А жонка, набраўшы два пучкі трэсачак, пасунула сабе іх пад пахі. Нешта прамармытала, затым расхіліла рукі, і з-пад іх ва ўсе бакі з піскам лятучыя мышы пырснулі!
Яшчэ Рыгор успомніў, як спрабаваў колькі разоў на ноч завесці ў стайню казла, каб нячысцікі коней не псавалі, і Марыя заўсёды звечара адкрывала ў стайні дзверы ды рагатага барадача забірала ў хлеў. Ды і рота ніколі не жагнала, калі зявала...
Цяпер Рыгор пра ўсё гэта падумаў, і яго разабраў такі вялікі страх, што ён кінуўся з падворка прэч.
Калі беларусін прыляцеў да электара, то, казалі, яго аж калаціла і зуб на зуб не трапляў. Электар хутчэй пасунуў яму ладышку з вадой.
Адно тады чалавек супакоіўся, як расказаў пра тлустых павукоў з вузкімі, бы ў рысі, вачыма, пра даёнку і лятучых мышэй.
Сумленнага мужыка пахвалілі. А Марыі адразу выбілі пярэднія зубы, каб не магла больш ні на кога кідаць словы вядзьмарскага праклёну. Тады абстрыглі авечымі нажніцамі на голае калена ёй галаву, валасы пачапілі на вушак, а самую павялі да вогнішча.
I што Ты думаеш, сынок?
Адразу ўзняўся вятрыска ды жалезны лёскат. Але электары трапіліся вопытныя, не зважалі ні на што. Толькі дабавілі солі ў свянцоную ваду ды пакрапілі ёю ўсё навокал. Крыху пачакаўшы, каб чорныя сілы супакоіліся і confessaty[21] прадоўжылі, бо гэта было ім не ўпершыню.
Неўзабаве сабраўся і народ. Калі вядзьмарка ў агні заенчыла, людзі аж заскакалі ад радасці, бо, вядома, такое відовішча лепш за ўсе лякарствы ачышчае людскія душы, а чалавеку тады адразу робіцца лягчэй.
Дакументы тае confessaty падпісалі: Адам Казакевіч, пісар Геранім Кучынскі ды электар Войцех Гарадзенскі — усе трое вылучаныя Яго высокасцю для правядзення confessaty.
Маладыя ўдаўцы — Ян Рудніцкі з Рыгорам Скамарохам — дружылі і далей. Ды вось, як ужо сказала, адразу пасля каляд завіталі да нас у Путрышкі — пад самую Гародню. Чым гэта магло скончыцца, ніхто з нашых дома і не падумаў, бо мне ішоў толькі шаснаццаты год.
Да глыбокай ночы тата з мамай і братам частавалі гасцей. Для іх з Гародні нават жыдкоў-цымбалістаў з кабзаром-немцам прывязлі і мадзяра-скрыпача.
Дагаджаючы нашаму Нічыпару, тата з мамай гасцей дарагіх кармілі, паілі ды забаўлялі, а раніцой з той жа музыкай выправілі чужакоў у дарогу — аж да гасцінца праводзілі».
Кацярынін шлюб
«Пад вечар сабакі ўзнялі брэх зноў. Тата з Нічыпарам пасля гасцей спалі яшчэ глыбокім сном, мама не змаглі дабудзіцца ды паклікалі на сваю бяду мяне, чаго потым усё жыццё не маглі сабе дараваць. Я накінула братаву бікешу на кашулю, выйшла з сяней на ганачак паглядзець, чаго ўзнялася такая звяга.
I ў гэты момант мяне схапілі паўпол, як чэрці грэшную душу, адарвалі ад зямлі мужчынскія дужыя і чужыя рукі. Захуталі мяне ў мядзведзеў тулуп ад пят да галавы, кінулі папярок каня ды галопам паімчалі ў снегавую каламуць.
На лясным прагале чакалі нас сані.
Але і не думай, сынку, што і гэта была работа нячысціка. Ян Рудніцкі — Твой татка — так аддзячыў Нічыпару і маім бацькам за гасціннасць і сэрца.
Два сябрукі ў лесе давай мяне дзяліць — бытта яны татары, а я ў іх бранка. Дамовіліся, стану жонкай таго, хто хутчэй ўпалюе аленя. Пакуль я, хутаючыся ў мядзведжы тулуп, калацілася ад страху, яны слугам загадалі раскласці вогнішча ды гатаваць бігас. Самі адправіліся на паляванне.
Сахаты трапіў Рудніцкаму, але Рыгор не здаваўся — даводзячы, што жонку ён страціў праз Марыю Яна. На ўсялякі выпадак паставілі мяне на караля ды падкінулі ўгару барацінку[22].
Зноў Рудніцкаму выпала дабыча.
Трэці раз варажыць не сталі.
За канец ночы, дзень і вечар наступнага дня заперлі мяне аж у Жалудок і адразу — да касцёла. Пробашч яшчэ спаў. Старога вывалаклі з пасцелі ды загадалі даць шлюб.
— Не магу, сыне, рабіць гэтага без ранейшага абвяшчэння з абвоны! — аб'явіў пачцівы стары, струхлелы са страху.
Ян са звонам выхапіў з похвы шалю:
— Не пярэч мне, пень стары, покуль я ў добрым гуморы, не чакай, покуль зазлую!
I пробашч нас абвянчаў. За сведку Ян выставіў праваслаўнага Скамароха.
Я, сынок, тады зусім не супраціўлялася. Нам, бабам, самім Усявышнім наканавана — падпарадкоўвацца ды цярпець. Мяне яшчэ мама гэтаму навучылі, убіўшы нават мне ў косці, што такая ўжо нашая бабская доля і не нам яе адмяніць.
Зрэшты, не стану прыбядняцца.
Калі адышла ад страху, сыне, калі супакоілася ды пры-глядзелася зблізку свайму наканаванаму — маладому, звітнаму і адважнаму зуху,— адчула нават радаснае здавальненне ды ціхае шчасце. А радасць, развага мне яшчэ падказалі:
21
Гэта слова азначае працэс допыту, суд і пакаранне ахвяры, якую абвінавацілі ў вядзьмарстве.
22
Грашовая адзінка. Была ў абыходзе на Гродзеншчыне. З аднаго боку мела адчаканенае адлюстраванне караля Яна Казіміра Вазы з другога — «Пагоні». Яшчэ ў абыходзе былі талеры, грыўны, злоты і грошы.