Выбрать главу

Бабкі яшчэ раз пераглянуліся, бытта адна адной сказалі — ладна, так і быць.

— Грэшніца такая жыла калісь у манастыры нашым, калі ён быў яшчэ уяніяцкім кляштарам. Прадала душу чорту. Пагналася за золатам і прадала. Пасля і свайго мужыка забіла. Мужыка забіла, усіх ублажыла, а сама потым распустай занялася.

— Ага, вы яшчэ і ў чорта верыце? — вырвалася ў мяне міжволі.

Бабуля не пакрыўдзілася:

— Хто не верыць у нячысціка, не прызнае і Госпада. А я ў пана Бога веру ды з гэтым не хаваюся. Я са сваёй верай хоць у агонь магу ісці. Нават зараз.

— То верце сабе на здароўе. Але давайце разбярэмся ў тым, што расказалі. Зяўленне белай здані, па-вашаму,— чортавыя выхадкі, так?

— Пэўне!

— А чаму Гасподзь дазваляе нячысціку рабіць такія фіглі, чаму не дасць яму па вушах, каб не фокуснічаў, для Госпада ж няма нічога немагчымага?

Бабулі паўзіраліся на мяне сярдзіта:

— Вядома, Гасподзь і зараз мог бы пазбавіць нячысціка сілы ды выбавіць чалавечую душаньку ад пакут, але з-за сваёй нявыказанай ды недаступнай для нашага разумення справяд-лівасці, гэтага не робіць. Так гаворыцца ў Бібліі. А ўсё сказанае ў Святой кнізе — Боская воля і не нам яе абгаворваць ды вы-шукваць у ёй чагосці і сумнявацца, бо гэта — грэх.

— То выбачайце, я не ведаў. Ну, ладна. А што далей было з Валковічыхай?

— Начмуціла, начмуціла, а потым адумалася. Надзела на сябе паясы пакуты[15], дзень і ноч крыжам ляжала перад Дзевай Марыяй. Яшчэ на сябе пасты клала. У Жыровіцы хадзіла. Але душу яе на Неба ўсё роўна Гасподзь не прымаў.

— Не прымаў? — падыграў я бабулі.

— Не. I куды ёй было дзецца, падумайце? Днём забівалася ў шчыліну якую-небудзь ды мардавалася там ад нудоты са шчурамі і прусакамі, бедная, а ноччу выплывала на волю, каб хоць крыху пабыць на свеце божым ды на людзей глянуць хоць адным вокам!

— Унь яно што!

— Вядома! — першая Марыя пацвердзіла гэтак, бытта ніхто не меў права нават сумнявацда ў яе легендзе.

Сястра з ёю згадзілася:

— Супроць Госпада не папрэш. Няма такой сілы, каб пайшла супроць ЯГО.

— I толькі яму дадзена лёс наш вырашаць ды ўсё-ўсенька бачыць! Гэта так думаеш, што ніхто ведаць не будзе, калі змахлюеш. ЁН на небе ўсенька бачыць і запамінае!

— Ба-ачыць! — як рэха паўтарыла напарніца.

Чалавек у чорным дае сястры Ганне вестку

Сястра Марыя мяне ўсё павучала:

— А найбольшую ласку ў ЯГО заслужыш, калі кожны ўчынак свой дабром канчаць будзеш.

Другая зараз жа дадала:

— I малітвай.

Адным словам, падзівіцца было з каго. Мне ж не цярпелася даведацца пра ўсё, звязанае з дзівам. Я пастараўся бабуль вярнуць бліжэй да справы:

— I калі ж, па-вашаму, тое ўсё з Кацярынай Валковіч здарылася, перад вайной ці пасля?

— Даўно,— праказала першая.

— Ой, даўно надта! — дадала другая і ўдаклад-ніла: — Мо сто гадоў, мо тысячу была воля гасподня, каб учыніць такое.

— Адкуль жа вы пра ўсё ведаеце, яшчэ нават з такой дакладнасцю?

Самая спраўная бабуля прызналася:

— Ад сястры Ганны. Ішла тая аднойчы каля могілак, дзе пахаваны манастырскія ігуменшы,— ляжаць яны радочкам у першым кутку кляшторнага падворка, ад ракі. Цяпер пляц вы там зрабілі, бы стол, роўны, і машын наставілі. Сястра Ганна крочыць каля магілкі апошняй нашай ігуменшы, а тут з-за крыжа выйшаў чалавек у чорным адзенні з паперкай у руках ды працягнуў яе сястры Ганне. Якая сястра Ганна была ў нас адважнай, але і яна перапалохалася ды паперку хапіла. Чалавек знік, нібы прывід, а сястра Ганна адбеглася і паднесла да вачэй паперу. Прыглядзелася добра, а там напісана:

«Кацярыну Валковіч за грахі ды распусту Гасподзь пакараў гэтак аж да другога прышэсця. Сваёй зданню недарэчны страх і праклён будзе ў людзей выклікаць ды напамінаць усім людзям, каб не грашылі. Ад гасподня вока, што ўсё бачыць, ратунку няма».

— Прачытала ўсё гэта сястра Ганна, глядзь! — а паперкі ўжо няма!

Бабуля ў зашмальцаваным шэрым халаціку пры-біральшчыцы казала ўсё з павагай і ўпэўнена, як старыя апавядаюць дзецям быліцу, яшчэ і павучаюць іх.

Другая сціпла ўздыхнула, дадала:

— Госпаду Богу відней, каго і як караць.

Дзесьці лёталі нашыя касманаўты. За сцяной снавалі шыкарныя лімузіны. Па тратуарах крочылі тысячы разумных і прыстойных людзей. Цераз дарогу ва універсітэце нашыя вучоныя ў аўдыторыях правілі студэнтам пра высокія матэрыі. Ад усяго гэтага бабуліна байка прагучэла да смешнага прымітыўнай і дзяцінай, аднак мне, па-ранейшаму, было не да смеху.

— Сястра Ганна — маладая і прыгожая?

вернуться

15

Ляжаць гэтыя прылады ў фондах музея. Вузкая металёвая пласцінка з вострымі шыпамі, пакутніцы ёю падпяразваліся. Гледзячы на яе, страх і падумаць, як гэтая халодная штуковіна ўпівалася ў далікатнае жаночае цела. I дарэмна будзеш шукаць на калючках якіх-небудзь слядоў тых колішніх пакутніц — метал табе нічога не гаворыць, каб нават глядзеў у мікраскоп.