Выбрать главу

— Было, — кроў адліла ад твару жанчыны, ён у імгненне стаў белым, бы прыдарожная костка, вусны яе затрэсліся. Яна забылася пра пытанне, і, пэўна, акрамя крыжыка нічога не бачыла.

— Дык чаму ты тым вечарам з’явілася ў карчме ў акрываўленым адзенні? — бы праз коўдру прабілася да яе слыху.

— Я секла качак, — адказала яна і, злосная ў сваёй рашучасці, падняла бліскучыя ад слёз і адчаю вочы. — Вось тут, вось на гэтай калодзе і вось гэтай сякерай я секла качак. Табе гэта зразумела, лаўнік?

— Што ж тут не зразумелага? — паціснуў плячыма Самуіл. — У той вечар ты секла качак, каб было чым карміць наведвальнікаў карчмы на наступны дзень. Усё зразумела. І апошняе, адкажы мне, Матруна.

— Ой, крыжык Петруся знайшоўся, — раптам побач з лаўнікам прагучаў дзіцячы голас. Корчак апусціў галаву — каля яго стаяла невялічкае, гадоў пяці, дзяўчо. Яно глядзела на крыжык у руцэ незнаёмца і, радасна хлопаючы ў далоні, шчабятала:

— Вось Пятрусь абрадуецца, праўда, матулечка?

— Праўда, — ледзь стрымліваючы сябе, адказала маці. — Ідзі, доня, пагуляй на панадворку.

— Добра, матулечка, — дзяўчынка развярнулася і пабегла.

— Што ты хацеў яшчэ запытацца ў мяне, лаўнік? — Матруна здалася. Яна зразумела, што Корчак пра ўсё здагадаўся і ўвесь гэты допыт праводзіў толькі дзеля таго, каб пачуць прызнанне менавіта з яе вуснаў. Аднак і Корчак быў разгублены, не чакаў ён, што знойдзены ім крыжык належыць сыну карчмаркі.

— Я хацеў удакладніць, як ты магла вось гэтай сякерай сячы ў той вечар качак, калі яе забраў з сабой твой муж і знайшла ты яе, з тваіх слоў, толькі наступнай раніцай?

— Гэта я ўдарыла Антука дубцом па галаве, — голас жанчыны гучаў глуха. Яна ўжо скарылася лёсу і гатова была гаварыць праўду і, калі б яна прызналася ў забойстве крыху раней, то Самуіл паверыў бы ёй. Але ў яго руках быў нацельны крыжык сына Матруны, доказ, які патрабаваў тлумачэння і які сведчыў зусім пра іншае.

— Чаму ж у кулаку Антука аказаўся не твой крыжык, а крыжык твайго сына? Дарэчы, дзе ён цяпер?

— Пятрусь вельмі хворы. Антук пастаянна здзекаваўся з яго, няшчадна біў па галаве за любую правіну і мой няшчасны сыночак захварэў. Ён баіцца дарослых мужчын і хаваецца ад іх у запечку. Ён вельмі хворы.

«Вось яно што!» — Самуіл успомніў бліскучыя вочы і нечакана для сябе сказаў:

— І Антука ён забіў у надзеі, што знішчыць у сабе той страх, які парадзіў у ім яго ж бацька.

— Антук не бацька Петрусю, — не ўтрымалася, зусім па-жаночы ўсхліпнула Матруна і, абхапіўшы галаву рукамі, хістаючыся з боку ў бок, заплакала.

Праз нейкі час жанчына суцішылася, падняла свае чырвоныя вочы на лаўніка.

— Хочаш, я раскажу табе пра сваё праклятае жыццё? — Корчак паціснуў плячыма. А яна, бы ўгаворваючы яго, патлумачыла: — Ты даведаешся і пра Антука, і пра жабрака, і пра мяне.

— Што ж, час у мяне ёсць, — Самуіл адышоў у кут і ўладкаваўся на кінутай там бара­не. — Расказвай.

6

— Я і Антук Рубец родам з вёскі Заполле, што размяшчаецца мілях у дзесяці ад Берасця па шляху на Кобрын. Вёска наша невялікая, лясная, але зямля там добрая, тлустая, пладаві тая. Таму ўсе нашы вяскоўцы жывуць хаця і небагата, аднак голаду не ведаюць. Вось толькі Рубцы! Нешта не ладзілася ў іх гаспадарцы, за нейкія грахі караў іх Гасподзь: то конь у іх здохне, то цяля, то карова. Калі маланка куды ўдарыць, то гэта пабудова Рубцоў. Калі статак дзікоў вынішчыць нечыя пасевы, то, зразумела, іхняе. Не шанцавала ім, а калі памёр стары Таміла, то і наогул іх гаспадарка прыйшла ў заняпад.

У Тамілы Рубца было чацвёра дзяцей: два сыны, Восіп і Антук, і дзве дачкі. Усе дзеці прыгожыя, статныя і, як ні дзіўна, працавітыя. Таму і не заседзеліся яны доўга ў бацькавым гняздзе — дзяўчаты выпырхнулі з яго першымі, потым з мясцовай сіратой Ксеніяй пабраўся шлюбам Восіп, апошнім вырашыў ажаніцца Антук. І трэба ж было такому здарыцца што менавіта мяне ён выбраў сабе ў жонкі, і менавіта да майго бацькі прыслаў пятнаццаць гадоў таму сваіх сватоў. А я ўжо мела прапанову ад Юркі Забелы і бацькі нашы пра ўсё ўжо дамовіліся. Вось і прыйшлося мне перад сватамі Антука выставіць гарбуза, на які той пакрыўдзіўся і праз некалькі дзён знік з вёскі. Дзе ён бадзяўся, я не ведаю, аднак ужо зімой па вёсцы пайшлі пагалоскі, што ў нашых лясах з’явілася банда шышоў, якая рабуе купецкія абозы, а тых, хто аказвае супраціў, забівае.

Пагалоска прайшла і, бы дым, растварылася. Вясной пра бандытаў не чулі, пра іх нават забыліся, і тым жудасней была навіна, што абоз з нашай вёскі, які адпраўляўся на летні кірмаш у Кобрын, бандыты поўнасцю разрабавалі, а мужыкоў пазабівалі. І мой Юра прапаў з тым абозам, і Восіп Рубец пакінуў сваю Ксенію з грудным дзіцем. Вось так я стала ўдавой.