— I яшчэ ад вас патрабую жалезнай дысцыпліны — Ідзём на штурм! Не трусіць, брацца разам і адначасова — усе як адзін! Уважайце на мяне!
— Слухаемся! — шэсць чалавек яшчэ раз адказалі ў адзін голас.
— Да справы, наднёманскія воі, на святы ўчынак, разам, атлеты божыя!
Праз хвіліну землякі, вельмі насцярожаныя ды сабраныя, паскрыпваючы масніцамі, бытта бы з вялікай ахвотай насілі скрыні, крадком хрысціліся ды шапталі пацеры.
Некаторыя, таксама поўныя рашучасці, сабе пад нос зацягнулі гадзінкі, бо рыхтаваліся да не абы-якога чыну, а фактычна — на смерць.
— Чакалі толькі сігналу.
Бунт галернікаў
Кацярыне аж не верылася, што дагэтуль маўклівыя, як нямкі, аброслыя па самыя вочы ды з калматымі бародамі галернікі, ад якіх заўсёды непрыемна пахла, могуць гэтак перамяніггда. Што ж, яна не адзін раз пераконвалася,— толькі бяда і незвычайная сітуацыя даюць чалавеку поўную магчы-масць раскрыцца па-сапраўднаму ды паказаць, на што хто здольны.
А на беразе па-ранейшаму ўсё было ціха і спакойна.
Паказаўся аб'ючаны вослік. Ушчаперыўшыся яму ў хвост, на базар валокся нейкі стары ў доўгім халаце.
Далей бабы на сабе валаклі кашы з садавінай.
Сцярвятнікі з белымі шыямі гэтаксама дзяўблі пакойнікаў, якія віселі на рэях пустога судна...
Каля збраёўні стаяў вартаўнік з заіржаўленым маскоўскім бердышам. Вартаўнік твар меў рассечаны праз левае вока, ад чаго яно было заўсёды прыжмураным і слязлівым. Затое правае здавалася бачыць кожнага нявольніка наскрозь. Але зараз ён задумана накручваў сабе завіток барады на палец ды глядзеў уніз.
Несучы з трума скрыню, Стэфан спачатку азірнуўся крадком, каб пераканацца, што ўся дружына з ім, тады бытта ненарокам выпусціў турку на ногі свой цяжар так, каб скрыня ўпала кантам. Вартаўнік з енкам схапіўся за пабітае месца ды затанцаваў на адной назе, як шалёны.
Рыцар яго ў гэты момант заштылетаваў.
З другога боку перагародкі поркаўся Мустафа. Пачуўшы праз сценку нейкі вэрхал, каб лепш разабрацца, ён да абрубка вуха прыставіў рострубам далонь. Багдановіч аглушыў яго ззаду кувалдай.
Галернікі адразу ўзброіліся. Дапамагаючы адзін аднаму, паздымалі з ног кайданы.
Пяцёра янычар нічога гэтага не бачылі. Усе бялявыя. Напэўна, з тых самых хлопчыкаў, якіх вывозілі ў кашах татары з Падоля. Але былі гэта ўжо закаранелыя ворагі — не ведалі да палонных літасці. Іхняя пяцёрка і далей спакойна разглядвала бераг, абапёр-шыся на поручні, заадно прыслухоўваліся да голасу боцмана з трума, дразніліся з ім ды смяяліся. Гара-дзенцы напалі на янычар з тылу, перамяшаліся з туркамі, як кажуць воі, бы авёс з сечкай, і ўмомант ворагаў адолелі.
З трумаў выскачылі яшчэ шэсць туркаў — заспаных і ўстрывожаных, але і гэтых каго пасеклі, каго звязалі.
Доўга адбіваўся, лютаваў і аж пырскаў слінай боцман. Адолелі ды звязалі і яго.
— Пане харунжы, адсякай пан якар! — закрычаў разлютаваны Стэфан.— Унь сякера!
Свіслачанец з пляча ўдарыў сякерай па нацягнутым, як струна, якары ў месцы, дзе ён ляжаў на поручні, і судна ледзь прыкметна ўздрыганула.
Праз хвіліну ўсе ўбачылі, як перад імі паплыў прычал, бо дзьмуў лёгкі ветрык, а плошча бартоў была вялізнай.
— Гайда-а, пае-ехалі!
— Удало-ося!
— Гура-а!
— Эх, захлябніся душа — як файна ў баі-і!
Стэфан закрычаў:
— Спакойна, панове! Слухаць усім мяне — дысцыпліны[36] патрабую жалезнай! Вызваліць з ланцугоў усіх астатніх славян!
Тады загадаў двум чалавекам лезці наверх ды апусціць ветразь.
Прынямонскі Барысевіч ды індурскі Багдановіч, як вавёр-кі, узлезлі на мачты, развязалі на рэях шнуркі і з тоўстага кі-тайскага шоўку ветразі пад уласнай цяжкасцю паляцелі ўніз, дасталі канцамі палубы — іх адразу замацавалі.
— Гатова! — узрадавана закрычаў Грэсь, завязваючы апошнюю вяроўку.
А на пустым беразе яшчэ не было відаць непакою, і гарадзенцам покуль што ўсё ўдавалася сапраўды. Апушчаныя ветразі ўмомант хапіла паветра, судна адразу нахілілася, яго ледзь прыкметна і памаленьку пачало адносіць ад прычала.
— Няўжо плывём?!
— Плывё-ём! Плывё-ём!!
— Гура-а!
Ад радасці ўсе аж скакалі. Горай было з Кацярынай.
Ад свежых трупаў, відоку шабель, з якіх цюрком сцякала пунцовая кроў, ад саладкаватага і ліпкага, бы на бойні, паху крыві, у яе пачаліся рвоты.
Толькі на такія дробязі ніхто не звяртаў увагі. Землякі забыліся пра жанчыну ўвогуле. Паланянка не крыўдавала — мужчынам сапраўды было не да яе.
Гарадзенцы павялі рэй, што рабіць з палоннымі. Некаторыя прапанавалі ўсіх зараз жа перакалоць, але Стэфан не дазволіў.