
I прыблізна такія самыя былі ўхваткі ў жанчын — лёгка сабе ўявіць па дакументах. Напрыклад, адная вяльможная пані яшчэ з III стагоддзя пісала сяброўцы так: «Я абавязкова ў цябе пабываю, бо зрабіла дакладна такую саму прычоску, як у каралевы Тэрэзы на талеры, хачу ў ёй да людзей паказацца!»
Зрэшты, напэўна, і тады былі людзі самыя розныя. Ды больш простыя, чым некаторыя зараз сабе ўяўляюць. Напрыклад, польскі летапісец XV стагоддзя Ян Длугаш, чамусьці раззлаваны Казімірам Ягелончыкам (сынам Уладзіслава Ягелы), ускочыў дамоў і пад гарачую руку пра свайго караля чыркануў для гісторыі такія словы:
17
Я, вялікая грэшніца, Кацярына Валковіч, пачала гэты сшытак ў Гародні чацвёртага лютага 1659 года ад дня нараджэння Сына Божага ў кляштарнай келлі з апісання свайго жыцця для адзінага сына, які матулю сваю, напэўна, знойдзе ў сутане, ці ў магіле, альбо ў кляшторным «осараі». А калі ён знойдзе, то ўсё прачытае і будзе матуляй здаволены. Бо, напэўна, добрая была Твая матуля, сынку. Што ты, сынок, знойдзеш, сказала мне варажбітка Расол з Верцялішак, а варажба спаўняецца.
«Каб споўнілася варажба напэўна, я кожную ноч лётала да дуба...»