Вольга нічога не адказала. Ідучы побач з Ігнатам, яна адчувала нязвыклую ўпэўненасць у сабе, і ёй было крыху дзіўна, што яшчэ нядаўна шумны горад цяпер нібыта прыціх.
Белым павуціннем бязвольна звісалі са слупоў электрычныя правады. Яны самотна пагойдваліся ў паветры, і з іх ападалі на зямлю белыя пялёсткі. Тралейбусы не хадзілі, ды і машыны прыціснуліся да тратуараў. Вадзіцелі чакалі, пакуль пойдуць грузавікі з пяском, бавілі час, слухаючы музыку.
На скрыжаванні яны ўбачылі перакуленую легкавушку, а каля яе — натоўп. Машына пабілася не вельмі моцна — трохі пагнуліся дзверцы ды вылецела ветравое шкло.
— Вось так і бывае, калі лёс павернецца не тым бокам,— задумліва сказаў Ігнат.— Жыве чалавек і не ведае, што з ім заўтра здарыцца. Пайду памагу аўтааматару.
За якую хвіліну машыну паставілі на колы, адкацілі ў бакавую вулачку і схавалі, мабыць, ад вачэй аўтаінспектараў, за шматпавярховы дом.
Вольга засталася на тратуары адна. Яе ахапіў неспакой, бо азваліся трывогай Ігнатавы словы. Калі вярнуўся Ігнат, яна даверліва прыхінулася да ягонага пляча, як да нейкай надзейнай апоры, якой — Вольга гэта заўсёды востра адчувала — ёй не хапала ў жыцці.
Раздзел пяты
Чалавека заўсёды больш палохае невядомасць, чым | рэальная небяспека. Гэтую ісціну Ахрэм засвоіў даўно. Ён разумеў, чаму хлопцы ідуць унурыста, быццам пад нагамі быў не лёд, а багна.
Каб схаваць усмешку чалавека, які ведае тое, што не ведаюць іншыя, Забалотны трохі адстаў ад матросаў. Азірнуўся на караван. Там бруіла сапраўднае мора святла. Гуллівае полымя шугала ўгору, лізала дрогкімі языкамі мачты, кармавыя надбудовы, адкідвала ружовыя цені на лёд.
— Максім,— паклікаў Забалотны Хвалея,— глядзі, з шаландаў табе пярэдні край асвятляюць. Лічы, што ідзеш за самую што ні ёсць лінію фронту.
Хвалей не адгукнуўся.
«Во салака,— моўчкі і з горыччу вылаяўся Ахрэм.— Як грэбуе. Каліфорнія…»
Мо ад таго, што Максім не азваўся, на душы Забалотнага стала няўтульна.
Ахрэм лічыў сябе чалавекам непрактычным: пад добры настрой ён мог запрасіць у рэстаран цэлую кампанію. Седзячы за сталом, як гаспадар, ён са спакойнай, але і бязлітаснай іроніяй падахвочваў людзей піць і есці, Здавалася, што людзі гэтыя ліпнуць на ягоныя грошы таму, што яму не было каму іх аддаць.
«Чалавечкі,— думаў ён і чамусьці з агідай успамінаў стары брызентавы чамаданчык, які так не любіла Алена,— абы напіць і паесці…»
I жанчыны, з якімі ён часам сустракаўся, нагадвалі яму маленькія хвалькі, якія не могуць узняць шторм. Адзінае, што хвалявала — мора. Ён ніколі не забываў, што мора суцешыла яго, калі ён застаўся адзін. Там, у акіяне, далёка ад берага, паступова выпарылася і вострае жаданне адпомсціць Алене.
Так, на беразе яго ніхто не чакаў: усе блізкія людзі былі тут, побач, і таму Ахрэму было неяк балюча і горка, што ён быццам для іх чужы чалавек — проста боцман, начальнік. Ён ведаў цану адзіноцтва, і таму яго абурала тая легкадумнасць, з якой разведзеныя матросы прыкрывалі свой боль, калі размова заходзіла пра дом, пра жонак: «Нічога, браточкі, не я такі першы, не я і апошні. На мой век жанчын хопіць…»
Урэшце гэтая непрымірэнчасць і паздзекавалася з яго — Ахрэм так і не ажаніўся. Адзін выпадак, які на іншага чалавека не зрабіў бы ніякага ўражашія, пакінуў у ягонай душы глыбокую рану…
Тым летам Забалотны нечакана для сябе на нейкі час стаў бічом. Збіраўся ў чарговы рэйс і, як на тое ліха, апынуўся ў бальніцы: скруціў апендыцыт. Судна пайшло на промысел некуды ў раён Джордж Банкі, а ён, пасля аперацыі, застаўся на беразе чакаць першай аказіі.
Дні стаялі па-восеньску празрыстыя, настоеныя на мятным водары акіяна. Было хораша ўзабрацца на высокую, парослую аксамітным мохам і маладымі бярозкамі сопку і глядзець на зеленаватую роўнядзь заліва. 3 вяршыні Ахрэм беспамылкова пазнаваў знаёмыя судны: па афарбоўцы, па тым, як яны адыходзілі альбо швартаваліся да прычалаў, па гудках. Быццам таленавіты дырыжор, Ахрэм перажываў кожную фальшывую ноту ў зладжаным дыханні порта, і ад гэтай еднасці з тымі, хто быў там, унізе, ён адчуваў сябе амаль шчаслівым. Радавала і тое, што рыбалоўны траўлер, які ішоў на промысел у патрэбны Ахрэму раён, стаяў пад пагрузкай. Па шчырасці, дык ён прыроджаны боцман, згаладаўся па сапраўднай рабоце.
Сонца ўжо прыпякала не на жарт, і Ахрэм перабраўся ў цень. Мабыць, таму і не ўбачыў, як на вузенькай сцежцы, што звівалася жоўтай выгаралай стужкай сярод дзівоснага аксаміту, з’явіліся людзі. Спачатку толькі пачуў звонкі, як цурчанне празрыстага ручайка, голас: