Выбрать главу

Калі стрымаўшы ў Петраградзе бальшавіцка-меншавіцкія Саветы, прыйшоў да адзінаўладдзя Часовы ўрад (некаторыя меншавікі засупрацоўнічалі з ім) i пачаў шырока дэклараваць, што будучыня ўсёй былой царскай Расіі будзе вырашацца на хуткім Устаноўчым сходзе, на які будуць абраныя прадстаўнікі ўсіх нацый, нацыянальных меншасцяў, палітычных партый i г.д., то ў Мінску беларускія дзеячы ўспрынялі гэта з надзеяй — калі не ўсе, то многія: усклалі спадзяванне на парламент i законнасць, чаго сродкамі Дзярждумы дагэтуль у Расійскай імперыі дабівацца не вельмі выпадала, бо часамі дэпутаты-палемісты ператваралі парламентарызм у агітацыйна-дыскусійны клуб прапаганды сваіх поглядаў, з-за чаго цар, бывала, i распускаў Дзярждуму. Каб удакладніць сваю пазіцыю, беларускія дзеячы ўлетку склікалі свой другі з'езд, якім таксама кіравала БСГ: левае крыло нашых землякоў (Зм.Жылуновіч з Петраграда, А. Бурбіс з Масквы), правае (Лёсік i іншыя мінчукі). Былі на з'ездзе i пасланцы ўсіх нацыянальных партый i многіх усерасійскіх. Як i раней, не абышлося без спрэчак, у асноўным па вызначэнні статуса Беларусі. Зусім нечакана саюзнікам стаў адзін з вядомых эсэраў, заявіўшы, што ім i беларускім дзечам тут замінае бальшавік Міхайлаў-Фрунзе, i заклікаў сумесна змагацца супраць таго. Урэшце прыйшлі да згоды, адхілілі ад кіраўніцтва Скірмунта i абралі Цэнтральную раду беларускіх арганізацый. I, трэба сказаць, своечасова (тлумачэнне крыху пазней). На 2-й сесіі гэтай Рады, 28.10-6.11, будзе ўтвораная Вялікая беларуская рада, якая пацвердзіць ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, развіцця нацыянальнай мовы i культуры, разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай будзе весці работу па стварэнні беларускага нацыянальнага войска, а пазней будзе рыхтаваць снежаньскі з'езд.

Часовы ўрад вырашыў працягваць вайну да "победного конца", для чаго адмяніў многія свае ж дэклараваныя "свабоды": увёў на франтах смяротную кару за "дезертирство" i "предательство", загадаў ваеннаму міністру i міністру ўнутраных спраў закрываць усе малыя, вялікія сходы i з'езды (18 ліпеня выдалі нават "Манифест о роспуске финляндского сейма"). Прыціхлыя генералы павесялелі, a Карнілаў зажадаў стаць ваенным дыктатарам Расійскай імперыі, дык ужо прыйшлося мабілізоўваць агульныя сілы супраць яго.

Ды мы — пра Мінск i Фрунзе. Увосень бальшавіцкі цэнтр адкліча яго з нашага краю для іншай дзейнасці. I трэба сказаць, пазней, у грамадзянскую вайну, ён, Фрунзе, вызначыцца яшчэ больш. Кемнасцю, загартаванасцю ў дыскусіях, ваеннымі здольнасцямі i неверагоднай жорсткасцю (было, што па яго загадзе палонных белых афіцэраў вывозілі ў мора i тапілі жывымі). Пасля адстаўкі Троцкага ён узначаліць Чырвоную Армію, выб'ецца ў вышэйшую савецка-бальшавіцкую эліту, ягоны голас будзе нямала значыць — адпаведна, ён стане небяспечны для кіруючых вярхоў, i яго без ніякай патрэбы пакладуць на аперацыйны стол i загубяць (крыху пазней нібыта ў аўтамабільнай катастрофе загіне Мяснікоў). З-за таго, што яшчэ маладога, поўнага энергіі i сіл Фрунзе подла знішчылі, яго па-чалавечаму шкада, але ўсё роўна прыкра, што i ягоным іменем не толькі названая вуліца ў Мінску, але менавіта на ёй знаходзіцца наш Дом літаратара. Справа тут не толькі ў тым, што ў пераломным, цяжкім, a ў нечым i спрыяльным 1917-м Міхайлаў-Фрунзе не даваў падняць галавы беларускаму ў Беларусі ("И что за диво?., издалека, Подобный сотням беглецов, На ловлю счастья и чинов Заброшен к нам по воле рока; Смеясь, он дерзко презирал Земли чужой язык и нравы; Не мог щадить он нашей славы; Не мог понять в сей миг кровавый, На что он руку поднимал!..", a ў тым, што ён надоўга, па сённяшні дзень, заклаў традыцыю ўсё нацыянальнае разглядаць як нацыяналізм, як штосьці самае варожае i злачыннае, даў натхненне антыбеларускасці, i гэта, апошняе, не толькі жывучае, але i па-ранейшаму для нас ядавітае.

Фрунзе з'ехаў з Мінска; цяпер тут пачне ўзвышацца роля Мяснікова, Ландара, Кнорына i іншых, i ўжо яны радасна 25 кастрычніка абвесцяць "Приказ № 1. К населению г.Минска и окрестностей" пра тое, што ў Петраградзе ўлада перайшла да Саветаў i што яе шырока прызнаюць — адпаведна, i ў Мінску ды па-за ім улада таксама пераходзіць да Саветаў. Далей аб'яўлялася, што Мінскі Савет прыняў "самые решительные меры к охране революционного порядка и установлению полезной дисциплины повсюду", а таксама ўсталёўваецца "революционная цензура" над усімі газетамі, што тут выпускаюцца ці сюды прыходзяць. Са зняволеных улетку, а цяпер вызваленых вайскоўцаў быў утвораны 1-ы рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета.