— Спроба забойства? — спытаў Шрэла.
— Ну, тое, што вы тады зрабiлi з Вакерам, падпадае пад гэтае вызначэнне.
— Ты, пэўна, не ведаеш, што я ў тым удзелу не браў i нават не ўхваляў таго ўчынку?
— Тым лепей, — адказаў Нэтлiнгер, — тады зусiм лёгка будзе скрэслiць тваё iмя ў спiсах шуканых раз i назаўсёды; пакуль што мне ўдалося адно паручыцца за цябе i здабыць табе часовае вызваленне; але твайго iмя выкрэслiць са спiсаў я не мог; цяпер жа гэта будзе проста фармальнасць. Цi дазволiш, калi я пачну ўжо есцi суп?
— Калi ласка, — адказаў Шрэла.
Ён павярнуўся i зiрнуў у бок вакзала; Нэтлiнгер тым часам еў свой суп з сярэбранай конаўкi; вядома ж, бледна-жоўтыя клёцкi ў гэтым супе былi зробленыя з мазгоў самай чыстай пароды скацiны, якая калi-небудзь пасвiлася на нямецкiх лугах; ласось залацiўся на талерцы сярод свежай салатавай зелянiны; грэнкi былi падсмажаныя да слаба-карычневага адцення, на шарыках масла зiхцелi серабрыстыя кропелькi вады; бачачы, як Нэтлiнгер есць, Шрэла змусiў сябе перамагчы непрыемнае пачуццё ўзрушанасцi; яда заўсёды была для яго ўзнёслым актам братэрства; ён прыгадаў сяброўскiя абеды ва ўбогiх i ў добрых гатэлях; яда ў адзiноце была заўсёды яму як праклён; мужчыны, якiя ў адзiноце харчавалiся ў пачакальнях i сталоўках, у незлiчоных пансiёнах, дзе яму даводзiлася жыць, былi для яго вартымi праклёнаў; ён заўсёды шукаў за сталом кампанii, найбольш любiў падсаджвацца да якой-небудзь жанчыны, абменьваўся з ёю некалькiмi словамi, крышачы хлеб, усмiхаўся з-па-над талеркi з супам; толькi тады гэты чыста бiялагiчны працэс пераставаў быць невыносны, нават рабiўся прыемны; такiя людзi, як Нэтлiнгер — а iх ён бачыў безлiч, — нагадвалi яму асуджаных; тое, як яны ядуць, здавалася ядзеннем катаў; яны елi, хоць i захоўваючы правiлы паводзiн за сталом, але бесцырымонна, са смяротнай сур'ёзнасцю, якая вынiшчала i гарохавы суп, i пулярку; апроч таго, яны былi вымушаныя думаць пра кошт кожнага кавалка. Ён адвярнуўся ад Нэтлiнгера, зноў пачаў глядзець у бок вакзала, прачытаў вялiкi плакат, што вiсеў над уваходам: "Сардэчна вiтаем землякоў, што вяртаюцца на радзiму".
— Слухай, — сказаў ён, — цi ты мог бы назваць мяне чалавекам, якi вяртаецца на радзiму?
Нэтлiнгер падняў вочы, нiбы вяртаючыся да рэчаiснасцi з прорвы жалобы, глянуў з-пад грэнак, якiя ён у гэтую хвiлю намазваў маслам.
— Гэта залежыць ад таго, — сказаў ён, — цi ў цябе па-ранейшаму германскае грамадзянства.
— Hе, — адказаў Шрэла, — у мяне няма нiякага грамадзянства.
— Шкада, — сказаў Нэтлiнгер.
Ён зноў схiлiўся над грэнкамi, накалоў на вiдэлец кавалак вэнджанага ласася, паклаў яго сабе на талерку.
— Каб табе ўдалося давесцi, што ты мусiў уцячы не з прычыны крымiнальнага злачынства, а па выключна палiтычных матывах, ты б мог атрымаць зусiм нядрэнную суму як кампенсацыю. Хочаш, каб я высветлiў юрыдычны аспект гэтай справы?
— Hе, не трэба, — адказаў Шрэла i, калi Нэтлiнгер адсунуў ад сябе талерку з ласасём, спытаў: — Няўжо ты дазволiш, каб такую цудоўную рыбiну панеслi назад?
— Натуральна, — сказаў Нэтлiнгер, — але ж ты не можаш…
Ён спалохана азiрнуўся, бо Шрэла ўзяў пальцамi са срэбнай талеркi кавалак хлеба i рэшту ласася i паклаў ласася на хлеб.
— …Ты ж не можаш…
— Ты не паверыш нават, але якраз у гэткiм люксовым гатэлi можна дазволiць сабе ўсё; мой бацька быў кельнерам; нават у гэтых святых харомах; ты не ўбачыш на iх тварах нi следу здзiўлення, калi будзеш есцi пальцамi i гарохавы суп, хоць гэта ненатуральна i нязручна; але менавiта ненатуральнае i непрактычнае прыцягвае найменей увагi ў такiх рэстаранах; адсюль i высокiя цэны — гэтыя цэны — ад кельнераў, якiя не робяць здзiўленых фiзiяномiй; ну, а есцi хлеб пальцамi i класцi на яго пальцамi рыбу — гэта нельга лiчыць чымсьцi ненатуральным цi нязручным.
Усмiхаючыся, ён узяў апошнi кавалак ласася з талеркi i паклаў яго зноў памiж дзвюма грэнкамi. Нэтлiнгер са злосцю паглядзеў на яго.
— Напэўна, — сказаў Шрэла, — ты б цяпер ахвотней за ўсё забiў мяне; не з тае прычыны, з якой хацеў забiць тады — гэта праўда, але мэта засталася б тая самая; паслухай, што скажа табе сын кельнера: па-сапраўднаму шляхетны чалавек нiколi не схоча падпарадкоўвацца тыранii кельнераў; хоць, вядома, сярод iх ёсць i такiя, што думаюць гэтаксама, як шляхетныя людзi.
Пакуль Шрэла еў свой бутэрброд, кельнер з дапамогаю служкi, накрываў стол пад галоўную страву: на дапаможных столiках ставiлiся складаныя прылады — падагравальнiкi яды, на абрус клалася начынне i талеркi, выкарыстаная пасуда прыбiралася; Нэтлiнгеру было прынесена вiно, Шрэле пiва. Нэтлiнгер адпiў з чаркi.
— Крышачку залiшне цёплае, — сказаў ён.
Шрэла даў кельнеру магчымасць пакласцi куранят, бульбы i салаты, кiўнуў галавой Нэтлiнгеру i падняў келiх з пiвам, назiраючы, як кельнер палiвае густою цёмна-бураю падлiвай кавалак паляндвiцы на Нэтлiнгеравай талерцы.
— А Вакера цi жывы яшчэ?
— Натуральна, — адказаў Нэтлiнгер, — яму ж толькi пяцьдзесят восем, i ён — ад мяне пачуць гэтае слова табе будзе напэўна смешна, — ён належыць да непапраўных.
— Ды што ты? — спытаў Шрэла. — Цi такое напраўду мажлiва — непапраўныя немцы?
— Ну, ён шануе тыя самыя традыцыi, якiя шанаваў i ў 1935 годзе.
— Гiндэнбург i гэтак далей? Прыстойнасць, адданасць, гонар — цi так?
— Менавiта. Гiндэнбург бы i цяпер быў ягоным лозунгам.
— А якi твой лозунг?
Нэтлiнгер падняў вочы ад талеркi, затрымаў вiдэлец, уваткнуты ў кавалак мяса, якi ён толькi што адрэзаў.
— Калi ты ўсё ж здолееш мяне зразумець? — сказаў ён. — Я дэмакрат, дэмакрат паводле сваiх перакананняў.
Ён зноў нахiлiўся над паляндвiцаю, падняў вiдэлец з наколатым на яго кавалкам мяса, засунуў мяса ў рот, абцёр губы сурвэткаю i, пахiтваючы галавою, працягнуў руку па чарку з вiном.
— А што сталася з Трышлерам? — спытаў Шрэла.
— Трышлер? Hе прыпамiнаю нешта.
— Стары Трышлер жыў у Нiжнiм Порце — там, дзе карабельныя могiлкi! Хiба ты не памятаеш таксама Алоiса; ён вучыўся з намi ў адным класе?
— Ага, — адказаў Нэтлiнгер, накладваючы сабе на талерку сельдэрэевай салаты, — цяпер прыгадваю: гэтага Алоiса мы шукалi колькi тыдняў запар i не здолелi знайсцi, старога ж Трышлера дапытваў сам Вакера, але не выцягнуў з таго нiчога, зусiм нiчога — гэтаксама як i з ягонай жонкi.
— Hе ведаеш, цi яны яшчэ жывыя?
— Hе ведаю. Але раён, дзе яны жылi, моцна бамбардзiравалi. Калi хочаш, я магу высветлiць, дзе яны i што з iмi. О Божа, — дадаў ён цiха, — што такое, што ты збiраешся рабiць?
— Я хачу пайсцi, — адказаў Шрэла, — прабач, але я мушу iсцi.
Ён падняўся; стоячы дапiў пiва, махнуў рукой кельнеру i, калi той цiха падышоў да стала, паказаў на падагравальнiк з срэбнай талеркай, дзе астатнiя тры кавалкi курынага мяса скварчэлi ў распушчаным тлушчы.
— Калi ласка, — сказаў Шрэла, — цi не маглi б Вы запакаваць мне гэта, каб толькi тлушч не праходзiў?
— Ахвотна, — адказаў кельнер, узяў талерку з падагравальнiка, крыху быў нахiлiўся ўперад, каб iсцi, але потым выпрастаўся i спытаў: — Бульбу Вам таксама запакаваць, шаноўны пане, — i, можа, крыху салаты?
— Hе, дзякуй, — адказаў Шрэла з усмешкай, — бульба фры зробiцца мяккай, а салата не будзе ўжо мець смаку.
Ён дарэмна намагаўся ўбачыць хоць след iронii на дагледжаным твары сiвога кельнера. Нэтлiнгер, падняўшы вочы ад талеркi, зiрнуў на Шрэлу са злосцю.
— Добра, — сказаў ён, — ты хочаш мне адпомсцiць, я разумею; але хiба гэта трэба рабiць менавiта гэткiм чынам?
— А што, было б лепш, каб я цябе забiў?
Нэтлiнгер маўчаў.
— Зрэшты, гэта нiякая не помста, — сказаў Шрэла, — мне проста трэба пайсцi адсюль; не магу больш трываць; ды я да канца жыцця рабiў бы сабе папрокi, калi б пакiнуў тут гэтую страву; можа, ты наважышся прыпiсаць гэты ўчынак маёй гаспадарнасцi: каб я цвёрда ведаў, што кельнерам i служкам дазваляецца даядаць рэшткi страваў, я яе не забiраў бы, — але мне вядома, што тут гэтага рабiць не дазволена.
Ён падзякаваў служку, што прынёс i дапамог яму апрануць палiто, узяў свой капялюш, яшчэ раз сеў i спытаў у служкi:
— Цi ведаеш ты пана Фэмеля?
— Ведаю, — адказаў Гуга.
— А яго нумар тэлефона?
— Ведаю.
— Тады зрабi мне ласку i тэлефануй яму праз кожныя паўгадзiны; калi ён адзавецца, скажы яму, што яго хоча бачыць пэўны спадар Шрэла.
— Добра.
— Я не ўпэўнены, што ў тым месцы, куды мне трэба, ёсць тэлефонныя кабiны, iначай я б паспрабаваў дазванiцца сам. Цi запомнiў ты маё прозвiшча?
— Спадар Шрэла, — сказаў Гуга.