Выбрать главу

На зборах рыцараў слыла б каралевай. I, напэўна, такой была б. Ужо ва Львове пачынала за сабой заўважаць, як на балях і званых абедах умее для гасцей стварыць спрыяльныя ўмовы. I нічым асаблівым. Звычайнай ласкай, падэйсцем, сціплым выглядам, сардэчнай увагай пасяляла б у іх адчуванне свабоды. Бо пры гасцях можна радавацца, але нельга ўпадаць у цялячае захапленне. Можаш сабе нават злаваць, толькі не крычы, з сябе не выходзь да крайнасці і ні ў якім выпадку людзей не абражай.

Калі ж сама адпраўляешся ў госці, у цябе павінна быць адпаведная пастава. Не, сэнс зусім не ў тым, каб людзям здавалася, што ты праглынула дрыль[27], ад гэтага нават спіш стоячы,— у больш далікатным сэнсе.

Самае лепшае адзенне, найбагацейшыя сукенкі загінуць, а тваё золата на пальцах, на шыі ды ў вушах будзе выглядаць звыклымі бразготкамі, калі ў цябе не будзе гэтай самай паставы.

Не зыркай сяды-тады ў люстэрка.

Не папраўляй то фалды сукенкі, то прычоску.

Не плюй на абутак і не расцірай сваіх пантофелек паль-цамі, каб блішчэлі.

Ты, вядома, царыца балю. Яго каралева. Усе пад тваім наглядам. Аднак найлепш, калі пры гэтым зможаш паказаць сябе, як нясмелую нявіннасць.

Замры і — ані мру-мру.

Але ж стой не так, бы намаляваная святая Барбара. Калі трэба пачырванець, пачырваней — раз, другі, трэці. Шчыра збянтэжся. Будзь уважлівай да кожнага глупства, з якім звяртаецца да цябе госць — слаўны ці звычайны. Бо менавіта гэта самая моцная зброя, якой уразіш мужчын.

Такім прамудрасцям трэба навучыцца змалку, сэрцам умець карыстацца ды ведаць, дзе што ўжыць.

Кацярына пэўнай была, цяпер — у далёкай ад берагоў Нёмана Аравіі — ведае ўсё выдатна.

Два сябры

Яе разважанні Ганна абарвала зноў. — Хадзі! — шапнула.

Белабародыя і з такімі ж светлымі чалмамі старыя, што сядзелі за лазовай сценкай на абломках скал, пра нешта гута-рылі. Тутэйшыя старэйшыны апрача таго, што ўсе маламоўныя ды гордыя, бы елкі, якія раслі на бліжэйшых вяршынях, яшчэ і надта мудрыя, іх слухаць — адно здавальненне.

Прыставіла вуха да лазовай пляцёнкі і Кацярына.

Сяброўкі ўжо разабраліся — старых выклікалі на суд ды загадалі да вечара чакаць. Абодва знайшлі сабе ціхі цянёчак над арыкам, ішакам далі калючак ды бавілі час разважаннямі. Абодва не маглі не ведаць, што хтосьці ў кашары праз дубчыкі ўсё чуе. Але перад гараднічанкамі сядзелі мусульмане, якія іх і за людзй не лічылі, бо не іхняй веры.

За пару гадоў няволі Кацярына з Ганнай па-арабску больш-менш ужо разумелі, таму цяпер замя ніліся ў слых.

— Абдуле шанцуе, таму імам[28] і тоўсты,— сказаў першы стары.— Бо найвялікшае шчасце на зямлі — добрая кабыла, каторая прыводзіць многа здаровых жарабят, ды пладавітая і разважлівая кабета. Фаціма яго — акурат такая. Паглядзі, як у яе ўсё ладзіцца, як у руках трымае маладзейшых жонак імама, а сыноў яму колькі дала!

— Сам Алах наказвае праз Каран пладзіцца ды размнажацца. А на сыноў імаму пашэнціла, гэта — так, радзіліся, бы па заказу. Пра яго Фаціму нічога не скажу. Толькі нам няма чаго Абдуле зайздросціць: тлустая качка памірае хутка, бо ў яе слабое сэрца,— не згаджаўся з сябрам араб.

— Але ў качкі яно зусім слабое.

— Усім вядома. А ты, бачу, на дэрвіша[29] цягнеш — высах на трэску ды белы ўвесь, як чайка!

Прамы, з прасмажаным на сонцы ды высушаным, поўным маршчьш тварам стары вочы меў упалыя, але ў іх блішчэлі яшчэ ды свяціліся, як жывыя, агеньчыкі.

— Белыя мы ўжо абодва.

— Воля Алаха. У чалавека, калі народзіцца, бялеюць зубы, потым — галава, затым — косці.

— Во-во. А нечага мітусімся, чагосьці дабіваемся. Чаго мы зараз з табой прыехалі сюды? Судзіцца за вярблюда. Калі ў пясках забялеюць нашыя костачкі. а ў вачах застынуць сонечныя іскрынкі, непатрэбныя будуць не толькі гэтыя вярблюды ды ішакі. Нават жонак тут пакінем.

— Мы з табой прававерныя. Алах забярэ нас у рай, а вярблюды там лішнія, бо караваны па небе не ходзяць — пустыні ды барханы толькі на грэшнай зямлі.

— Затое і сонца там не будзе так пражыць і цені знойдзеш на кожным кроку!

— А хто яго ведае...

— Не верыш? Ценю там многа! О-о, усё там у садах — густых, пладаносных! Яшчэ там гурыі[30] будуць. Многа гурый — бяры, каторую сабе хочаш! Глядзі ды выбірай!

— Навошта табе яны спатрэбяцца там?!

— Як гэта — навошта?!

— Хіба цябе да іх яшчэ цягне?

— Ну...

— Кажы, кажы!

— Не толькі гурыі... Не адныя яны будуць, вядома, я гэта табе гавару так...

вернуться

27

Кол (мясцовае).

вернуться

28

Настаяцель манастыра.

вернуться

29

Жабрак (арабск.)

вернуться

30

Прыгажуні, якіх іслам абяцае сваім прававерным у загробным жыцці.