Выбрать главу

Яшчэ сем хвiлiн да адыходу наступнага трамвая. Груфэльштрасэ, дом семнаццаць; свежаатынкаваны дом, перад iм на стаянцы — аўтамабiль зялёнага колеру, ровар чырвонага колеру; два брудныя самакаты. Васемнаццаць тысяч разоў ён нацiскаў на гэты званок, на гэты жаўтлявы масянжовы гузiк; вялiкi палец да гэтае пары памятае яго; там, дзе раней была шыльдачка «Шрэла», цяпер напiсана «Трэсэль», а замест шыльдачкi «Шмiц» цяпер таксама iншая-"Гуман": новыя iмёны, толькi адно засталося ранейшае: Фруль; у яго можна было пазычыць кубак цукру, кубак воцату, кiлiшак алею… колькi было тых кубкаў, тых кiлiшкаў i пад якi працэнт? Фраў Фруль заўсёды напаўняла кубкi i кiлiшкi толькi да паловы, а пасля праводзiла рыску на дзвярным касяку, дзе было напiсана "М.", "Ц.", "В." i "А."; яна сцiрала рыску вялiкiм пальцам толькi тады, калi ёй вярталi поўны кубак альбо поўны кiлiшак; яна шаптала ў сенцах, у крамах i, сустрэўшыся з суседкамi, пад час размоваў пры яечным лiкёры i бульбянай салаце на папулярна-гiнекалагiчныя тэмы: "Божухна, да чаго ж яны дурныя!"; фраў Фруль ужо даўно прыняла бычынае прычасце, прымусiла сваiх мужа i дачку таксама прыняць яго; яна спявала ў калiдоры: "Дрыжаць спарахнелыя косцi". Нiчога, нiякiх пачуццяў, толькi скура на вялiкiм пальцы — калi ён дакранаўся да жаўтлявага гузiка — адчула нешта накшталт узрушэння.

— Цi Вы каго шукаеце?

— Шукаю, — адказаў ён, — Шрэлы… цi яны тут не жывуць?

— Hе, — сказала дзяўчынка, — мне б гэта было напэўна вядома, калi б яны тут жылi.

Яна была ружовашчокая, прывабная; трымаючыся рукой за сцяну, яна балансавала на самакаце, якi ўсё нахiляўся то на адзiн бок, то на другi.

— Hе, яны нiколi тут не жылi.

Дзяўчынка рэзка сарвалася з месца, праiмчалася на самакаце па тратуары, цераз рыншток i закрычала:

— Гэй! Цi хто тут ведае Шрэлаў?

Ён задрыжаў усiм целам; хто-небудзь мог сказаць: «ведаю», i ён бы мусiў падысцi, павiтацца, пачаць успамiнаць мiнулае: "Ага, Фэрдзi, яны… i твайго бацьку яны таксама!.. а Эдыт добра выйшла замуж…"; але ружовашчокая дзяўчынка дарэмна гойсала ад адной групкi людзей да другой, робячы смелыя павароты i выкрыкваючы: "Гэй! Цi хто тут ведае Шрэлаў?"

Расчырванелая, яна зноў пад'ехала да яго, зрабiла элегантны паварот, перш чым спынiлася перад iм.

— Hе, шаноўны пан, iх нiхто тут не ведае.

— Дзякуй, — адказаў ён усмiхаючыся, — даць табе дзесячок?

— Ага, — i з тварам, асветленым радасцю, дзяўчынка з шумам паiмчала да лiманаднага кiёска.

— Я саграшыў, цяжка саграшыў, - мармытаў з усмешкаю Шрэла, вяртаючыся да трамвайнага прыпынку, — я запiў танным марзанавым лiманадам з Груфэльштрасэ курыцу з гатэля "Прынц Генрых"; я пакiнуў успамiны некранутымi, не дазволiў растаць iльдзяным кветкам; у вачах Эрыкi Прогульске я не схацеў убачыць iскрынак; не даў ёй пазнаць мяне, не схацеў пачуць з яе вуснаў iмя Фэрдзi; толькi скура на маiм пальцы захавала ўспамiны, пазнала гузiк званка з жаўтлявага мосенжу.

Ён iшоў, нiбы цераз шэрагi салдат са шпiцрутэнамi: яго з абодвух бакоў працiналi позiркi параў вачэй, што сачылi за iм з тратуараў, з вокнаў i пад'ездаў пад летнiм сонцам, атрымлiваючы асалоду ад суботняга вечара; няўжо сярод iх не было нiкога, хто б мог пазнаць яго акуляры, яго хаду, характэрнае прыжмурванне вачэй, няўжо нiхто не пазнае пад замежным палiтом мiшэнь бясконцых кпiнаў — аматара паэзii Гёльдэрлiна, за якiм услед ляцела насмешлiвая песенька: "Шрэла, Шрэла, Шрэла вершыкi чытае…"?

Ён спалохана абцёр сабе пот з iлба, зняў з галавы капялюш, спынiўся на рагу Груфэльштрасэ i азiрнуўся; нiхто за iм не iшоў; маладыя хлопцы сядзелi на матацыклах, схiлiўшыся ўперад, шапталi дзяўчатам пра сваё каханне; пiўныя пляшкi на падаконнях адбiвалi паўдзённае сонца; вунь там стаiць дом, у якiм нарадзiўся i жыў анёл; можа, яшчэ iснуе масянжовы гузiк званка, да якога вялiкi палец Фэрдзi дакранаўся пятнаццаць тысяч разоў; зялёны перад дома, блiшчастыя аптэчныя вiтрыны, рэклама зубной пасты адразу пад акном, з якога так часта выглядаў Фэрдзi.

Дарога цераз парк, адсюль лiпеньскiм вечарам дваццаць тры гады таму Роберт пацягнуў Эдыт у кусты; цяпер там на лаўках сядзелi пенсiянеры, расказвалi адзiн аднаму показкi, нюхалi разнастайныя гатункi тытуню, скардзiлiся на нявыхаванасць дзяцей, што гулялi тут побач; раздражнёныя матулi абрыналi на галовы свайго непаслухмянага патомства праклёны i прадказвалi iм жахлiвую будучыню: бадай цябе атам ухапiў! Юнакi з малiтоўнiкамi пад пахаю iшлi да споведзi ў нерашучасцi, цi варта разганяць свой набожны настрой ужо сёння, альбо зрабiць гэта заўтра з ранiцы.

Яшчэ адна хвiлiна да адыходу адзiнаццатага; ужо трыццаць год iржавыя рэйкi беглi ў пустэчу будучынi; сястра Фэрдзi цяпер налiвала зялёны лiманад у чыстую шклянку; кiроўца трамвая пазванiў, даючы знак ад'езду; стомленыя кандуктары тушылi цыгарэты, папраўлялi сумкi, залазiлi ў свае каморы, нацiскалi надзвычайны гузiк, бо далёка ззаду, дзе канчалiся ржавыя рэйкi, нейкая старая жанчына раптам пачынала бегчы да прыпынку.

— Мне да галоўнага вакзала, — сказаў Шрэла, — з перасадкаю да порта.

— Сорак пяць.

Hе вельмi салiдныя дамы, салiднейшыя, вельмi салiдныя дамы. Перасадка, ага: шаснаццаты, як i даўней, iдзе ў порт.

Вось крама будматэрыялаў, сховы вугалю, пагрузачныя прычалы, i ён з балюстрады старой вагоўнi змог прачытаць: "Мiхаэлiс: вугаль, кокс, брыкеты".

Павярнуць толькi, дзве хвiлiны прайсцi, i кола ўспамiнаў закруцiцца; рукi фраў Трышлер, напэўна, вытрымалi выпрабаванне часам — як i вочы старога, як i Алоiсава фота на сцяне; пiўныя пляшкi, пучкi цыбулi, памiдоры, хлеб i тытунь; караблi на якары, хiсткiя кладкi, па якiх нясуць згорнутыя ветразi: агромнiстыя коканы паплывуць унiз па Рэйне, насустрач туманам Паўночнага мора.

Цiша панавала тут: за Мiхаэлiсавым парканам ляжала гара толькi што прывезенага вугалю, у сховiшчы будматэрыялаў — стосы ярка-чырвонай цэглы; шаргаценне ног начнога вартаўнiка за агароджаю i баракамi будаўнiкоў рабiла цiшыню яшчэ выразнейшаю.

Шрэла ўсмiхнуўся, абапёрся аб iржавыя парэнчы, потым павярнуўся i спалохаўся: ён не ведаў, што быў пабудаваны новы мост; Нэтлiнгер таксама пра гэта нiчога не казаў; мост разложыста навiсаў над усiм басейнам Старога Порта, цёмна-зялёныя падпоры стаялi дакладна там, дзе быў Трышлераў дом; цень ад моста накрываў усю набярэжную, дзе колiсь стаяў шынок грузчыкаў; агромнiстыя пустыя сталёвыя вароты аблямоўвалi блакiтную бездань.

У Трышлеравай карчме бацьку працавалася найлепш; ён абслугоўваў карабельшчыкаў ды iх сем'i: жонак, якiя сядзелi ў садзе ў чырвоных крэслах доўгiмi летнiмi вечарамi, а тым часам Алоiс, Эдыт i ён хадзiлi вудзiць рыбу ў басейне Старога Порта. Вечнасць дзiцячага часазлiчэння, бясконцасць — пра гэта ўсё ён раней ведаў толькi з радкоў вершаў; на другiм баку званiлi званы Святога Севярына, напаўняючы вечар мiрам i спакоем, а Эдыт сваiмi рухлiвымi рукамi паўтарала паторгванне паплаўкоў; яе сцёгны, яе рукi, усё цела таньчыла ў рытме паторгвання паплаўкоў; а ў iх на кручок не папалася нiводнай рыбiны.

Бацька падаваў жоўтае пiва з белай пенаю, яго твар прамянiўся лагоднасцю, i на iм амаль не было зацятасцi; прыязна ўсмiхаючыся, ён адмаўляўся ад грошай на чай, бо ўсе людзi — браты.

— Браты, браты! — выкрыкваў ён тымi летнiмi вечарамi; на задуменных тварах шкiпераў паяўлялася ўсмешка, iх гожыя жанкi з вачыма, поўнымi ўпэўненасцi ў сабе, пахiтвалi галовамi — бацькаў пафас здаваўся iм зусiм дзiцячым — i ўсё ж пляскалi ў ладкi; браты i сёстры.

Шрэла паволi спусцiўся з балюстрады, прайшоўся каля партовага басейна, дзе ржавыя пантоны i баркi чакалi гандляроў металаломам; ён зайшоў у зялёны цень моста, убачыў на сярэдзiне ракi працавiтыя краны, якiя грузiлi часткi моста на баржы; жалеза з грукатам плюшчылася пад цяжарам новага i новага грузу; ён знайшоў вялiзныя пампезныя сходы, адчуў, як шырокiя прыступкi змушаюць яго ступаць урачыста; з прывiднай упэўненасцю чысты i пусты аўтабан выбягаў на рачны бераг, дзе ўпэўненасць гамавалi скрыжаваныя косткi, вялiзныя чарапы, намаляваныя белым па чорным; шыльды з надпiсам "смерць, смерць" перагароджвалi шлях на захад; затое зусiм пустая дарога вяла ў бясконцасць блiшчастай зелянiны бурачных палёў — на ўсход.

Шрэла пайшоў далей, пралез памiж словам «смерць» i скрыжаванымi косткамi, прамiнуў барак будаўнiкоў, супакоiў начнога вартаўнiка, якi ўжо быў пачаў, размахваючы рукамi, засцерагаць яго, але, убачыўшы Шрэлаву ўсмешку, перастаў гэта рабiць; Шрэла прайшоў далей да самога абрыву, убачыў рэшткi ржавых бэлек, на якiх вiселi бетонныя камлыгi; пятнаццацiгадовае трыванне бэлек пераканаўча сведчыла аб якасцi нямецкай сталi; на другiм баку ракi, за пустымi сталёвымi брамамi, аўтабан бег далей, паўз гольфавыя пляцоўкi — i зноў у бясконцасць блiшчастай зелянiны бурачных палёў.