— Дык што, гэта твая? — нарэшце спытала кантралёрка.— Дзяўчына, ці як?
— На дзяўчат цяпер не вельмі раскашэльваюцца. Можна сказаць, апошні абавязак перад скасаваннем шлюбу,— адказаў ён і, нахіліўшыся, зашаптаў на вуха: — Жонка. Вазілі ў суд дакументы…
— Што ж так? —- палагаднеўшы, спытала кантралёрка.
Хлопец развёў рукамі.
— Я не бог, ды і яна не анёлак…
Вольга памкнулася прызнацца, што згубіла кашалёк, а там хай будзе што будзе, але хлопец, нібы здагадаўшыся пра яе намер, павярнуўся і падміргнуў. Вочы ў яго — гэта, бадай, і спыніла Вольгу — былі дзіўныя: прадаўгаватыя, з зеленаватым адценнем, а вейкі — пушыстыя і доўгія. Ад усёй ягонай ладнай фігуры веяла мужчынскай — даўно ўжо не хлапчукоўскай — грунтоўнасцю, пра якую ён, мабыць, яшчэ і сам не здагадаўся.
Раптам яна ўявіла побач з гэтым высокім, плячыстым хлопцам няўклюднага, хоць і ўзмужнелага Пашку ў ягоных вялікіх акулярах, і яе вусны кранула ўсмешка.
— Ну як, мінуў шок? — дружалюбна спытаў хлопец.— Я дык неяк у адпачынак ляцеў. Прыехаў у аэрапорт, палез у кішэню, а білета няма. Гэта, я вам скажу, быў малюначак! А вы перажываеце: талон!
Штосьці непасрэдна шчырае было ў ягоным абліччы. Вольга не магла зразумець, што менавіта, але з той хвіліны, калі ён звярнуўся да яе, паглядзеў пранікнёна і весела, Вольга адчула нейкае патаемнае незнаёмае дагэтуль хваляванне.
Убачыўшы, што аўтобус падыходзіць да прыпынку, Вольга памахала хлопцу рукой і пачула ў адказ, як даўно вырашанае:
— Заўтра ў шэсць гадзін на гэтым прыпынку. Раней не магу — заняткі.
Гэтыя словы зноў узлавалі Вольгу. Не таму, што яна не хацела іх пачуць: укалола хлопцава самаўпэўненасць. Але чым далей яна адыходзіла ад прыпынку, тым мацней яе агортваў дзіўны неспакой. Вользе спадабалася, што хлопец не выказаў асаблівай настойлівасці: не прычапіўся, каб правесці яе дадому.
У спальні Вольга доўга стаяла перад люстэркам, глядзела на свой твар так, нібыта бачыла яго ўпершыню. Яе засмуціў трохі кірпаты нос. Мабыць, калі яна размаўляе з хлопцамі, тым здаецца, што яна грэбліва ставіцца да іх. Гэтае адкрыццё яе трохі ўстрывожыла. Ужо адчуваючы, як яе ахоплівае салодкая дрымота, Вольга падумала, што пойдзе на спатканне, але не будзе размаўляць з хлопцам: проста верне талон.
Хлопца яна ўбачыла яшчэ здалёку: той стаяў каля слупа і глядзеў сабе пад ногі. Тое, што ён не зыркае па баках, як гэта робяць іншыя, таксама ёй спадабалася. Апрануты хлопец быў не так, як учора: на ім быў цёмна-сіні касцюм, белая кашуля, а ў руцэ ён трымаў плашч.
— Добры вечар,— сказаў хлопец і падаў руку.— Будзем знаёмы, Ігнат.
Ён нечага палез у кішэню. Вольга падумала, што хлопец, няйначай, узяў білеты ў кіно. Здагадка гэтая і рассмяшыла, і засмуціла яе: відаць, усе хлопцы аднолькавыя. Моўчкі падала талон, які купіла па дарозе.
— Дзякую,— не здзівіўся Ігнат,— я так і думаў. Мо ў вас і аўтаручка ёсць?
Вольга збянтэжана палезла ў сумачку.
— А цяпер, калі ласка, распішыцеся,— папрасіў Ігнат.— Не так многа дзяўчат, якія не падманьваюць хлопцаў ды яшчэ вяртаюць пяцікапеечны талон…
Вольга хоць і адчула сябе ніякавата, але ж і ацаніла някрыўдны Ігнатаў гумар. Ёй здалося, што яна даўно знаёмая з гэтым хлопцам: проста размінуліся ў дарозе, а цяпер сустрэліся зноў…
«А ён добры чалавек»,— гледзячы ў акно, за якім ужо трохі пасвятлела, падумала Вольга.
Ёй нясцерпна захацелася ўбачыць сёння Ігната. Але ведала, што той заняты ў вучылішчы. Паспешліва развітаўшыся з хлопцамі, яна спусцілася ў гардэроб.
Ля шэрых калон, што падпіралі доўгі мудрагелісты карніз, Вольга спынілася. Ёй чамусьці здалося, што яна нешта забылася ў клубе.
— Можа, хоць вам жаніх патрэбен? — пачула яна такі знаёмы голас.
На прыступках у блакітнай, падшытай футрам куртцы стаяў Ігнат. Выцягнуўшы шыю і расхінуўшы рукі, ён, як той пінгвін, няўклюдна пераступаў з нагі на нагу.
— Вось засумаваў…— вінавата аднымі куточкамі вуснаў усміхнуўся Ігнат.
— Ты даўно чакаеш?
— Дробязь,— ён паклаў халодную далонь на яе руку, і Вольга здагадалася, што Ігнат чакае даўно.
Пасля дажджу ўзяўся лёгкі марозік, і адразу на асфальце з’явіліся сінія малюнкі, якія, пераплятаючыся паміж сабой, нагадвалі недатканы дыван.
— А нам шанцуе на дождж і вецер,— ціха сказала Вольга.— I тады, калі я ехала «зайцам», і сёння, калі ты прыйшоў так нечакана,— дождж.
— Дык жа добрыя людзі прыносяць з сабой непагадзь,— адгукнуўся Ігнат.— Пра гэта яшчэ ў святым пісанні гаворыцца…