— Фебра ў мяне.
— У такую спёку?
— Янычар, зараза, нажом пырнуў!
— Глыбока?
— Ну. I гарачка ў мяне ад гэтага.
— Прыткні, пан, халоднае жалеза, бо лепш гарэць на гэтым свеце, чым на тым,— ратуйся пан!
— Дзе ж халоднае тут узяць — сонца напаліла!
— Зямлі прыкладзі, вацьпан!
— На моры яе знойдзеш?
— А ў кадушцы? Зараз пану я перакулю пальму, залезеш у пясок па шыю!
— Гэта — можна!..
З-за апошніх будынкаў на мысе выскачыў камандзір янычар. Раптоўна асадзіўшы паджарай масці каня, падняў яго на дыбы. Сонца аж гарэла ў афіцэра на латах, блішчэла на жалезных наканечніках і прылобку, а ў каня над лысінкай тырчэлі чуйныя вушкі.
Афіцэр шпагай паказаў сваёй камандзе, куды станавіцца. Але — позна. Цяпер іх ніхто не баяўся, бо судна ўстойлівым курсам ішло ў адкрытае мора. З бакоў бухта ўсё больш пашыралася, марская даль перад імі блішчэла да рэзі ў вачах рознакаляровымі блікамі, але дыхала прыязным спакоем — бытта гарадзенцаў клікала, запрашала на сваё ўлонне.
Праз некалькі хвілін на капітанскім мосціку нехта здагадаўся зрабіць акаваную скрыню ды выграбці бярэма доўгіх, як трубачкі, прыладаў. Нашыя прабавалі ў штуковіны дзьмуць. Спрабавалі іх на зуб. Калупалі пазногцямі. Так і гэтак прыглядаліся, покуль не змікіцілі: у рукі ім трапілі французскія люнеты. Іх Садык-бей валок у Стамбул султанаваму войску — на поспех у гандлі імі і разлічваў Кацярынін турак.
Умомант усе трубачкі, хто быў свабодны, разабралі ды з цікавасцю пачалі разглядаць праз іх бераг.
Хтосьці піхнуў такую прыладзіну ў рукі і Кацярыне ды загадаў паўзірацца праз шкельца. Яна паднесла трубачку да вачэй і прыглядзелася.
Раптам Кацярына ўбачыла свайго Садык-бея яшчэ раз. З янычарамі ён мітусіўся па прыбярэжным пяску чамусьці дагары нагамі. I ўсе там гэтак дзіўна стаялі[37].
Нават дрэвы глядзеліся кронамі ўніз. Бы пры ціхай вадзе ў ставочку адбіваецца другі бераг.
Калі ж Кацярына прызвычаілася да перавернутага адлюс-травання, то выразна ўбачыла, як яе былы муж і валадар, падляцеўшы да сваіх вояў, то падаў перад імі на калені ў пясок, то біў сябе кулаком, то валасы рваў і трос у бок судна, а над чорнай фескай матляўся малінавы кутасік.
Што ж, з кожнай хвілінай больш і больш аддалялася ўсё яго багацце і прападала беспаваротна. Але Кацярына не шка-давала мужа ані крыху. Успомніла, як мяняючы нявольніц на бранзалеты, паводзіў сябе з сенегалкамі.
Трэцяя дзяўчына цалавала яму рукі і ногі, аблівалася слязьмі ды маліла, каб не разлучаў з сёстрамі, а ён бязлітасна паласаваў яе маладое цела бамбукавым кіем.
Нехта з глыбіні судна пракрычаў:
— Пане палкоўнік, але ж Садык-бей злы на нас — як напільнік на жалеза!
Стэфан з капітанскага мосціка кінуў:
— Дазваляю вацьпану цяпер і паспачуваць турку! Зараз — гэта няшкодна! I раю спаласнуць рукі — кроў на іх засохла!
— Бог не брыдзіцца крыві паганых.
— Воля вацьпана. А я ўсё ж такі памыў бы!
— Будзе зроблена, палкоўнік!
— Ну, цяпер ніхто не шкадуе, што ўсё гэта мы пачалі?
— Не-е!
— Давайце не будзем хваліцца, яшчэ можа быць усё!..
Бей з яго янычарамі больш нікога не цікавіў. Прыгляда-ліся да жанчын, якія мылі ўздоўж берага бялізну. Надта ж дзівіліся ды не маглі аніяк надзівіцца, што ўсе тыя кабеты стаяць ды ходзяць таксама дагары нагамі. Але скажы ты — от фокус! — спадніца ні ў адной не спадае, як ні прыглядайся!
Нарэшце настолькі аддаліліся ад берага, што нічога нельга было разабраць і ў люнету. Нават чайкі ад іх адсталі. У цішыні бяскрайняй прасторы грудзі ў гарадзенцаў ад радаснай перамогі аж распірала.
Радасць бязмерная патрабавала хоць якога-небудзь выйсця.
Фарбаў у каюце Садык-бея было поўна, і розных. За гэты час Мікола Гуз паспеў намаляваць на кавалках шоўку ды выставіць над мосцікам прапары: адзін з «Пагоняй» на бела-чырвона-белым фоне, а другі з арлом — на чырвоным.
Стэфан аглядзеў прапары ды раптам зацягнуў гімн, які рыцары Літвы і Кароны спявалі перад кожным боем з часоў Грунвальда.
38