— Ха, я нават пазнаў бы шкуру Цымермана ў гарбарні, калі б напаткаў яе там! — запэўніў мяне потым польскі сябар.
Ад цэментавага фундамента, які трымаў прэнты агароджы, адыходзілі дзве чацвярцінкі круга ліставой медзі з жалабкамі. На роліках па жалабках ездзілі створкі варот. З вілы зноў выйшаў хлапец у джынсах, лёгка адчыніў вароты. Цымерман прывітаў хлапца рукой праз акенца, і «мерседэс» без ніякага гуку ўкаціўся ў двор. Але тут з'явілася маладжавая фрау ды ўстрывожана паказала мужу на Амільяновіча.
Заўважылі, пся крэў! Мажліва, ужо пазванілі і ў паліцыю!
Нельга было траціць ні секунды, ды хіба ж мог я ўпусціць такія кадры? — зноў перажываючы сцэну, прадаўжаў апавя-данне польскі сябар. Я ўжо адкінуў усялякую асцярожнасць — у любым выпадку ў мяне на плёнцы сёе-тое ўжо было! На ўстрывожаную сямейку нацэліў аб'ектыў ды з азартам пачаў шчоўкаць — яшчэ! яшчэ! яшчэ!.. Шлюс, нех вас крэв залее! — загадаў я сам сабе, сунуў апарат пад плашч ды — бягом за вугал!
Олека яшчэ не пакінула шанцаванне маладосці. Ды, відаць, і Цымерман не вельмі спяшаўся званіць у паліцыю — яшчэ адзін скандал, яшчэ раз пра яго напісалі б газеты...
Неўзабаве Амільяновіч злавіў таксі зноў. Цяпер яго хвалявала адно — ці жывы там аболтус з паліцыі? А калі яму парашкоў у шклянку насыпаў зашмат?
— Калі ласка, паспяшыце, мне неабходна на поезд, а яшчэ чамаданы трэ забраць з гасцініцы! — не клапоцячыся ўжо пра акцэнт, падганяў ён таксіста.
— Нельга! — коратка адказаў яму на гэты раз малагаваркі вадзіцель ды паказаў на спідометр.— Сто пяцьдзесят, хутчэй не маю права, гэр,— закон.
Узбуджаны да дрыжыкаў у каленях, Олек праз гадзіну, якая здалася яму імгненнем, прыляцеў у Гановер. Уся «акцыя» заняла ў яго каля шасці гадзін.
Олек ускочыў у гасцініцу. Ключ прадбачліва забраў з сабой і цяпер застыў ля дзвярэй, паслухаў. У пакоі стаяла мёртвая цішыня. Не памятаючы сябе ад напружання, Олек уставіў ключ, павярнуў яго і памалу стаў адчыняць дзверы.
Таму, што ён убачыў, спачатку не хацеў верыць. Вартаўнік яго бяздумна спаў. Паміж ложкам ды персідскім дываном цямнела лужына.
— Нех цень шляг трафі! [7] — з палёгкай вылаяўся Олек і вымушаны быў прысесці, бо раптам у яго падкасіліся ногі, а ўсё цела абяссілела, бытта яго ўдарыла токам.
Крыху ачуняўшы, Олек пачаў сышчыка штурхаць.
— Уставай, ну!..
— О-оу, гімэль, о-оу, копфшмэрц! — трымаючыся за галаву, малады немец сеў на ложак.
— Ты, сукін сын, што навычаўпляў! — з перабольшаным абурэннем наляцеў на яго падапечны.— Не ўмееш піць — не бярыся! А калі б памёр — мне несці адказнасць, так? Я ж табе гаварыў — агонь, а не гарэлка, дзевяноста пяць градусаў!
— Оў, оў, усё нутро гарыць!..
— I няхай сабе гарыць, мне цябе не шкада, калі ты такі дурны!
— Падай, Алекс, вады! Сколькі праспаў? — паўзіраўся ён на гадзіннік.— Не можа быць!.. Я ж зусім не памятаю, калі заснуў!
— Як не памятаеш?! Яшчэ клікаў нейкую Гертруду, біўся са мной!
— Нічога не прыпамінаю, фэрфлюхтэ!.. А дзе мой пісталет?.. Ага, тут!.. Пачакай, а ты нікуды не выходзіў?
Олек не паспеў адказаць. Наглытаўшыся лакома вады, Курт брыкнуў на падушку ды захроп зноў.
10.
Атрымаўшы з Беластока такія весткі, я сабе ўсвядоміў, што ехаць у ФРГ няма сэнсу — ад Цымермана даб'юся не больш за Амільяновіча. Зрэшты, беластоцкага ката хутка не стала.
Вярнуўшыся дамоў, частку фатаграфій з Бэльфільда Олек памясціў у газетах ды часопісах. Неўзабаве тысячы людзей пачалі завальваць рэдакцыі абуранымі пісьмамі. Пісалі былыя вязні лагераў смерці, турмаў. Пісалі тыя, хто ўцёк з-пад расстрэлу. Пісалі сваякі ахвяр, сведкі...
— О сакрамэнцкі бандыто, о драно сабачы, пачакай жа! — радаваўся мой сябар.
Матэрыялы на Цымермана ўрад ФРГ атрымаў з указаннем адраса былога ката, з фатаграфіямі яго вілы, рабочага месца — суда ў Бэльфільдзе. Усё гэта з Польшчы паслалі ў Германію з пузатымі мяшкамі свежых пісем, у якіх былі тысячы сведкаў злачынстваў «доктара». Уладзе ФРГ нічога не заставалася рабіць, як узяць ваеннага злачынцу пад стражу.
Олек прысутнічаў на Нюрнбергскім працэсе.
Ён выступаў сведкам, калі судзілі былога гаўляйтара Украіны і Усходняй Прусіі — Эрыха Коха.
На працэс гауляйтара Генералгубернатарства Ганса Франка не трапіў толькі таму, што той да суда пакончыў самагубствам...
Атрымаўшы з генеральнай пракуратуры ФРГ выклік, Амільяновіч ужо збіраўся ехаць у Бэльфільд сведкам наступ-нага працэсу, але прысутнічаць на ім не давялося таксама. Шэф гестапа «Бецырк Бялішток» суда не дачакаўся. Згодна з афіцыйнай версіяй, доктар Цымерман 31 снежня 1965 года налажыў на сябе рукі.