З радасным здзіўленнем на тварах злазілі з вышак камандзір і Панін. Напружанне спарадзіла цуд — у Ліхайвана раптам радыкуліт нібы рукой зняло.
Мужчыны з пытаннем у вачах паглядзелі на Мікалая.
— Глупства, узвод «ляндсвера» [10] — той супакоіў іх.— Спісаныя з франтоў па старасці ці калецтве салдаты з Ружанскага гарнізона. Шукалі па хатах падпольную літаратуру. Такую аперацыю праводзяць кожны месяц. Трэба ж было ім прываліць якраз сёння, халера!..
— Лёгка табе ўдалося загаварыць ім зубы! — дзівіўся камандзір, а яго макраватыя карычневыя вочы глядзелі на разведчыка з захапленнем і любоўю.
— Як толькі заявіў я афіцэру, што служу ў Цымермана афіцэрам па спецыяльных даручэннях, дык яго, беднага, ледзь кандрашка не хапіла ад пашаны і службістасці! — выдаючы і сваё хваляванне, і радасць, што пранесла, абмінула бяду, загаварыў Мікалай.— Немец адразу загадаў нашу хату салдатам абмінуць. Але я на ўсялякі выпадак вырашыў яго пачаставаць — ліха яго ведае, мажліва, ён са сваім узводам тут яшчэ не раз будзе, прыгадзіцца калі-небудзь, Міхал, праўда? Няхай пажарэ, думаю, і нап'ецца, самагонкі нам не шкада!
Ліхайван пахваліў:
— Малайчына!
10.
Праз нейкі час Мікалай узяў веласіпед ды адправіўся па справе ў суседнюю вёску, дзе быў гарнізон. Міхась павёў дэсантнікаў на ноч у гумно.
Сам не свой Мікалай вярнуўся дамоў у наступны дзень аж вечарам. Сабраліся яны зноў у бакоўцы, але вокны шчыльна пазавешвалі посцілкамі, на гэты раз высцерагаючыся партызан. Пачакаўшы, калі маці пойдзе даіць каровы, Мікалай стаў дакладваць камандзіру, як ён выконваў параду Ліхайвана.
Прыбыў Мікалай у суседнюю вёску, прадставіўся камандзіру гарнізона — былому капралу паліцыі Пілсудскага.
— З інспекцыяй ад Цымермана?! — успалашыўся не на жарты камендант.— Яволь, слухаю вас!
Самае галоўнае з паліцаямі-даносчыкамі Мікалай вырашыў зрабіць у наступны дзень. Покуль што папрасіў падрыхтаваць ложак ды паказаць гаспадарку. Для блізіру, агледзеўшы тое-сёе, Буднік адправіўся спаць ды паабяцаў інспекцыю прадоўжыць у наступны дзень. К абеду загадаў выклікаць тых самых паліцаяў, што прагаварыліся на вёсцы.
Праверыўшы ў гарнізоне ўсё, да апошняга патрона, Мікалай назаўтра захапіў пяць вартаўнікоў і накіраваўся ў канцылярыю. Нягоднікі ўжо там чакалі Будніка. З'явіліся яны без вінтовак, бо палічылі — інспектар прыехаў пераводзіць іх на службу ў Ваўкавыск, куды яны прасіліся ўжо каторы месяц. Аднолькава нізкарослыя і мардатыя, у чорных шынялях з шырокімі абшлагамі рукавоў — падобныя адзін на аднаго, як блізняты.
Мікалай пералічыў паліцаям іхнія п'янкі, напомніў украдзенае ў Зеляневічах палатно, але бобікі жартаўліва адбрэхваліся — Буднік для іх быў усё яшчэ земляком, сваім хлопцам, з якім «за польскім часам» хадзілі яны летам на музыкі, а яшчэ раней — пасвілі кароў.
— Вы — што, ганьбіць салдат фюрэра наняліся ў партызан? — павысіў ён голас.— Бальшавікі вас навучылі быць марадзёрамі?! Ану, узяць іх!
Выкліканыя толькі цяпер убачылі няладнае, ды было позна. Вартаўнікі сталі ім вязаць назад рукі, хоць і ўзнялі паліцаі крык. Прыбег камендант гарнізона. Мікалай яму аб'явіў, што па загаду самога Цымермана гэтыя тры тыпы за сістэматычныя рабункі будуць расстраляны. Капрал здзівіўся, аднак Мікалай пераконваць яго не стаў.
Забраўшы пад канвоем арыштаваных, Буднік накіраваўся на плошчу, а каменданту загадаў пастроіць увесь асабовы склад гарнізона ды весці яго за сабой.
У мінуту перад расстрэлам чалавек становіцца самім сабой. У Мікалая цеплілася надзея, што хлопцы, якіх ён крыху ведаў, яшчэ не зусім скончаныя нягоднікі, што трапілі ў паліцыю з дурноты ды цемры, гэта вось-вось выявіцца, і ён ухітрыцца ўсіх трох, прынамсі, ад смерці выратаваць. Мікалай нават ведаў, як гэта робіцца — трэба паліцаяў весці на рас-стрэл цераз лес, каб усе трое маглі нырнуць у гушчар. Адным намерам іх пастраляць ён дабіваўся таго самага эфекту ды ствараў у землякоў сабе рэпутацыю вернага служакі фюрэра — такое парушэнне загаду Ліхайван, мабыць, адобрыў бы.
I вось павалакліся яны праз вёску ў бок царкоўнай званіцы, дзе была плошча. Арыштаваныя пачалі паміж сабой спрачацца, адзін аднаго паддаваць — той палатно браў, а той толькі яго прадаваў, гэты піў больш, а гэтаму не дасталося. Затым яны памірыліся ды паабяцалі Мікалаю выкуп. Калі ў мінулым годзе вывозілі з Пружан яўрэяў, гэтая тройка нарабавала сярэбраных лыжак ды падсвечнікаў. Дабро ў іх было закапанае цяпер у лесе, яны і запрапанавалі яго Мікалаю.
Разведчык успомніў той абоз смерці — нешчаслівых пружанцаў, якіх дабівалі па дарозе ў Ружаны, прыйшоў на памяць Іван Палітыка, і яго пачала разбіраць злосць. Аднак Буднік сябе яшчэ стрымліваў. На ўсялякі выпадак спытаўся: