Выбрать главу

На дрэвах у садзе, у Блесэнфэльдскiм парку — старанна намаляваныя шыльдачкi: 25, 50, 75, 100; ён укленчыў пры стартавых ямках, прамармытаў сам сабе: "На старт… увага… марш!" — i пабег; часам ён запавольваў свой бег, вяртаўся, глядзеў час на секундамеры, запiсваў яго ў сшытак мармуровага колеру, што ляжаў на каменным столiку ў садзе — i зноў укленчваў пры стартавых ямках, мармытаў сабе каманду, бег, адно зусiм крыху павялiчваючы тэмп на выпрабаванай дыстанцыi; часцяком праходзiла нямала часу, пакуль ён пачынаў выбягаць за 25 метраў i яшчэ больш — пакуль ён прабягаў пяцьдзесят; на заканчэнне ён бег усю дыстанцыю, 100 метраў, i запiсваў дасягнуты час у сшытак — 11,2. Гэта нагадвала фугу — дакладна, хвалююча: а ўсё ж мела ў сабе адцiнкi вялiкай нуды, падобную да прорвы вечнасць у летнiя адвячоркi, у садзе альбо ў Блесэнфэльдскiм парку; старт — вяртанне; старт — малое паскарэнне — вяртанне; таксама яго тлумачэннi, калi ён сядаў каля яе, аналiзаваў i вытлумачваў запiсаныя ў сшытку лiчбы, хвалiў перавагi сваёй сiстэмы — усё гэта было адначасна хвалюючае i нуднае; яго трэнiроўкi папахвалi фанатызмам; гэтае дужае i зграбнае юначае цела пахла потам сур'ёзных высiлкаў маладых людзей, што яшчэ не зведалi кахання; гэтаксама пахлi яе браты, Бруна i Фрыдрых, калi злазiлi са сваiх спартыўных ровараў, з галовамi, поўнымi лiчбамi кiламетраў, хвiлiн i секундаў, а пасля ў садзе давалi паслабу сваiм фанатычным цяглiцам ног з дапамогаю фанатычных выраўнальных практыкаванняў; гэткi пах iшоў ад бацькi, калi ён пад час рэпетыцый хору паважна напiнаў грудзi, калi дыханне рабiлася спортам, спеў не быў прыемнай забаваю, а складнiкам грамадзянскай павагi, аблямаванай салiднымi вусамi; яны сур'ёзна спявалi, сур'ёзна ездзiлi на роварах, мелi вартыя сур'ёзнай увагi цяглiцы на нагах, на грудной клетцы, каля губ; сутаргi прарысоўвалi брыдкiя фiялетавыя маланкi на скуры ног i шчок; яны гадзiнамi выстойвалi сярод халодных восеньскiх начэй, каб пастраляць па зайцах, якiя хавалiся за галоўкамi капусты, а ўрэшце на досвiтку выказвалi лiтасць да занямелых цяглiцаў, наважвалiся даць iм палёгку i беглi зiгзагамi сярод дробнага, як шрот, дажджу: "навошта-навошта-навошта?" Дзе быў ён той, хто насiў у сабе таямнiчы смех, схаваную ў схаваным гадзiннiкавым механiзме спружыну, што памяншала невыносны ўцiск, знiмала напружанасць; ён, той адзiны, хто не пакаштаваў бычынага прычасця? Усмешка ў альтанцы, "Падступнасць i каханне"; яна нахiлiлася над балюстрадаю, бачыла, як ён выходзiў з брамы друкарнi; ён лёгка пашыбаваў да Кронэравай кавярнi, маючы ў сабе таемны смех, нiбы спружыну; цi быў ён яе здабычай, цi яна была ягонай?

Памалу, памалу! Чаму заўсёды ты iдзеш гэтак выпрастаўшыся, не згiнаючыся? Адзiн неасцярожны крок — i ты звалiшся ў блакiтную прорву i разаб'ешся тут, унiзе, аб бетонныя сцены раўка з кампостам; звялае лiсце не паменшыць сiлы ўдару; гранiтны падмурак сходаў — не падушка; цi быў гэта ён? Хто? Наглядчык Гупэрц сцiшана стаяў у дзвярах: гарбату, каву, пiва, вiно альбо каньяк для госця? Хвiлiначку, калi ласка, Фрыдрых прыехаў бы сюды конна: ён нiколi не палез бы ў той жоўты аўтобус, што, нiбы жук, поўз там уверсе ўздоўж сцяны; а Бруна нiколi не хадзiў без кiйка: забiваў, рассякаў iм час; разбiваў яго на часткi кiйком альбо картамi, якiя ён начамi, днямi шпурляў, нiбы штылеты; Фрыдрых прыехаў бы сюды конна, а Бруна нiколi б не паявiўся без клiнка; не трэба нi каньяку для Фрыдрыха, нi вiна для Бруна; яны загiнулi; ашалелыя ўланы папёрлi пад Эрбi-ле-Юэт проста пад кулямёты; яны думалi, што бюргерскiя заганы вызваляць iх ад бюргерскiх цнотаў, непрыстойнымi показкамi яны хацелi вынiшчыць неабходнасць практыкавацца ў цiхманасцi, голыя балерынкi, што танцавалi на сталах у клубе, не зневажалi памяцi шаноўных продкаў, бо гэтыя продкi зусiм не былi гэткiя шаноўныя, як яны выглядаюць у партрэтнай галерэi; каньяк i вiно выкрэслены назаўжды з карты напояў, дарагi Гупэрц. Можа, пiва? Отава хада была не такая эластычная, гэта было падобна да маршыроўкi: яго боты выстуквалi варожасць на плiтках калiдора, на бруку, на ўсёй вулiцы Модэстгасэ; Ота рана пакаштаваў бычынага прычасця, а можа, гэта яго брат, памiраючы, пакiнуў яму ў спадчыну тое прозвiшча — Гiндэнбург? Праз два тыднi пасля Генрыхавай смерцi нарадзiўся Ота; ён загiнуў пад Кiевам; я не хачу больш нi ў чым сабе манiць, Гупэрц: Бруна i Фрыдрых, Ота i Эдыт, Ёганна i Генрых — усе яны больш не жывуць.

Кава таксама не будзе патрэбна; гэта не тая асоба, чыю прытоеную ўсмешку я чула ў кожным кроку: той старэйшы; а гэтаму прынясi гарбаты, Гупэрц, — свежай, моцнай, але без цукру; гарбаты майму сыну Роберту, непахiснаму, выпрастанаму, якi заўсёды жыў таямнiцамi, i цяпер у ягоных грудзях жыве таямнiца; яны бiлi яго, панявечылi яму ўсю спiну, але ён не паддаўся, не выдаў сваёй таямнiцы, не выдаў Георга, майго стрыечнага брата, якi прыгатаваў яму чорны порах у "Аптэцы пад Гунамi"; павiснуўшы памiж дзвюма драбiнамi, ён спускаецца цяпер сюды, з перакладзiны на перакладзiну; лунае ў паветры, распасцёршы рукi, нiбы Iкар; спускаецца да ўвахода; ён не ўпадзе ў равок з кампостам, не разаб'ецца аб гранiт. Гарбаты, дарагi Гупэрц, — свежай i моцнай, з малаком, але без цукру; i цыгарэт, калi ласка, для майго архангела: ён прыносiць мне змрочныя весткi, якiя пахнуць крывёю, бунтам i помстаю: яны забiлi таго светлавалосага хлопца; ён бегаў сто метраў за 10,9; колькi разоў я яго бачыла, ён усё смяяўся; а бачыла я яго толькi тры разы; сваiмi зграбнымi рукамi ён направiў маленькi замочак у шкатулцы, у якой я захоўвала бiжутэрыю, чаго за сорак год не здолеў зрабiць нiводзiн майстар-слесар; ён адно дакрануўся да замочка — i ўсё было ў парадку; ён не быў архангел, а ўсяго толькi анёлак; хлопца звалi Фэрдзi, у яго былi светлыя валасы; неразумны, ён думаў, што можна, узброiўшыся адно хлопаўкаю, выходзiць на iх — тых, што пакаштавалi бычынага прычасця; ён не пiў нi гарбаты, нi вiна, нi пiва, нi кавы, каньяку, а проста падстаўляў рот пад струмень вады з крана i смяяўся; каб быў жывы, ён бы здабыў мне стрэльбу; альбо той, другi, цёмнавалосы анёлак, якому было забаронена смяяцца, брат Эдыт; яны звалi яго Шрэла, i ён быў з тых, каго нiколi не называюць па iмю, Фэрдзi б зрабiў гэта… ён бы заплацiў за мяне выкуп i выцягнуў бы мяне можа, з дапамогаю стрэльбы — з гэтага замка, у якiм я жыву нiбы заклятая; а так вось гэтае закляцце застаецца на мне; толькi па агромнiстых драбiнах можна выбрацца на свет Божы; вось мой сын спускаецца да мяне.

— Добры дзень, Роберт, ты ж вып'еш гарбаты? Hе сцiнайся, калi я цалую цябе ў шчаку; ты выглядаеш на саракагадовага мужчыну; сiвiзна на скронях, вузкiя нагавiцы i нябесна-блакiтная безрукаўка; цi не залiшне ўсё гэта кiдаецца ў вочы? Мажлiва, гэта i добра — хавацца пад маскаю пана сярэдняга веку; ты цяпер падобны да вялiкага начальнiка; усiм хацелася б пачуць, як ён кашляе, ды ён мае ў сабе занадта шмат вытанчанасцi, каб дазволiць сабе кашляць пры людзях; даруй мне за мой смех; якiя спрытныя цяпер цырульнiкi; твая сiвiзна нiбы сапраўдная, а гэтыя сляды на падбародку — зусiм як у чалавека, якi павiнен быў бы галiцца два разы на дзень, але робiць гэта толькi адзiн раз; спрытна зроблена; толькi чырвоны шнар застаўся такi самы, як i быў; па iм яны цябе, вядома, пазнаюць; цi няма i тут якога-кольвечы сродка?

Hе, табе не трэба палохацца: яны да мяне не дакраналiся; бiзун застаўся вiсець на сцяне; яны толькi спыталiся:

— Калi Вы бачылi яго апошнi раз?

I я сказала iм праўду:

— Ураннi, калi ён пайшоў на трамвайны прыпынак, каб ехаць у школу.

— Але ж у школу ён так i не прыйшоў?

Я маўчала.

— Цi не спрабаваў ён наладзiць з Вамi сувязь?

I я зноў сказала праўду:

— Hе, не спрабаваў.

Ты пакiнуў зашмат слядоў, Роберт; нейкая жанчына з тых баракаў, што каля кар'ера, прынесла мне кнiжку, падпiсаную тваiм прозвiшчам, i з адрасам: то быў Авiдзiй у шэра-зялёнай кардоннай вокладцы, запэцканай курыным памётам; за пяць кiламетраў адтуль знайшлi тваю хрэстаматыю, у якой не было аднаго лiста; яе прынесла мне касiрка з кiнатэатра; яна прыйшла ў бюро, назвалася клiенткай, i Ёзэф прывёў яе да мяне наверх.

Праз тыдзень яны зноў пыталiся ў мяне: "Цi быў у Вас з iм кантакт?", i я адказала: "Hе было". Пазней паявiўся яшчэ адзiн, Нэтлiнгер, якi шмат разоў карыстаўся маёй гасцiннасцю; ён сказаў: "Дзеля Вашага ж iнтарэсу скажыце праўду". Але ж я iм i казала праўду, ды цяпер ведала, што ты ўмыкнуў з iх рук.