Выбрать главу

Званiлi тэлефоны, успацелыя лiстаношы iмчалiся з экспрэс-поштаю ад старшынi зямельнага ўрада да архiбiскупа, ад архiбiскупа да духоўнай семiнарыi, дзе давераная асоба якраз усхваляла вартасцi неаготыкi; давераная асоба з пурпуровым тварам села ў дылiжанс, што чакаў побач; грукат капытоў па простым бруку пачаў аддаляцца; колы скрыгаталi на адважна крутых паваротах; спешна, спешна, паведамленне! Фэмель? Нiколi не чуў пра такога. Яго праект? З тэхнiчнага пункту гледжання выдатны, калi браць пад увагу калькуляцыю — трэба прызнаць, Ваша прывялебнасць, — наколькi можна меркаваць на першы погляд, пераконвае, аднак жа стыль? Жахлiвы; толькi цераз мой труп. Труп? Архiбiскуп усмiхаецца; прафесар, творчая натура, поўны агню, пачуццяў, зашмат сiвых, крыху кучаравых валасоў; цераз труп, ну-ну; курсуюць шыфраваныя запыты памiж Грумпэтэрам i Брэмокелем, памiж Брэмокелем i Волерзайнам: карыфеi, што былi ворагамi да смерцi, на некалькi дзён зрабiлi перамiр'е, пыталiся адзiн у аднаго ў шыфраваных лiстах i тэлефанаграмах: "Цi кветкавая капуста псуецца?" — гэта павiнна было значыць: "Цi можна адклiкаць абатаў з пасады?" I прыходзiлi адказы, што забiвалi ва ўпор: "Кветкавая капуста не псуецца".

Я ж на чатыры тыднi знiк; якою цiхамiрнаю была мая магiла; зямля абсоўвалася на яе паволi, мякка насыпалася зверху i побач са мною; мяне аглушаў спеў работнiц; лепш за ўсё было нiчога не рабiць, але цяпер я пачну дзейнiчаць, мушу дзейнiчаць, калi яны раскапаюць маю магiлу, здымуць накрыўку з труны i адкiнуць мяне назад, у час, дзе кожны дзень мае найменне, а кожная гадзiна — нейкi абавязак; гульня стане сур'ёзнаю; я не прыносiў ужо прыкладна a другой гадзiне талерку гарохавага супу з маёй маленькай кухнi; я яго ўжо не падаграваў, а еў халодны; мяне не вабiлi нi стравы, нi грошы, нi слава; я любiў гульню, меў патрэбу ў сваёй цыгары i тужыў па жанчыне, па жонцы. Цi стане ёю тая цёмнавалосая зграбная i гожая дзяўчына з тэрасы дома, што насупраць — Ёганна Кiльб? Заўтра яна будзе ведаць маё iмя; цi я знудзiўся проста па якой-небудзь дзяўчыне, альбо — менавiта па ёй? Мне зрабiлася невыносна кантактаваць увесь час з аднымi мужчынамi — усе яны здавалiся мне смешныя: вернiкi i бязбожнiкi, тыя, што расказвалi непрыстойныя показкi, i тыя, якiя дазвалялi сабе слухаць iх, бiльярдысты, лейтэнанты-рэзервiсты, спевакi, прыдзвернiк i кельнеры; я меў iх задосыць, радаваўся хвiлiнам памiж пятай i шостай, тварам работнiц, у адной грамадзе з якiмi я выходзiў праз браму; я любiў пачуццёвасць, напiсаную на iх тварах, што нязломна плацiлi данiну плыннасцi часу; я з найбольшай ахвотаю пайшоў бы з адною з iх на танцы, ляжаў бы з ёю ў асенняй водарнай траве — парваў бы распiску, спынiў бы сваю вялiкую гульню — гэтыя дзяўчаты смяялiся, спявалi, ахвотна елi i пiлi, плакалi i не былi падобныя да тых фальшывых козак, што правакавалi мяне, кватэранаймальнiка, на любошчы, якiя здавалiся iм смелымi. Гэта ўсё яшчэ належала мне — постацi i рэквiзiт; яшчэ мяне слухалiся статысты — у гэты апошнi дзень, калi мне не хацелася халоднага гарохавага супу, а я занадта быў лянiвы, каб яго сабе пагрэць; я хацеў давесцi да канца гульню, якую я выдумаў у нудоце местачковых надвячоркаў, калi я спраўдзiўшы дастатковую колькасць муравальнага раствору, якасць цэглы, вертыкальнасць муроў i аддаўшы перавагу нудоце карчмы перад нудотай канцылярыi — пачаў на маленькiх картках рабiць накiды праекта абацтва.

Гульня мяне ўжо не адпусцiла; рысункi рабiлiся буйнейшымi, уяўленнi дакладнейшымi, i амаль незаўважна для сябе я ўлез у калькуляцыi; вучыўся лiчыць, вучыўся рысаваць; калi ласка; я паслаў Кiльбу пяцьдзесят залатых марак i атрымаў умовы конкурсу; аднаго разу ў нядзелю я выбраўся ў Кiслiнген; квiтнеючыя збожжавыя палеткi, цёмна-зялёныя бурачныя палi, лес, у якiм калi-небудзь павiнна было стаяць абацтва; я вёў сваю гульню далей, збiраў iнфармацыю пра сваiх працiўнiкаў, чые прозвiшчы калегi вымаўлялi з пабожнай нянавiсцю: Брэмокель, Грумпэтэр, Волерзайн; я аглядаў спраектаваныя iмi будынкi: цэрквы, лякарнi, каплiцы, Волерзайнаў сабор; я адчуваў, ветрыў носам, бачачы гэтыя безнадзейныя збудаваннi: будучыня ляжыць перада мною i чакае, што я вазьму яе — нiбы зямля, якую трэба было засвоiць; невядомая зямля, у якой закапаныя залатыя манеты для таго, хто здолее ўжыць хоць трохi стратэгii; i я ўзяў будучыню ў руку, мне трэба было яе толькi моцна схапiць; час раптоўна зрабiўся магутнай сiлай, я недаацанiў яго; ён праходзiў нявыкарыстаны, у той час калi я за некалькi залатых манет аддаў няздарам i лiслiўцам умеласць сваiх рук i матэматыку свайго розуму; я купляў паперу, таблiцы, алоўкi i падручнiкi; гульня, за якую я плацiў толькi адным: часам. Але ў мяне быў час, ён быў мне падораны; нядзелi былi маiмi разведвальнымi днямi; я вывучаў мясцовасць, хадзiў па вулiцах: Модэстгасэ, у доме нумар 7 можна было наняць рабочы кабiнет; насупраць, у доме нумар 8, жыў натарыус, у якога пад пячаткай захоўвалiся праекты; межы былi адкрытыя, мне трэба было толькi пераступiць iх; i толькi цяпер, заглыбiўшыся ў тэрыторыю краiны, якую я павiнен быў заваяваць, адчуваю сябе ўжо напалову яе ўладальнiкам, толькi цяпер, калi вораг яшчэ спаў, я абвясцiў вайну; я зноў праверыў, цi на месцы распiска; яна была на месцы.

Праз дзень першы госць павiнен быў пераступiць парог майго рабочага кабiнета — абат, малады, цемнавокi, спраўны; якi хоць яшчэ i не панаваў, а ўжо быў звыкся з панаваннем.

— Адкуль Вам было вядома, што наш святы айцец Бенедыкт не рэкамендаваў раздзяляць братоў-законнiкаў i айцоў святароў у рэфекторыi?

Ён хадзiў сюды-туды па рабочым кабiнеце, паглядаў раз-пораз на праект, потым спытаўся:

— Цi Вы здолееце вытрываць, не апусцiць рукi, не паддасцёся гэтым крумкачам?

А мне было боязна перад гэтай вялiкай гульнёй, якая падымалася з папераў i павiнна была завалодаць мною; я гуляў у гэтую гульню, але нiколi сабе не ўсведамляў, што я мог бы ў ёй таксама выйграць; мне было б досыць славы, што я не атрымаў перамогi ў змаганнi супраць Брэмокеля, Грумпэтэра i Волерзайна, але — каб перамагчы iх? Мне было вусцiшна, ды я сказаў:

— Вытрываю, не паддамся, вялебны ойча.

Ён згодна кiўнуў галавою, усмiхнуўся i пайшоў.

А пятай я разам з грамадою работнiц выйшаў праз браму, каб зрабiць запланаваную вячэрнюю праходку па горадзе; я бачыў схаваныя пад вэлюмам пякноты, што ехалi ў каламажках на спатканнi; лейтэнантаў, якiя ў кавярнi Фуля пiлi моцныя трункi пад слабую музыку; штодня я рабiў чатырохкiламетровы шпацыр — заўсёды адной дарогай i ў адзiн час; усе павiнны былi бачыць мяне, бачыць у адзiн i той самы час, у адных i тых самых месцах — гаспадынi крамаў, банкiры i ювелiры; вулiчныя жанчыны i кандуктары, экспедытары крамаў, кельнеры i хатнiя гаспадынi; яны павiнны былi бачыць i бачылi мяне памiж пятаю i шостаю, з цыгараю ў руцэ; гэта не было прынята — я ведаю, але ж я мастак: вызнаваць нон-канфармiзм — мой абавязак; мне можна таксама спыняцца каля катрыншчыкаў, якiя разменьваюць на грошы меланхолiю канца рабочага дня; вулiца летуценняў-сноў, што вяла праз кабiнет летуценняў-сноў: мае статысты мелi добра нашмараваныя суставы, невiдочныя нiткi рухалi iмi; яны адкрывалi раты, каб вымавiць прадугледжаныя мною дзеля iх штатмпы; халодная мелодыя бiльярдавых шароў у гатэлi "Прынц Генрых" — белае на зялёным, чырвонае на зялёным; манекены згiналi рукi, каб ударыць па шары, каб паднесцi да рота куфаль з пiвам; яны набiралi ачкi, гулялi серыi, па-каляжанску ляпалi мне па плячы; ax, гэтак! ax, не! о, блiскуча! вам не пашэнцiла; а я чуў, як камякi зямлi падаюць на маю труну, перадсмяротны крык Эдыт i апошнi позiрк светлавалосага вучня столяра — позiрк, якiм ён павiнен быў акiнуць каменныя муры вязнiцы, былi ўжо напагатове.