Выбрать главу

- Адкуль, чорт бы яе ўзяў, яна магла выскачыць? - здзiвiўся Джанатан. - Я павiнен высветлiць.

Ён знiк за кустамi. Я застаўся адзiн, чакаю. Джанатана так доўга не было, што я пачаў ужо непакоiцца.

- Джанатан, дзе ты? - гукнуў я, не вытрымаўшы.

I зусiм рэальна пачуў адказ. Голас яго быў узбуджаны.

- Як ты мяркуеш, адкуль з'явiлася лiсiца? З самой гары! Ты ўяўляеш, Сухарык, з гары Катлы! Тут ёсць невялiкая пячора.

Магчыма, у сагах усё было вядома загадзя. Магчыма, Джанатан быў названы выратавальнiкам Орвара ў iмя Далiны Дзiкай Ружы. Магчыма, iснавалi нейкiя таемныя сiлы ў сагах, якiя накiроўвалi нас, i мы пра гэта нават не здагадвалiся. Бо ў iншым выпадку як бы мог Джанатан знайсцi ўваход у пячору Катлы менавiта там, дзе мы пакiнулi сваiх коней? Гэта было вельмi дзiўна, як i тое, што з усiх дамоў у Далiне Дзiкай Ружы я выбраў дом Мацiяса, а не якi-небудзь iншы.

Джанатан знайшоў-такi выйсце, якiм Катла выбралася з пячоры. З пячоры быў ход у глыбiню гары - не вельмi шырокi, але дастаткова прасторны, каб галодная драконiха магла па iм прапаўзцi, як лiчыў Джанатан, калi яна прачнулася пасля тысячагадовай спячкi i высветлiла, што яе звычайны шлях зачынены меднымi варотамi.

Для нас гэты праход быў дастаткова свабодны. Я ўглядаўся ў цемру. Колькi спячых драконаў можа быць там, у глыбiнi? А як прачнецца каторы, калi незнарок наткнуцца ды наступiць? Вось пра што я думаў.

Я адчуў Джанатанавы рукi на сваiх плячах.

- Сухарык, - сказаў ён, - я не ведаю, што чакае нас там, у цемры, але я iду туды зараз жа.

- I я з табой, - усклiкнуў я, не пазнаючы свайго голасу.

Джанатан ласкава патузаў мяне за шчаку, як ён гэта звычайна рабiў.

- Ты ўпэўнены, што табе не хочацца пачакаць мяне тут, з коньмi?

- Хiба я не казаў табе, што я пайду з табой усюды? - пакрыўдзiўся я.

- Але, ты гэта казаў, - згадзiўся Джанатан з радасцю.

- Бо я заўсёды хачу быць з табой, - дадаў я. - Нават у падземным царстве.

Пячора Катлы i была падземным царствам. Прабiрацца гэтым падземным ходам было ўсё роўна, што прабiрацца пеклам, гэта было як жахлiвы сон, ад якога ты нiяк не можаш прачнуцца, гэта было як пераход ад сонечнага святла ў вечную ноч.

Уся пячора Катлы была нiчым iншым, як апусцелым гняздом дракона, што патыхала злавеснасцю яшчэ тых даўнiх часоў. Без сумнення тысячы яек драконаў былi выведзены менавiта тут, i жорсткiя драконы выпаўзалi зграямi, каб знiшчаць усё на сваiм шляху.

Па задуме Тэнджыла, менавiта старое гняздо дракона было самым прыдатным месцам для турмы. Я скаланаўся пры думцы, што адбывалася з людзьмi, якiя траплялi сюды.

Здавалася, паветра напоўнена жорсткасцю, з усiх куткоў пячоры мне чулiся стогны i крыкi, праклёны i слёзы, тут панавалi смерць i пакуты, - усё гэта бачыла пячора Катлы за час уладарання Тэнджыла. Я хацеў запытацца ў Джанатана, цi чуе ён гэтыя стогны, але наўрад цi ён чуў, таму што мне ўсё гэта, мабыць, проста ўяўлялася.

- Ну вось, Сухарык, мы з табою на такой прагулцы, якую ты нiколi не забудзеш, - парушыў маўчанне Джанатан.

I гэта была праўда. Мы павiнны былi прайсцi падземнымi хадамi ўсю гару, дабрацца з другога боку да самой турмы, дзе быў зняволены Орвар за меднымi варотамi. Гэта была тая самая пячора, якую людзi называлi пячорай Катлы, бо нiякай iншай пячоры яны проста не ведалi. Мы нават не ўяўлялi сабе, цi здолеем мы дабрацца да таго падзямелля. Але ведалi, што шлях будзе вельмi доўгi - мы ўжо прайшлi яго на паверхнi гары, i нам будзе ў сем разоў цяжэй прарабiць гэты шлях тут, унiзе, па гэтых мудрагелiстых, як петлi, пераходах, асвятляючы свой шлях толькi паходнямi.

Страшна было бачыць асветленыя паходнямi сцены пячоры. Полымя выхоплiвала толькi маленькую частачку той вялiзнай цемры, якая акружала нас, i ўсё па-за святлом здавалася пагрозлiвым. "Хто ведае, - думаў я, - можа, у гэтых цёмных пячорах ляжаць драконы, змеi i страшыдлы i чакаюць нас". Было боязна, што мы згубiм дарогу. Але Джанатан рабiў адзнакi сажай ад паходнi, каб мы маглi знайсцi дарогу назад.

"Прагулка", - жартаваў Джанатан, але гэта была зусiм не прагулка. Мы прасоўвалiся, пралазiлi, узбiралiся ўгору, пераскоквалi, спаўзалi на выступы, стараючыся з усiх сiл, нечакана падалi - чаго толькi не было з намi ў час той прагулкi. Што за прагулка! Што за пячора! Зрэдку мы падыходзiлi да вялiкiх трэшчын i ледзь маглi ўбачыць iх глыбiню, адно толькi рэха падказвала нам, якiмi глыбокiмi яны былi. Зрэдку нам выпадала прабiрацца мясцiнамi, дзе нельга было стаць у поўны рост. Тады даводзiлася паўзцi на жываце, як таму дракону. Калi-нiкалi шлях перакрываўся падземнай рэчкай, якую трэба было пераплываць. Але горш за ўсё было тады, калi пад нагамi з'яўлялiся глыбокiя шчылiны. Я ледзь не правалiўся ў адну з iх. Спатыкнуўшыся, я ўпаў i выпусцiў з рук паходню. Потым з жахам глядзеў, як яна падала ўнiз усё далей i далей, да таго часу, пакуль не знiкла, i мы засталiся ў цемры. Гэта было самай горшай i самай цёмнай цемрай у свеце. Я не асмельваўся нi варухнуцца, нi загаварыць, нi нават думаць. Стоячы так у цемры, на краi трэшчыны, я нават спрабаваў забыць, што iсную. Але я пачуў побач голас Джанатана. Ён запалiў другую паходню, увесь час размаўляючы са мной, каб я не звар'яцеў ад страху.

Так мы прабiралiся вельмi доўга, проста бясконца, таму што ў глыбiнях пячоры Катлы часу не iснавала. Мне здавалася, што мы iшлi адвеку, i я пачаў баяцца, што нiколi адтуль не выберамся, што будзе вельмi позна. Пэўна, ужо i было позна, Орвар... магчыма, ён быў ужо ў Катлы.

Я запытаўся ў Джанатана, што ён пра гэта думае.

- Не ведаю, - адказаў ён. - Але паспрабуй не думаць пра гэта, калi не хочаш звар'яцець.

Мы падышлi да вузкага выгiнастага праходу, якому, здавалася, нiколi не будзе канца, якi крок за крокам станавiўся ўсё нiжэй i нiжэй, вузей i вузей, i мы ўжо ледзь маглi па iм прабiрацца. Нарэшце ён пераўтварыўся ў дзiрку, праз якую можна было сяк-так працiснуцца. Але па другi бок гэтай дзiркi мы ўбачылi, нарэшце, вялiзную пячору. Такую вялiзную, што нават цяжка было вызначыць яе памеры, бо святло паходнi асвятляла вельмi невялiкую яе частку. Джанатан паспрабаваў вызначыць яе памеры з дапамогай рэха.

- Хо-хо-хо, - крыкнуў ён. I мы пачулi рэха, якое шматразова адказала з усiх бакоў: "Хо-хо-хо!"

I раптам у цемры пачуўся жывы голас...

- Хо-хо-хо, - перадражнiў хтосьцi. - Хто вы i чаго вы хочаце? Чаго вы прыйшлi сюды такiм нязвыклым шляхам са святлом i паходнямi?