Выбрать главу

— Нельга. Граніца гэта граніца.

І тады Іванюк з сакрэтных сваіх боепрыпасаў вычараваў апошні аргумент. Памаленьку, саноўна, бы магутны Т—34, дайшла да стала пузатая бочка мёду. Прыпынілася, прыцэлілася і залатым, салодкім языком ляснула па абаронцах польскасавецкай граніцы.

Першы капітуляваў капітан, затым старшыня, а следам за камандзірамі пасыпаліся і шэраговыя жаўнеры, якім было, па праўдзе, усё роўна — так ці іначай вырашыць начальства, абы не канчаўся нечаканы пачастунак.

Часцей за ўсё прычынай капітуляцыі бывае страх. Звычайная настальгія па сонцы, што заўтра ўзыдзе без нас, шкадаванне жанчын, што ўсміхнуцца каму другому, балючая думка пра ўнукаў, што не прыбягуць нядзельнай раніцай за цукеркай ці пяшчотай. Але ў чалавечым жыцці здараюцца хвіліны незвычайныя, і тады капітуляцыя нараджаецца з адвагі. Розныя бываюць крыніцы чалавечай адвагі. Адны высмоктваюць яе з матчынага малака, другія высысаюць з жытняй самагонкі. Набраўшыся смеласці, чалавек можа змяніць свет і перасячы любую мяжу.

— А чорт з табою, старык. За стадолай Саўчука, кажаш? Што ж, пасадзім там граніцу. Саюз вялікі, а бацька далёка — адкуль яму ведаць.

Потым, змяшаўшы сала з мёдам, дружына салідарным салютам ванітавала за Саўчуковай стадолай. У месца, асвечанае крывёй страўніка, жаўнеры забівалі гранічны слуп.

Ноччу сніліся капітану кашмарныя сны. Высыпаліся з мораку белачырвоныя і чырвоназялёныя слупы. Пераўтвараліся ў салдацікаў, фарміраваліся ў баявы ўзвод, у карны атрад. “Плі!” — голас нябачнага камандзіра выдаўжаўся рэхам выстралаў.

На досвітку ён абудзіўся, абвёў вачыма сцены. Побач на падлозе спачывалі жаўнеры — стомленыя ўчарашнім днём і вячэрай. “Ага, значыць у Іванюка і начуем”, мільганула ў галаве. З іконы глядзеў на капітана Хрыстос. У паўсвятле поранка вочы Хрыста наліваліся сур’ёзным, задуменным позіркам Іосіфа Вісарыёнавіча.

— Усё мы ведаем, усё мы бачым, — казалі гэтыя вочы. І з чатырох куткоў пакоя выпаўзаў страх, акірэчваў капітана, прысаджваўся на грудзі, напіраючы каленямі на страўнік, выціскаў душу высока, да самага горла. Капітан апускаў вейкі, затым адрываў іх, глядзеў у ікону і ўжо бачыў там не сур’ёзны позірк Вісарыёнавіча, а добрую, сінявокую ўсмешку старога Іванюка.

— Малайчына, хлапец. Абяцанне стрымаў, — сінявокім шэптам калыхаўся паўзмрочны пакой. У гэтых сініх вачах капітан знаходзіў нешта знаёмае. Пакуль не ведаў што, але думкі міжвольна крылілі ў родныя мясціны. “Бацька... Такія вочы ў майго бацькі. Дакладна”.

— Усё мы ведаем, усё мы бачым, — з першым голасам пераклікаўся другі, і капітану прыпомніліся баі пад Варшавай, і ўсе тыя бомбы і гранаты, што чорнымі ніткамі ў адзін вузел звязваюць жыццё і смерць. Падумаў яшчэ і пра кулі, што прасвісталі побач і, ці не першы раз, пашкадаваў: чаму ж абмінулі ўсе..

За сняданкам капітан азваўся:

— Ведаеце, хлопцы, трэба ўсёткі вярнуць граніцу назад...

— Як, назад? — сінія вочы Іванюка зліліся з блакітам паўтарачкі, прыведзенай для канчатковага замацавання ўчарашняй перамогі ў маленькай вайне за маленькую тэрыторыю.

— Ну, пакуль што — назад. Праз тыдзень трэба мне ў Маскву, пагавару, папрашу. Сталін не воўк, а чалавек, не пакрыўдзіць, — ці сапраўды так, капітан не ведаў і пры думцы пра сустрэчу з найважнейшым у свеце чалавекам сэрца выдаўжала крок, выбіваючы ў грудзях рытм шалёнага марша. Але ўцячы ад блакітных, пабацькоўску знаёмых вачэй Іванюка таксама не было як. Адтэрміноўваючы праблему, хаваючыся ад яе ў самую вядомую і самую бяспечную стадыю свядомасці, сказаў:

— А цяпер налі. Добрая твая самагонка, старык...

Так было тыдзень таму. І цяпер, выструніўшыся перад генералісімусам, капітан паўтарае:

— Вельмі харошая самагонка ў Апацы. Сільная. Пячэ. А больш нічога там няма. Можа быць Саюзу гэтая дзярэўня, а можа і не быць....

— Гм. Харошая, кажаш, самагонка. Лучшэ, чэм віно Цынандалі? — Іосіф Вісарыёнавіч усміхаецца, а на памяць прыходзіць маленькая вінярня ў мястэчку Цынандалі. Залажыў яе Аляксандр Чаўчавадзэ, сын першага грузінскага пасла ў царскім СанктПецярбургу.

З віном Цынандалі свет пазнаёміўся ў 1894 годзе. Раскрыў рот, пасмакаваў і захапіўся. А дзяцюк Сасо якраз пачынаў адукацыю ў духоўнай семінарыі, што сваім шляхам раскрывала дзверы ў паўзмрочныя піўнічкі мясцовых айцоў. Таіліся там кадзі, запоўненыя далікатным, белым Напарэулі, сухім чырвоным, бы кроў горца, Мукузані, а самыя сакрэтныя закавулкі прыхоўвалі ад нахабнага вока вылузанае грузінскім сонцам з сакавітых шарыкаў Ркацытэлі залатое віно Цынандалі. А вочы Сасо ў той час былі ўжо хуткія і пранізлівыя.