Выбрать главу

У гасцях у дзяцінства

«На вёсцы са знаёмых — толькі бязногі Юрко Сарока.

Чалавек доўга да мяне прыглядаўся, зняўшы шапку, набожна пацалаваў мне руку, але не пазнаў. Гэта і лепш, бо не хачу, каб да мяне збягаліся з жаласлівымі роспытамі ды дзівіліся, што з мяне засталося — і сама ведаю. Страх, як не люблю гэтага.

Надзі Юрка не было. Апошні раз бачыла яе ў карчмара.

Калі Надзеі споўнілася шаснаццаць, Юрко аддаў яе путрышскаму Мэндалю, каб зарабіла сабе на пасаг. Я аднойчы зайшла да яе ў карчму. Якраз нейкі пан, што спыніўся начаваць, спатрабаваў ад Мэндаля кабету. Для гэтага ў карч-мара служыла жонка Сара, але ягамосцю гэтаму яна здалася застарая, таму яе прапёр.

Карчмар загадаў ісці Надзі. Поўную хвалявання ад таго невядомага, што яе чакала ў ложку з незнаёмым, я сяброўку і застала. Надзея то хіхікала, то рабілася сур'ёзнай, то плакаць збіралася ды звала маці. У гэты час Мэндаль у баковачцы манатонна бубніў малітву:

«Барух ата Аданой элохэйну мелех гасям, ойцер ор уворай...» [46]

Цяпер Надзея Юрка, добра ведаю, замужам даўно ў Абухаве. Дачакалася нават унукаў,— дай ім Божа здароўя і шчасця. Але распытваць старога не было ахвоты, бо да Надзеі не цягнула ўжо. У дзяцінстве мы сябруем больш з тымі, хто бліжэй нас, хто якраз пад рукой, а не блізкі па характары, таму сябры такія потым намі лёгка надта забываюцца.

I Путрышкі, і вёскі навокал пасталі кляштарныя, манастырскія ды графскія. Толькі наўрад ці перамянілася жыццё ў іх ад перамены гаспадароў. Зрэшты, Яўхім наш — чалавек памяркоўны, занадта шкуру з мужыкоў не дзярэ, дамовіцца з ім можна заўсёды.

З нашай сялібы не засталося нічагутка. Будынкі ўшчэнт згарэлі яшчэ пры шведскай навале. Асмолкі ды печышчы даўно размылі дажджы.

Сёстры мае параз'язджаліся, укаранелі ў свае сем'і, і ці каторая з іх жыва, дакладна не ведаю. Зрэшты, былі намнога маладзейшыя за мяне, мала іх памятаю.

Нічыпар не вярнуўся з апошняга паходу на казакаў, а ў якой сечы разлучылі яго цела з душой, дапытацца ні ў кога так і не змагла. Добра, калі загінуў адразу. Маглі ўбіць на кол, каб цьмяныя вочы клявалі потым гурганы. Маглі яшчэ якой страшнай смерцю пакараць. Мог і ў палон куды трапіць і там свой жывот скончыць.

Вяскоўцы мінулы раз казалі, калі выязджаў у дарогу, каля варот пад ім конь спатыкнуўся. Мама і жонка, якія скончылі класці ў воз вяндліны, крупы, сушаныя грыбы, грушы, ягады, ставілі якраз клетку з пеўнікам, каб раніцой было каму рыцара будзіць. Мама ў той момант кінулі вокам на каня і ўбачылі, як ён спатыкнуўся. Абое адразу пачалі адгаворваць рыцара — маўляў, Нікіфар, калі так, пачакай пару дзён, не едзь, знак невыпадкова — яго Неба пасылае! Але ён — ай, бабскія забабоны. Вядома, ці такі стане патураць жанчынам?

Забудова яго пайшла таксама з дымам. Жонка забрала дзяцей ды падалася ў Скідаль да сваіх бацькоў.

Тата з мамай памерлі...

На тым месцы, дзе калісьці жыла, працавала ды радавалася так шчаслівая, здавалася б, вялікая наша сямейка — чысцюткае цяпер поле, гладкае, як бубен.

Нават і знаку не знайшла, дзе стаяў наш калодзеж. У ім была такая вада, што ў летнюю спёку, бывала, тата прызнава-ліся, што паўдня цярпелі, каб потым яна ламала зубы, забівала дыханне і каб напіліся яны са смакам. Калі ж на кірмаш адпраўляліся, налівалі сабе ў бурдзюк.

На колішнім нашым падворку красавалася толькі груша — як не стравіў агонь і яе, ведае адзін Бог і Прасвятая Мацер Божая. У садок да сябе яе ніхто не ўзяў — каму патрэбная дзічка,— стаіць самотна, яшчэ больш адзічэлая.

Дрэва нават нечым нагадала мне сябе, і я абняла адзінага, жывога сведку дзіцячых маіх гульняў, а сэрца зашчыміла ад успамінаў. Нават здалося, мае пальцы адчуваюць выразна, як пад шарахаватымі лусачкамі цёплай кары бруіцца татава ды маміна дыханне. I я горка-горка расплакалася.

Супакоіўшыся, дрэву пазайздросціла.

Груша надта старая — з аб'едзенай тлёй ці іншай машка-рой лістотай, з балюча пакручанымі сукамі, як у іншае бабулі рукі ад працы, а пень — таксама ў адных гузах і дзірках — скразных, праз іх відаць было неба. Наканавана ёй убіраць сонечныя прамяні, жыццедайныя кроплі навальніц пад грымотныя бліскавіцы, а з кроны восенню губляць для дзікоў ці надворных путрышскіх свіней прорвы маленькіх грушак яшчэ гадоў з пяць-дзесяць.

вернуться

46

«Госпадзі Божа наш, Уладыка Усяленнай, асвяці душу маю і развей змрок...» (Ідыш.)