Выбрать главу

— Што ж, — сказаў Ёзэф, — але цяпер я мушу пазбавiць яго гэтага шчасця; не пытайся — чаму, але мушу.

Ён пацалаваў Марыяну, зачасаў ёй валасы за вуха i, растапырыўшы пальцы, пачаў вычэсваць з iх хваёвую iглiцу i пясчынкi.

— Бацька хутка вярнуўся з палону i забраў нас у горад, хоць дзядуля быў супраць гэтага i казаў, што для нас было б лепей, каб мы гадавалiся не сярод адных руiн; але бацька сказаў: "Я не магу жыць на сяле i хачу, каб дзецi былi са мною, бо iх жа зусiм не ведаю". Мы яго таксама не ведалi i спачатку пабойвалiся, дый адчувалi, што i дзядуля яго таксама пабойваўся. У той час мы ўсе жылi ў бацькавым кабiнеце, бо наш дом быў непрыдатны, каб у iм жыць; а на сцяне ў кабiнеце вiсеў вялiзны план горада; усё, што разбурана, было заштрыхавана чорным; робячы ўрокi за дзядулевым рысавальным сталом, мы часта прыслухоўвалiся да размоў бацькi i дзядулi, iншых людзей — як яны збiралiся разам каля карты. Часта ўсе голасна спрачалiся, бо мой бацька заўсёды казаў: "Усё гэта — прэч… узарваць!" i пiсаў «iкс» каля чарговай чорнай плямы, а iншыя ўсё гаварылi: "Напрамiлы божа, мы ж не можам гэтага рабiць"; тады бацька казаў: "Зрабiце гэта раней, чым людзi вернуцца ў горад… Цяпер нiхто тут не жыве, i вам няма чаго лiшне забiваць сабе галаву: змяцiце ўсё гэта з паверхнi зямлi…" А яны зноў: "Гэта ж рэшткi аконнага проймiшча з шаснаццатага стагоддзя, а там вунь частка каплiцы з дванаццатага"; бацька кiдаў грыфель i казаў: "Добра, рабiце як хочаце, але, паверце, вы яшчэ пашкадуеце… рабiце як хочаце, толькi без мяне". А яны казалi: "Ну што Вы, шаноўны пане доктар, Вы ж у нас самы лепшы спецыялiст па выбухах, Вы не можаце адмовiцца дапамагчы нам"; на што бацька адказваў: "Але ж адмоўлюся, калi мне давядзецца азiрацца на кожную курасадню часоў Рыма; для мяне сцены — гэта ўсяго толькi сцены, i паверце мне, што сярод iх бываюць толькi дрэнныя i добрыя; да д'ябла гэтую дрэнь! Падарвiце ўсё i ўбачыце, колькi будзе вольнага месца". Калi яны пайшлi, дзядуля, пасмейваючыся, сказаў: "Божа мой, ты ж павiнен зразумець iх пачуццi", а бацька таксама засмяяўся: "Я разумею iх пачуццi, але не паважаю"; а пасля ён сказаў нам: "Хадзем, дзецi, купiм шакаладу". I ён выправiўся з намi на чорны кiрмаш, купiў сабе цыгарэт, а нам — шакаладу, i мы працiскалiся з iм у цёмныя, напалову разбураныя пад'езды дамоў, падымалiся па сходах, бо яму хацелася яшчэ купiць цыгарэт дзядулю; ён заўсёды купляў i нiколi нiчога не прадаваў; калi мы атрымлiвалi хлеб альбо масла з Штэлiнгена цi з Гёрлiнгена, ён прымушаў нас забiраць ягоную частку ў школу, i мы маглi самi вызначаць, каму ахвяраваць яе; i аднаго разу мы купiлi на чорным кiрмашы масла, якое перад гэтым падарылi; у скрутку была яшчэ цыдулка, напiсаная фраў Клошграбэ: "На гэтым тыднi, на жаль, толькi адзiн кiлаграм". Але бацька адно смяяўся i казаў: "Ну, што ж, людзям таксама патрэбны грошы на цыгарэты". Неяк да нас iзноў прыйшоў бургамiстр, i бацька паведамiў яму: "У руiнах кляштара францысканцаў я знайшоў бруд з-пад пазногцяў, што паходзiць з чатырнаццатага стагоддзя; не смейцеся; гэта даведзена: чатырнаццатае стагоддзе, бо ён перамяшаны з валаскамi ваўнянага прадзiва, якое, як дакладна вядома, выраблялася ў нашым горадзе толькi ў чатырнаццатым стагоддзi; гэта надзвычай рэдкае адкрыццё ў галiне гiсторыi культуры, пане бургамiстр"; той адказаў: "Гэта ўжо занадта, пане Фэмель", а бацька запэўнiў яго: "О, будзе яшчэ больш занадта, пане бургамiстр". Рут засмяялася: яна якраз сядзела побач i пiсала, робячы кляксы, хатняе заданне ў сшытак па арыфметыцы; яна гучна засмяялася, а ён падышоў к дачцэ, пацалаваў яе ў лоб i сказаў: "Твая праўда; гэта ўсё смеху варта, маё дзiця"; мне зрабiлася зайздросна, бо мяне бацька ў лоб яшчэ нiколi не цалаваў; мы любiлi яго, Марыяна, але ўсё яшчэ крыху пабойвалiся, калi, стоячы перад планам горада з крэйдай у руцэ, ён паўтараў: "усё прэч… узарваць…" Бацька быў вельмi патрабавальны што да маёй вучобы; ён заўсёды казаў мне: "Ёсць толькi дзве мажлiвасцi: альбо не ведаць нiчога, альбо ведаць усё; твая мацi не ведала нiчога; здаецца, што яна не скончыла нават пачатковай школы, а ўсё ж я не ажанiўся б з нiякай iншай жанчынаю; таму — вырашай". Мы любiлi яго, Марыяна, i калi я цяпер думаю, што яму тады было толькi крыху больш за трыццаць, дык не магу ў гэта паверыць, бо ён заўжды здаваўся мне нашмат старэйшым, хоць з выгляду гэткi ён не быў; часам ён бываў нават вясёлы, цяпер такога з iм не здараецца; калi мы ранiцай вылазiлi са сваiх ложкаў, ён ужо стаяў каля акна, голячыся, i крычаў нам: "Вайне — канец, дзецi", хоць вайна скончылася ўжо чатыры цi пяць год перад тым.

— Нам трэба ўжо iсцi, — сказала Марыяна, — нельга, каб яны так доўга чакалi нас.

— Хай сабе крыху пачакаюць, — адказаў ён. — Мне яшчэ трэба даведацца, што яны зрабiлi з табою, авечка. Я ж пра цябе амаль нiчога не ведаю.

— Авечка… — сказала яна, — скуль ты гэта ўзяў?

— Дык так, проста нешта прыйшло ў галаву, — адказаў ён. — Раскажы, што яны выраблялi з табою. Мяне заўсёды смяшыць твой додэрынгенскi акцэнт: ён табе зусiм не пасуе; мне вядома толькi, што ты хадзiла там у школу, але нарадзiлася ў iншым месцы; ведаю, што ты дапамагаеш фраў Клошграбэ пячы пiрагi, гатаваць ежу i прасаваць бялiзну.

Яна паклала Ёзэфаву галаву сабе на каленi, заплюшчыла яму вочы i сказала:

— Са мною? Ты хочаш даведацца, што яны зрабiлi са мною? Яны кiдалi на мяне бомбы i не траплялi, хоць бомбы былi такiя вялiкiя, а я — такая малая; людзi ў бамбасховiшчы запiхвалi мне ў рот ласункi, а бомбы падалi i не траплялi ў мяне; я чула толькi, як яны рвуцца i як асколкi з шумам ляцяць праз ноч, нiбы птушкi; нехта ў бамбасховiшчы сказаў: "Дзiкiя гусi шумяць уначы". Мой бацька быў высокi, цёмнавалосы, зграбны; ён насiў карычневы мундзiр з мноствам залатых нашывак i нешта накшталт блiскуча-срэбнага штылета на рамянi; ён стрэлiў сабе ў рот; не ведаю, цi бачыў ты калi-небудзь чалавека, якi стрэлiў сабе ў рот? Hе, не бачыў? Тады дзякуй Богу, што ён уратаваў цябе ад гэткага вiдовiшча. Бацька ляжаў на дыване, кроў сцякала на смiрнаўскiя ўзоры — гэта быў сапраўдны смiрнаўскi дыван, мой дарагi; а мая мацi была бялявая высокая жанчына ў сiняй унiформе, на галаве насiла шыкоўны капялюш; на рамянi ў яе не было штылета; i яшчэ ў мяне быў малы брат; ён быў нашмат меншы за мяне i светлавалосы; малы брат вiсеў на дзвярах з пятлёю на шыi, матляючыся ўзад i ўперад, а я смяялася… i ўсё яшчэ смяялася, калi мацi накiнула мне зашмаргу на шыю, мармычучы сабе пад нос: "Ён даў такi загад", але раптам увайшоў нейкi чалавек без формы, без залатых нашывак i без штылета, толькi ў руцэ ў яго быў пiсталет; ён нацэлiў гэты пiсталет у мацi, а я заплакала, бо на шыi ў мяне была пятля i мне дужа хацелася пагуляць у тую гульню, у якую было дазволена гуляць майму малому брату — "ён даў такi загад" , але чалавек зацiснуў мне рот, сцягнуў мяне ўнiз па сходах, зняў з шыi пятлю, пасадзiў мяне на грузавiк…

Ёзэф паспрабаваў быў ссунуць яе рукi са сваiх вачэй, але яна трымала моцна, а праз хвiлю спыталася:

— Hе хочаш слухаць далей?

— Хачу, — адказаў ён.

— У такiм разе хай вочы будуць закрытыя, i — дай мне цыгарэту.

— Тут, у лесе?

— Тут, у лесе.

— Вазьмi ў мяне ў кашулi, у кiшэнi.

Ён адчуў, як яна адшпiлiла ў яго кашулi гузiк на кiшэнi i, не адымаючы правай рукi ад яго вачэй, выцягнула запалкi i цыгарэты.

— Давай i табе прыкуру, тут, у лесе, — сказала яна. — Я мела тады якраз пяць гадкоў i была такiм мiлым дзiцёнкам, што людзi лашчылi мяне нават на грузавiку: запiхвалi мне ў рот ласункi, мылi мяне з мылам, калi машына спынялася; грузавiк абстрэльвалi з гармат i кулямётаў, але ў нас не патрапiлi; мы ехалi доўга… не ведаю нават, як доўга, але не менш як два тыднi; а калi мы спынiлiся, чалавек, якi не дазволiў мне згуляць у гульню "Ён даў такi загад", узяў мяне да сябе, закручваў мяне ў коўдру i клаў побач на сена, на салому, часам — на ложак, кажучы: "Ану, скажы мне «тата»; я не ўмела казаць «тата»: да мужчыны ў прыгожай форме я заўсёды звярталася «папа»; але я навучылася казаць: «тата»; трынаццаць год запар я казала гэтае слова чалавеку, якi не дазволiў мне згуляць у тую гульню; у мяне з'явiлiся ложак, коўдра i мацi, якая была строгая, але мяне любiла; i цэлыя дзевяць гадоў я жыла ў чыстым доме; калi я першы раз прыйшла ў школу, пробашч сказаў: "Паглядзiце, паглядзiце, хто да нас прыйшоў — несапсаваная i самая чыстая ў свеце паганачка"; а iншыя дзецi, з якiх нiхто не быў паганцам, пачалi смяяцца, пробашч тым часам дадаў: "Давайце раз-два — i зробiм з нашай малой паганачкi, з нашай добрай авечкi хрысцiянскае дзiця"; i яны зрабiлi з мяне хрысцiянскае дзiця. I авечка расла, жвавая i шчаслiвая, гуляла ў карагоды i ў бэрка, забаўлялася з мячыкам, скакала цераз вяровачку i дужа любiла сваiх тату i маму; i надышоў дзень, калi ў школе было пралiта трохi слёз, сказана колькi прамоваў, узгадана колькi разоў пра "этап у жыццi" i я пайшла вучыцца да краўчыхi, неўзабаве ўжо ўмела добра абыходзiцца з iголкай i нiткамi, ад мацi навучылася прыбiраць у хаце, пячы пiрагi, гатаваць стравы, а ўсе людзi ў вёсцы казалi: "Яна яшчэ выйдзе за прынца, не нiжэй…"; але аднаго разу ўвечары ў вёску прыехала вельмi вялiкая i вельмi чорная машына; барадаты шафёр спынiў машыну на дзядзiнцы i з кабiны спытаўся ў людзей: "Дзе тут жывуць Шмiцы?" А людзi адказалi: "У нас тут многа Шмiцаў, якiя вам патрэбныя?" Мужчына сказаў: "Тыя, што ўзялi дзiця на выхаванне". Тады людзi сказалi: "А, гэта Эдуард i яго жонка; яны жывуць там, у баку ад дарогi, за кузняй; перад iх хатаю расце самшыт". Мужчына сказаў: «Дзякуй»; машына паехала далей, i людзi рушылi за ёю ўслед, бо ад дзядзiнца да Шмiцавай хаты было самае большае пяцьдзесят крокаў; я сядзела на кухнi i ачышчала салату; я вельмi любiла гэты занятак, надрэзваць лiсце, потым дрэннае выкiдаць, а добрае класцi ў рэшата, дзе яна была такая зялёная i чысцюткая; а мая мацi якраз казала мне: "Hе засмучайся, Марыяна; то не iх вiна; калi хлопцам трынаццаць-чатырнаццаць год — а ў некаторых гэта пачынаецца нават у дванаццаць, — яны робяць гэткiя рэчы; гэта — прырода, Марыяна, а з прыродаю справiцца нялёгка"; а я адказала: "Праз гэта я зусiм не засмучаюся". "Тады праз што ўсё-ткi", — спыталася мая мацi. Я сказала: "Я ўсё ўспамiнаю свайго брацiка — як ён вiсеў на дзвярах, а я смяялася i не ведала, як гэта жахлiва… а ён жа не быў нават хрышчоны". I не паспела мая мацi адказаць на гэта, як дзверы адчынiлiся — а мы не чулi, каб хто-небудзь пастукаў, - i я яе адразу пазнала: яна ўсё яшчэ была светлавалосая, высокая, насiла шыкоўны капялюш, толькi блакiтнай унiформы на ёй ужо не было; яна, не марудзячы, падышла да мяне, намерваючыся абняць, i сказала: "Ты, напэўна, i ёсць мая Марыяна… табе нiчога не падказвае голас крывi?" На хвiлю ножык, што я трымала ў руцэ, застыў у паветры, а пасля я адказала, абрэзваючы наступны лiсцiк салаты: "Hе, голас крывi мне нiчога не падказвае". "Я — твая мацi", — сказала яна. "Hе, — запярэчыла я, — мая мацi — вунь яна. Мяне завуць Марыяна Шмiц"; памаўчаўшы нейкую хвiлю, я дадала: "Ён даў такi загад, i Вы накiнулi мне на шыю пятлю, шаноўная фраў". Я навучылася ў краўчыхi казаць гэткiм жанчынам "шаноўная фраў".