Я паехаў з жонкаю i дзецьмi ў далiну Кiса, паказаў iм з гордасцю вынiк працы маёй маладосцi, наведаў пастарэлага ўжо абата i прачытаў на яго твары гады, якiх не мог убачыць на сваiм; кава ў гасцёўнi, пiрог, выпечаны са сваёй мукi, са слiвамi, што выраслi ў сваiм садзе, i са смятанкаю, знятаю з малака ад сваiх кароў; маiм сынам было дазволена зайсцi ў клаўзуру, жонка з дочкамi, што ўвесь час хiхiкалi, павiнны былi чакаць на вулiцы: чацвёра сыноў, трое дачок — сямёра дзяцей, якiя падораць мне сем разоў па сем унукаў; абат жа сказаў мне з усмешкаю: "Мы ўжо цяпер нават суседзямi зрабiлiся". Сапраўды, я купiў абедзве вёсачкi: Штэлiнгер-Гротэ i Гёрлiнгерс-Штуль.
— Ах, Леанора, зноў — з Кронэравай кавярнi? Hе, я ж сказаў выразна: шампанскага не трэба. Цярпець не магу шампанскага. А зараз — працы канец, маё дзiця. Калi ласка. I цi не маглi б Вы замовiць мне таксi, на чатырнаццатую? Няхай чакае мяне каля брамы; можа, падвязу i Вас трохi. Hе, праз Блесэнфэльд я не еду. Добра, калi жадаеце, можам гэта яшчэ ўдакладнiць.
Ён адвярнуўся ад сваёй рамы са зменнымi малюнкамi, разгледзеў сцены кабiнета, дзе на сцяне вiсеў вялiкi праект абацтва, а ў паветры было поўна пылу, якi, нягледзячы на ўсю асцярожнасць, падымаўся з-пад рук Леаноры; яна з ахвотаю прыбрала ў сталёвай шафе, падала яму вялiкi пачак банкнотаў, якiя страцiлi сваю вартасць яшчэ трыццаць пяць год таму; потым, патросшы галавою, выцягнула на свет божы iншы пачак грошай, якiя не мелi вартасцi ўжо дзесяць год; яна дбайна пералiчыла на рысавальным стале ўсе чужыя купюры: дзесяць, дваццаць, восемдзесят, сто — тысяча дзвесце марак.
— Кiньце гэта ў агонь, Леанора, цi аддайце iх, можа, дзецям з вулiцы гэтыя задуманыя з вялiкiм размахам цэтлiкi ашуканства, якое пачалося трыццаць пяць, а паглыбiлася дзесяць год таму. Я нiколi не надаваў увагi грашам, а, нягледзячы на гэта, усе былi перакананыя, што я прагны да грошай; яны зрабiлi памылку: я не прагнуў грошай, распачынаючы вялiкую гульню; i толькi калi я выйграў i зрабiўся вядомы — толькi тады я ўсвядомiў сабе, што ўва мне ёсць два варункi вядомасцi i папулярнасцi: я быў рупны, гжэчны, просты, быў мастаком, афiцэрам-рэзервiстам; чагосьцi дасягнуў, зрабiўся багатым, аднак… аднак быў усё ж "чалавекам з народа" i нiколi таго не адмаўляў; не дзеля грошай, славы, жанчын я ўкладаў алгебру будучынi ў формулы, ператвараў X, Y i Z у рэальныя велiчынi — у сялянскiя гаспадаркi, банкаўскiя рахункi, у магутнасць, якую я ўвесь раздаваў i якая вярталася да мяне ўдвая большая; Давiд з усмешкаю, мяккi, вага якога не большала i не меншала нi на адзiн фунт; моцна закранулi мяне непрадбачаныя абставiны, якiх я гэтак спрагнёна жадаў: то былi каханне маёй жонкi i смерць дачкi Ёганны сапраўднай прадстаўнiцы роду Кiльбаў: ёй было толькi паўтара года, а я ў тых дзiцячых вачах, як i ў вачах майго маўклiвага бацькi, бачыў старажытную мудрасць, на цёмным дне гэтых вачэй, якiя, здавалася, ужо ведалi, што такое смерць; шкарлятына расцвiла на гэтым цельцы, нiбы жахлiвае пустазелле, падымалася ўверх па сцёгнах, iшла ўнiз да самых ступняў, сеяла гарачку, i белая, нiбы снег, смерць вырастала з усяго таго, вырастала, нiбы цвiль, на чырвонай квеценi, уядалася ў цела, выходзiла чарнотай з ноздраў; непрадбачаныя абставiны, якiх я прагнуў, - яны прыйшлi, як праклён, стаiлiся ў гэтым жахлiвым доме; выбухнула спрэчка, раптоўная перапалка з пробашчам сабора Святога Севярына, з цесцем i цешчаю, з шваграмi, бо я забараняў спяваць на жалобнай iмшы; i ўсё ж я настояў на сваiм i дамогся свайго; я страшэнна спалохаўся, калi пад час набажэнства пачуў шэпт Ёганны: «Iсусе».
Я нiколi не вымаўляў гэтага iмя, ледзьве дазваляў сабе падумаць пра яго i ўсё ж ведаў: я ў ягонай уладзе; анi ружанец Домгрэве, анi салодка-кiслыя даброты поўных мараў пра замужжа гаспадарскiх дачок, анi гешэфты са спавядальнямi шаснаццатага стагоддзя, прадаванымi на патаемных аўкцыёнах за вялiкiя грошы, якiя Домгрэве потым у Лакарна выменьваў на танныя грахi; анi жорсткiя махлярствы аблудных пастыраў, сведкам якiх мне давялося быць; анi вартыя жалю спакушэннi наскрозь грэшных дзяўчат; анi маўклiвая бацькава суровасць — нiшто не магло забiць ува мне таго слова, якое Ёганна прашаптала, стоячы каля мяне: «Iсусе»; анi бясконцыя вандроўкi ў прадзьмуваных наскрозь тунелях старажытнае горычы i роспачы — калi я на ледавiтых акiянах прышласцi, аточаны самотнасцю, як агромнiстым ратавальным кругам, смехам дадаваў сабе сiлы — гэтае слова не было ўва мне забiтае: я быў малым Давiдам з прашчаю i малым Данiлам у пячоры льва i быў гатовы ўспрыняць непрадбачанае здарэнне, якога я так прагнуў: смерць малой Ёганны 3 верасня 1909 года. Таксама тае ранiцы ўланы ехалi па простай брукаванцы; дзяўчаты-разносчыцы малака, хлопцы з пякарнi, служкi божыя ў сутанах, якiя раздзiмалiся ад ветру; ранiца; дзiк перад Грэцавай крамай, лiпкi смутак хатняга лекара, якi сорак гадоў сведчыў пра нараджэннi i смерцi ў доме Кiльбаў; у старэнькай скураной папцы ён насiў набор непатрэбных iнструментаў, якiя дапамагалi яму ўводзiць усiх у зман адносна дарэмнасцi яго намаганняў; ён накрыў знявечанае цела, а я зноў зняў покрыва; я хацеў убачыць цела Лазара, вочы майго бацькi, якiмi гэтае дзiця не захацела глядзець больш як паўтара года; а побач, у спальнi, крычаў Генрых; званы на вежы Святога Севярына разбiвалi час на чарапкi, званiлi а дзевятай да ютранi; цяпер Ёганне было б пяцьдзесят год.
— Бiлеты ваеннай пазыкi, Леанора? Я не падпiсваўся на iх, гэта спадчына па маiм цесцю. У агонь iх — гэтак, як i банкноты. Два ордэны? Вядома, я ж будаваў мiнныя галерэi, цягнуў лiнii траншэяў, умацоўваў артылерыйскiя пазiцыi, трапляў пад шалёны абстрэл, выцягваў параненых з-пад агню: другога рангу, першага рангу… дай мне iх сюды, Леанора; мы выкiнем iх у вулiчны равок — хай валяюцца ў гразi на дне таго раўка. Аднаго разу Ота выгледзеў iх у шафе; я стаяў за рысавальным сталом i запозна прыкмецiў фатальны бляск у яго вачах; ён убачыў iх, i пачцiвасць яго да мяне пабольшала; запозна. Дык выкiнь iх хоць бы цяпер, каб Ёзэф калi-небудзь не знайшоў iх у спадчыне па мне.
Пачуўся цiхi звон, калi ордэны, кiнутыя iм, звалiлiся са стромага даху ў вулiчны равок; яны ўпалi туды матавым бокам дагары.
— Чаму Вы так спалохалiся, дзiця маё? Яны ж належаць мне, i я магу зрабiць з iмi ўсё, што захачу; запозна, але ўсё ж, напэўна, i своечасова. Будзем спадзявацца, што неўзабаве пойдзе дождж, якi знясе ўсю гразь з даху ў равок; позна раблю я гэтую ахвяру памяцi па маiм бацьку. Далоў гонар бацькоў, дзядоў i прадзедаў.
Я адчуваў сябе досыць моцным i быў гэткiм, з маiх формулаў вычытваў алгебру будучынi, i формулы гэтыя ператваралiся ў фiгуры; абаты i архiбiскупы, генералы i кельнеры — усе былi мне за статыстаў; толькi я адзiн выступаў як салiст. Нават тады, калi штовечара ў пятнiцу ў Нямецкiм Гурце Аматараў Спеваў разаўляў рот i спяваў разам з iншымi хорам: "Што ў промнях сонца там зiхацiць?" Я спяваў добра, навучыўся спевам ад свайго бацькi; з лёгкай усмешкаю дэманстраваў сваю барытонавую палiтру; дырыжор, размахваючы палачкай, нават не ўсведамляў, што ён падпарадкоўваецца маёй палачцы; i яны запрашалi мяне да свайго абавязковага хаўрусу; мне давалi даручэннi; смеючыся, паляпвалi па плячы. "Таварыскiя сувязi, малады дружа, гэта — соль жыцця". Сiвавалосыя калегi з кiслаю мiнаю пыталiся: "адкуль?" "куды?", але я адно спяваў: "Том, вершавальнiк…" — ад восьмай да дзесятай, нi хвiлiны больш. Мой мiф павiнен быў стварыцца, перш чым выбухне скандал. "Кветкавая капуста не псуецца".
Я вандраваў з жонкаю i з дзецьмi ўверх па далiне Кiса, хлопчыкi спрабавалi лавiць стронгу; мы iшлi памiж вiнаграднымi плантацыямi i палеткамi з пшанiцаю, палямi буракоў i кавалкамi лесу; на вакзале ў Дэнклiнгене пiлi пiва i лiманад — а я ж ведаў, што толькi гадзiну таму я аддаў эскiзы, узяў распiску, самотнасць ахiнала мяне, як вялiкi ратавальны круг: я ўсё яшчэ плыў па часе, апускаючыся ў далiны хваляў, перасякаючы акiяны мiнуўшчыны i цяпершчыны, i, ратаваны самотнасцю, я не патанаў, а глыбока ўцiнаўся ў ледзяны холад будучынi; пры мне была жалезная порцыя майго смеху, якую я скарыстоўваў вельмi ашчадна — я працiраў вочы, вынырнуўшы на паверхню, выпiваў шклянку вады, з'ядаў кавалак хлеба i з цыгараю ў зубах падыходзiў да акна: там, на другiм баку вулiцы, яна шпацыравала па тэрасе, з'яўлялася раз-пораз у адкрытым месцы альтанкi; схiлiўшыся над бар'ерам, выглядвала на вулiцу, дзе яна бачыла тое ж самае, што бачыў я — практыкантаў, грузавыя вазы, манашак, вулiчны рух; яна мела дзевятнаццаць год, звалася Ёганна, чытала "Падступнасць i каханне"; я ведаў яе бацьку — у гурце спеваў то быў магутны бас, якi, на маю думку, не надта падыходзiў да бездакорнага выгляду ягонай канторы: у iм не было нiзвання таемнасцi, духу, у якiм выхоўвалi практыкантаў; гэты голас быў створаны дзеля таго, каб наводзiць на каго-небудзь жах, меў у сваiм гучаннi таямнiчы грэх. Цi ён ужо ведаў, што яго адзiная дачка стане маёй жонкай? Што мы цiхiмi надвячоркамi раз-пораз дорым адно аднаму ўсмешкi? Што я ўжо думаю пра яе з палкасцю законнага жанiха? Яна была цёмнавалосая, бледнатварая, i я не дазволiў бы ёй насiць сукенак колеру рэзеды; ёй будзе пасавац усё зялёнае; выходзячы каля пятай на свой штодзённы шпацыр, я падбiраў ужо ёй сукенкi, капелюшы ў вiтрынах крамы Гэрмiны Горушкi, каля якой я праходзiў штодня a шаснаццатай сорак — i ў дождж, i ў ветраныя, i ў сонечныя днi; я вызвалю Ёганну з тае прастадушнасцi, што нiяк не дапасоўвалася да голасу бацькi, i буду купляць ёй цудоўныя капелюшы — велiчынёю з кола павозкi, сплеценае з грубай зялёнай саломкi; я не хацеў быць яе ўладаром, я прагнуў яе кахаць i не хацеў чакаць болей. Ранiцай у нядзелю, узброены кветкамi, я пад'еду ў дылiжансе — прыкладна гэтак каля паловы на дванаццатую, калi яны скончаць снедаць па вяртаннi ад ютранi, i мужчыны пяройдуць у кабiнет, каб выпiць кiлiшак гарэлкi… — "Прашу рукi Вашае дачкi". Штодня па абедзе, калi я вынырваў са сваiх акiянаў, я паказваўся тут, у акне майго кабiнета, рабiў ёй паклон; мы слалi адно аднаму ўсмешкi, i я зноў адступаў у паўзмрок; я паказваўся ў акне таксама, каб пазбавiць Ёганну ўпэўненасцi, што за ёю нiхто не сочыць; я не дазваляў сабе хавацца, нiбы павук у сетцы; не мог трываць, каб глядзець на яе i каб яна мяне не бачыла: ёсць рэчы, якiх не робяць.