Выбрать главу

- Вазьміце меч, - замагільным голасам стагнаў Міхал, - і мне прабіце грудзі. Клянуся пасівелай барадой і ўсёй гарэлкай у скляпах -вы любая і ясная...

- Прытым, - смеючыся падказвала яна, я вам не веру. У рыцараў палескіх ёсць у вачах жахлівая спакуса, каварства нізкае, падсгупнасць слоў. Яны хітруюць, і яны чаруюць. Яны даверлівых дзяўчатак крадуць і ў Турцыю султанам прадаюць.

- Ну, гэта паклёп, - не вытрымаў Міхал. - Мы такія людзі, што ў нас сабакі з-пад носа хлеб крадуць. Нас саміх у Турцыю прадаць можна.

І яны зарагаталі. Дождж перастаў. Толькі дрэвы ўсё яшчэ скідалі на жвір буйныя кроплі.

Яны выйшлі ў парк. І тут, ля агароджы стадыёна, яна выпадкова дакранулася плячом да яго пляча.

Пастка замкнулася зноў. Ён абняў яе і пацалаваў у дзіцячыя прыпухлыя вусны.

- Успомніў усё ж пра маё абяцанне, - прашаптала яна. -Злапамятны ты.

Пацяклі дні. Праца, дзе яго ўжо лічылі сваім, кпіны Лёвачкі, добры і трошкі зайздросны позірк таўсіуна, дняпроўскі пляж, звон тугога мяча ў паветры. І яна, то задыханая і ружовая, з занесенай для ўдару па мячы рукой, то ціхая і пяшчотная, з адбіткам начных ліхтароў у вачах...

Аднойчы яны правялі ноч на вадзе. Проста так, селі і паехалі начным параходам.

З берагоў далятаў рэзкі голас драча, які недарэчна пераймаў цвыркуна, даносіла пахі водарасцяў і нагрэтых за дзень кіёўнікаў. Калі параход набліжаўся да берага, ясна чуліся ўсплёскі хваль аб бераг, журботныя і сонныя галасы начных птушак. Недзе далёка, па курсу парахода, гарэла нізкая сіняя зорка. Стоячы на носе парахода, яны плылі проста на яе.

- Не ведаю, сказаў Міхал,- што ў тваім сэрцы. Але маё поўнае. Мне больш нічога не трэба. Ёсць зямля, спрацаваныя мускулы, зорка і ты.

Яны ўжо ведалі, што былі першыя адно ў аднаго.

- Ты доўга будзеш кахаць мяне? - яна прынікла да яго плячом.

- Не ведаю, - проста адказаў ён.

- Чаму?

Ён маўчаў, потым сказаў не то жартам, не то сур’ёзна:

- Час смерці невядомы кожнаму з нас. Таму я і не ведаю, колькі год кахання дадзена мне...

Яны плылі і плылі... І бясконцы быў шлях да сіняй зоркі.

А потым быў світанак. Сонца выплывала з-за пяскоў і лазы левабярэжжа. І хвалі былі зеленавата-блакітныя. І на адзін кароткі момант самыя грабянцы іх успыхнулі крывавым, трывожным, а потым апельсінавым агнём, быццам там вось-вось павінен быў вынырнуть нехта прыгожы, пранікліва-пяшчотны, той, што прыносіць на зямлю вечную цеплыню і радасць...

- З пены народжаная, - ціха шапнуў Міхал, і яна зразумела.

Ах, дождж, дождж!.. Як магло здарыцца, што Міхал адзін тут, у шалашы? Як забыць тую размову ў начным скверыку каля Залатой Брамы?

- Ты сам разумееш, Міхал, я не магу з табою ехаць.

Яна сказала гэта жаласна і ціха, і плечы яе задрыжалі.

- Я ж кахаю цябе.

- Я кахаю больш. І я не еду не таму, што тваю месца заўсёды ў глушы. Я з табою і ў пустыню паехала б. Але ў меня таксама праца. А ў пушчах раскопак не вядуць, хіба што выпадкова. Абое мы з табою цыганы, але вандруем рознымі дарогамі. І бадай што нам цяжка сысціся. Я гнала ад сябе гэтыя думкі, я суцяшала сябе тым, што вось яшчэ застаецца ўвесь твой водпуск за два гады. Вось сорак дзён... Трыццаць... Сем... Цяпер хлусіць больш нельга, засталіся тры дні.

Вялізны рыжы кот пераходзіў непадалёк алею, замачыў лапы і грэбліва атрапаў ваду з лайкавых пятак. Гледзячы на ката, Міхал ціха сказаў:

- Як жа нам звесці дарогі?

- Пераходзь да нас. Ты ж так зацікаваўся працай. Будзеш пакуль што рабочым, брыгадзірам... Потым скончыш завочна інстытут. Т абе ж толькі дваццать тры гады.

- А ты ўжо скончыла. Практыкуеш. Быць мне вечна тваім п адн ачаленым.

Ён падумаў, што яна і зарабляць будзе больш, але ўголас

сказаў:

- Мне будзе нязручна...

- Фу, дамастрой які! - сказала яна. - Пакінь, мы ж сучасныя

людзі.

- Не кахаеш ты мяне...

- Міхалка, дарагі. Я вельмі люблю свой шлях, мне нельга без яго, я без яго памру. Водар зямлі... Сонца... Аліўкавыя старыя камяні. Знаходкі. Боль у плячах. І вечная думка, што вось адкапаеш, ускрыеш нейкі склеп, а адтуль выпырхне песня, старая, забытая на зямлі...

Яна глядзела на пабітыя вякамі камяні Залатой Брамы, на шыльды “Гастранома” і “Марожанага” за імі, але Міхалу здавалася, што яе вочы бачаць далёкі, неабсяжны стэп, стэп і імклівыя цені палавецкіх коннікаў.

- Я таксама люблю сваю працу. Мяне таксама вучылі, трацілі

грошы.

- Ты не вельмі любіш яе, калі ўспомніў пра грошы. Тут жа ты не будзеш гуляць. Усё адробіш...

- Я не магу. Я таксама прырос сэрцам...

- Ну, будзеш займацца як аматар, кнігі пісаць. Натураліст паўсюль на месцы. Пабачыш фауну Азіі, Крыма, пустынь, гор, а не толькі Беларусі. А жыццё дажываць будзем там, дзе ты хочаш, дзе-небудзь на Бярэзіне. Ты напішаш вялікую кнігу пра свае вандраванні. Ну, пашкадуй ты мяне. Не магу я іначай.