Выбрать главу

Калі пасля мной сказанага я чараўніца, то я баб усіх з Путрышак трэба валачы на тартуры, затым — на вогніска.

Пра жабіну вантробу для сухотнікаў, пра бялок са шкарлупінамі, на вялікае маё шчасце, выдатна ведалі ад сваіх мацярок ды бабуль Яго Міласць Лаўнік горада Яго Каралеўскай Мосці, пан Пётр Павел Шыдлеўскі. Ведалі і езуіты, якія ў той момант прысутнічалі на сопгеззасіе. Таму словам маім далі веры.

Здавалася, усё ідзе на лад. Толькі ад перажыванняў, ад тартур мяне кінула ў фебру. Калаціла адзін дзень, калаціла другі, але я цярпела, бо грахоў за душой мела шмат, яшчэ ніхто з лаўнікаў пра іх не ведаў, і я загарэлася надзеяй, што адпусцяць,— заставалася адно заплаціць за прабыванне ў замку, за тартуры, за свечкі, салому і страчаны час Лаўнікамі яго Каралеўскай Мосці, але выдаткі былі для мяне — глупствам.

Замала ведала Шыдлеўскага. Нездарма ён, казалі, прачытаў сем разоў Біблію ды ў агонь паслаў да мяне з тысячу вядзьмарак,— мабыць, найбольш з усіх інквізітараў[44].

Раптам ён выкапаў яшчэ гісторыю з крывёю дзяўчат, якой умывалася, калі была цяжарнай.

Надарэмна чакала сумленнай удзячнасці ад дваровай службы — выпадак усе як адна дзеўкі мае пацвердзілі. Яшчэ сказалі ўсё нават пад прысягай на Евангелле — таіць і не думалі. Відаць, да іх я была задобрай — мала лупцавала.

Дзеўкі з жалем паказалі нават шрамы ад тых драпін — зноў пад прысягай. Дзявацца не было куды.

Паслугачы Яго Мосці лаўніка і Яго Каралеўскай Мосці валаклі ўжо салому для другіх катаванняў. Захадзіў горн, распаляючы жалезныя шворны ў руках памочніка.

У катавальні рыхтавалася ўсё на маіх вачах, і мяне, сынок, агарнуў упершыню жудасны страх — няма ратунку цяпер, і годзе. Была я ў страшэнным адчаі, гледзячы, як іншыя каты прымяралі мне на галаву папяровы каўпак з намаляванымі д'ябламі — у клубах чорнага дыму належала цяпер з імі падняцца ў Неба. Заглядвалі ў рот, шукалі хоць з аднаго зуба, каб выбіць. Нават спыталіся, якое маё апошняе жаданне перад смерцю.

Цяпер у маёй душы як бы штосьці абарвалася. Не стала раптам жадання ратавацца. Было ўсё роўна.

Ужо без ніякай надзеі ды нават без ахвоты, а толькі таму, бо Мацер Божая зірнула ў мой бок і зноў надавуміла, каб я падумала яшчэ пра адное выйсце,— адправіць пасыльнога да верных сяброў з просьбай ратунку.

Якраз па дарозе з Мазоўша заязджалі да мяне на днях спадары Лук'ян Гаўрылін і Хведар Грэсь. Прывезлі нават у падарунак дзесяць свечак, што самі загараюцца, а ў бутэлечцы — маленечкай, бы наперснічак — малако Прачыстай Дзевы Марыі. Абое збіраліся ўпаляваць зубра ля Белавежы. Але ішоў лістапад, у зуброў якраз быў гарачы юр, няўжо бывалыя паляўнічыя рыцары стануць цяпер звяроў трывожыць? Не падобнае на іх. Сезон для палявання — ад піліпаўкі да грамніц, часу яшчэ хапала.

Аб'явіла суду апошнюю просьбу.

Мяне ўважылі — і адразу адправілі ў Свіслач і Гібулічы гайдукоў, каб паклікалі напарнікаў з турэцкай няволі. Самую ж запіхнулі зноў у сыры склеп.

Падкупіла паслугача, каб паклікаў і Яўхіма».

Падрыхтоўка да смерці

«Выратуюць мяне высакародныя рыцары другі раз ці не, а тым часам даволі спакойна стала рыхтавацца, сынок, прыняць суровы прысуд. Падумала — потым жа абкладуць маіх сваякоў падаткам за confessatiu. Вылічаць за дровы, спаленыя на маім вогнішчы пяць разоў болей, чым былі вартыя, здзяруць за марныя харчы ў замку, за пасланцоў, страчаны час на маім допыце лаўнікамі, чэляддзю, катамі і вартаўнікамі. Пры такіх падліках заўсёды бессаромна махлююць — дапісваюць, чаго і быць не магло.

Падатак набярэцца не малы, а каму спадабаецца яго плаціць.

Яшчэ падумала — і на народ апошні раз трэба выйсці не лахманкай. О не, такой мяне не ўбачаць! Я вам не з таго манастыра, дзе манашкі платным каханнем сабе на хлеб зарабляюць!

Аўтадафэ сваё мушу правесці так, каб цэлыя пакаленні гарадзенцаў, каб усе яго летапісцы і пра гэтае здарэнне гаварылі, як апавядаюць падрабязна яшчэ і цяпер пра смерць каралёў у Гародні — Казіміра Ягелёнчыка і Стэфана Баторыя.

Захацелася вам бачыць маё знішчэнне? Прагнеце нацешыцца маім уніжэннем? Ах, так!

Прадстаўленне вы атрымаеце! Толькі папярэджваю — прыемнага меці-меце вельмі мала. Ад зайздрасці некаторыя з вас і ў магіле потым будзеце варочацца.

Такое спаленне бачыла не раз. Добра да іх прыглядзелася. Маладую вядзьмарку ледзь не голую прывязваюць да слупа і абкладваюць да пояса сухім хворастам. Стараюцца плотна абкласці, каб агонь адразу ўгарэўся. Ільняная кашулька на ёй ад такога полымя адразу ўспыхне ды імгненна згарыць. Чортавая нявеста потым яшчэ доўга свеціць галізной і енчыць, а чэрнь гагоча.

вернуться

44

Аўтарка дзённіка памыляецца. Паводле Паўла Ясеніцы пратэстанцкі суддзя ў Ліпску да 1669 г. паспеў прачытаць Біблію 53 разы, а на агонь паслаў дваццаць тысяч вядзьмарак.