Выбрать главу

— Не ведаю. Магчыма, Пятрусь убачыў у табе новую небяспеку, магчыма, ты сказаў нешта такое, што напалохала яго.

— Калі ён будзе біць дубцом усіх, хто яму не падабаецца, то хутка пераб’е палову горада. Яго лячыць трэба.

— Трэба, — цяжка ўздыхнула жанчына, — і я ўжо знайшла лекарку, якая згодна прыняць яго на лячэнне, калі толькі ты.

— Калі я буду маўчаць? — Корчак падняўся з бараны, абтрос порты. — Вось ты кажаш, што Бог пакінуў цябе і тваю сям’ю, пазбавіў вас сваёй літасці. Так, здараецца, што Гасподзь пазбаўляе чалавека сваёй ласкі, але робіць Ён гэта наўмысна, для таго, каб мы маглі адчуць Яго не толькі па Яго міласці і дабрыні. Ён пасылае нам выпрабаванне і добра ведае да якой мяжы мы можам трываць. Гэта людзі могуць вырачыся Бога, адмовіцца ад Яго, здрадзіць Яму. Ён жа ніколі не пакідае чалавека сам-насам з бядой, і калі ў цябе гора, то перацярпі яго годна, па-хрысціянску, бо гэтым горам Ён цябе выпрабоўвае. Гора ачысціць душу, годна вытрымаўшы іспыт, ты адчуеш Яго ласку і Яго міласць. Я не святар і настаўляць цябе на правільны шлях не буду, але тое, што адбылося з табой і тваёй сям’ёй, павінна стаць для цябе ўрокам на ўсё жыццё. Запомні гэта, жанчына, і няхай Бог будзе суддзёй табе і твайму сыну.

7

Наступным днём берасцейскі бурмістр пан Міхал пацікавіўся ў Корчака:

— Ну што, Самуіл, прызналася карчмарка ў зладзействе?

— Яе самае вялікае зладзейства заключаецца ў тым, што яна некалі паверыла Антуку і пагадзілася стаць яго жонкай.

— Значыць, усё ж такі не яна забіла мужа?

— Яго пакараў Бог! — адказаў лаўнік.