Белая ўсё ж такі, мабыць, прымала ў падполлі ўдзел. Дзякуючы гэтай жанчыне наш разведчык меў у Беластоку «цёплае» месца, мог разгарнуцца і дзейнічаць.
Але ж чаму яна не разгадала Максімава? Грош цана была б яму як разведчыку, калі б гэта здарылася.
I ўсё ж такі занадта яны былі блізкія, вельмі ён быў ад яе залежны...
Толькі ўсё гэта яшчэ не сведчыць, што Максімаў быў ад Ліхайвана. I дыверсійных, і разведчых груп у «бецырку» налічвалася шмат, ды былі яны ад розных устаноў — НКВД (НКУС), Штаба Чырвонай Арміі, разведкі, контрразведкі. Ліхайван, мабыць, артыстку адно знайшоў і, як было тады ў звычаі, перадаў іншаму камандзіру — памяняў на другога чалавека...
Белая апавяданне сваё працягвала:
— Калі мяне пасля дзесяці гадоў адпускалі з лагера, прыехаў сам Максімаў. Генерал усё смяяўся з мяне, прапанаваў заглянуць у дакументы ды паглядзець, хто Максімаў на самай справе. З-за крыўды глядзець не стала...
Свінтус, мог бы паклапаціцца аб ёй раней.
Зрэшты, хто ведае, як там атрымалася,— падумаў я.— Максімава пасля маглі кінуць у іншае месца — ці да Белай чалавеку было?!
А ты, Белая, не надта прыкідвайся, што ў Беластоку не ведала, хто такі твой пастаялец і што за пасылкі возіш у партызанскія зоны. Найхутчэй за ўсё табе было выгодна не бачыць, не разглядваць сапраўднага твару Максімава, бо вельмі ж ты была занятая тым, каб было што есці, каб над табой не капала ды каб перад табой слаліся мужчыны — я ж сам бачыў. Пра мужа, мажліва, ты і клапацілася, ну і што?
Тым не менш з горкага вопыту ведаю, як гісторыя з Максімавым некаторым нахрапістым людзям паслужыла б для таго, каб на кожным кроку ўсім цвярдзіць пра свае заслугі перад Радзімай. Варанцова нават як бы адмаўлялася ад таго, што рабіла сапраўды для перамогі.
Але ж зноў тут пачыналася аповесць другая, а мне трэба было вяртацца да Будніка.
6.
Ужо нічога ад артысткі не чакаючы, без усякага настрою пачаў я апраўдвацца за прынесены кабеце клопат, стаў расказваць пра Мікалая Будніка.
— Вельмі высокі?! — адначасна і здзівілася і ўзрадавалася Белая.— У эсэсаўскім мундзіры, выдатна валодаў рускай мовай?!. Не ведаю ні яго імені, ні прозвішча, але менавіта такі мяне два разы... Не, пачакайце, што я кажу? Тры разы — ад смерці ўратаваў!
Я насцярожыўся зноў.
— Было гэта... Зараз, зараз, хвіліначку, дай бог памяць!.. Недзе вясной. Ага, якраз на вялікдзень, бо ў цэрквах білі ў званы, бабулі ў кошычках неслі фарбаваныя яйкі!.. У той час якраз ішла паспартызацыя ў Беластоку. Немцы не захацелі даць зарабіць мясцовым фатографам і выклікалі майстра з Кёнігсберга, таму паспартызацыя зацягнулася. Нарэшце к фатографу атрымала запрашэнне і я. Са знаёмым палякам, Паваляй Янекам, адправілася ў пашпартны стол. Між іншым, Паваля таксама з вашых краёў, з мястэчка Грудэк, мо чулі такі гарадок?
— Вядома,— усміхнуўся я.
— У Беластоку тады якраз гітлераўцы распраўляліся з яўрэямі. Ноччу была «акцыя». На вуліцах валяліся голыя целы. Выпадковыя прахожыя прыкрывалі іх газетамі. Каб паперу вецер не змёў, газеты прыціскалі цаглінамі і камянямі. Чалавек з пятнаццаць людскіх ценяў — на іх была скура ды косці — валаклі воз. Яны спыняліся перад кожным трупам, бралі яго за рукі і ногі ды кідалі на платформу.
На Ліпавай, ля касцёла святога Роха, гітлеравец на маіх вачах стрэліў у старога, і той упаў. Немец дабіў чалавека ды зняў фуражку — дзень быў спякотны, фашыст увесь спатнеў. Ён выняў белую хусцінку, асушыў змакрэлую шыю, старанна выцер сярэдзіну аколыша фуражкі, надзеў яе зноў ды сабе пай-шоў, нават не азірнуўшыся на забітага. Недарэкаваты пажылы салдат, які таксама глядзеў на гэтую сцэнку, паківаў мне галавой ды ўздыхнуў: «Іммэр блют, обер іммэр блют, майн гот!..» [13]
Упершыню ўбачыла я тады і яўрэйскіх паліцаяў у «акцыі». Яны выконвалі нямецкі загад — хапалі на вуліцы сваіх суайчыннікаў бытта на работу. Тады ўжо ўсе ў нас ведалі, што людзям гэтым давядзецца не працаваць, а — дыхаць цыклонам у газкамерах Трэблінкі ля чыгуначнай станцыі Малкіні.
Па тратуары якраз ішлі дзве дзяўчыны. Паліцаі адну хапілі. Яна вырывалася ды з крыкам вісла на шыю сяброўцы, развітвалася з ёю, давала ўсё паспешліва нейкія наказы...
У іншым месцы злоўлены хлапец безнадзейна адбіваўся ад цывільных тыпаў з дубінкамі ды з белымі павязкамі на рукавах, пробаваў хоць крыху прадоўжыць сабе жыццё...