Выбрать главу

З падачы фрунзенцаў на тыя з'езд, БНК у БССР навешвалі самыя розныя ярлыкі да самага апошняга часу, толькі ў 1995-м у энцыкла-педычным даведніку "Беларусь" (галоўны рэдактар Б.Сачанка) ім далі спакойную i справядлівую ацэнку, прызнаўшы, што яны мелі станоўчае значэнне для фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці i дзяржаўнасці. Апошняму, безумоўна, паспрыяла яшчэ i тое, што тады ў Мінску пачало працаваць Першае таварыства беларускай драмы i камедыі (кіраўнік Ф.Ждановіч, 24 красавіка ў гарадскім тэатры паставілі "Паўлінку"), з'явіліся газеты "Вольная Беларусь" — орган БНК, "Грамада" — орган БСГ (з-за правакацый i рознагалоссяў гэтая партыя ледзь не развалілася, але ў чэрвені на канферэнцыі ў Петраградзе захавалася, абрала свой ЦК на чале з Зм.Жылуновічам). З'яўленне свайго друку памагло прапагандаваць гісторыю i культуру, нацыянальныя i дзяржаўныя ідэі, весці палеміку з апанентамі i ворагамі беларушчыны. У выніку паволі, але ўпэўнена мацнелі беларускія сілы (да канца лета ў іхніх шэрагах налічвалася болей як 25 тысяч свядомых асоб, здаецца, 23-х палітычных накірункаў), але расло i заўзятае сугхраціўленне ім. Часовы ўрад ужо мусіў канкрэтней звярнуць увагу на нацыянальнае пытанне, але пакуль што толькі на даволі бурнае фінляндскае, польскае, украінскае i літоўскае, на яго думку, самыя вострыя, з моцнымі незалежніцкімі тэндэнцыямі, Беларусь па-ранейшаму яго непакоіла не столькі як такая, колькі найперш як месца супрацьстаяння германскай i расійскай армій; асмакаваныя ўладай, прагныя да новых поспехаў фрунзенцы не дапускалі i думкі нават пра супрацоўніцтва, рабілі ўсё магчымае i немагчымае, каб замацаваць надмагільную пліту на беларускасці, дзеля чаго не грэбавалі ніякімі сродкамі, каб абылгаць, дарэшты знішчыць яе, за што беларускія дзеячы папікалі ix у працягу антынацыянальнай палітыкі царызму, клікалі на трацейекі суд; а тут яшчэ польскія сілы на чале з Доўбар-Мусніцкім i іншымі, якім Часовы ўрад дазволіў утварыць на нашых землях польскае войска i многія з якіх пачалі патрабаваць не проста аднаўлення польскай дзяржаўнасці, але адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, дзе, зразумелa, літоўцы, беларусы i частка ўкраінцаў бачыліся як іхнія падуладныя, a землі апошніх — як польскія абшары, "крэсы". Гэтыя, на вялікі жаль, шавіністычныя заявы прадстаўнікоў таксама прыгнечанага царызмам народа не маглі не занепакоіць: некаторыя з афіцэраў, генералаў-беларусаў, хто служыў у царскай арміі, ваяваў i цяпер адчуў сябе беларусам, таксама пачалі для падмацунку ствараць свае баявыя сілы (полк у Мінску, эскадрон пад Оршай i інш.). I ix, вайскоўцаў, за гэта тады i пазней асуджалі, але хіба самыя свядомыя, разважлівыя, клопатныя з ix за будучыню сваіх дзяцей i ўнукаў не мелі рацыю, калі лічылі, што i ім трэба абараняцца не толькі ўпрослівым словам?! Лічыліся, лічацца i будуць лічыцца i з духоўнай, i з фізічнай моцаю!