— Паглядзі, Васіль, як тут прыгожа!..
Ад таго, што парушылі яго адзіноту, Ахрэм нязлосна памянуў чорта, але ж цікаўнасць, якую, хочаш ты таго ці не, выклікаюць незнаёмыя жанчыны, прымусіла яго асцярожна выглянуць са свайго сховішча.
Жанчына стаяла да яго спіной і глядзела на мора. Яна спынілася недалёка, і Ахрэм адразу адзначыў, што фігура ў яе нічога сабе: хударлявая і стройная. Гэтую прыгожую хударлявасць падкрэслівалі доўгія ногі і тонкая талія. На жанчыне была кароценькая сукенка з нейкага дужа бліскучага матэрыялу.
Яе спадарожнік ці муж быў таксама паглядны: высокі, з шырокімі плячыма. Белая кашуля з кароткімі рукавамі вельмі пасавала да ягонага загарэлага твару, а кучаравыя светлыя валасы надавалі спартыўнаму абліччу адценне таямнічасці і ўдачлівасці.
Ахрэм ужо меўся ўладкавацца на сваім выцвілым кіцелі, калі мужчына нешта крыкнуў — што менавіта, Ахрэм не разабраў,— абняў жанчыну і ўзняў перад сабой. Тая, як бы супраціўляючыся, стрыгла голымі нагамі, але смяялася прыхільна і гарэзліва.
— Ну хопіць,— нарэшце запярэчыла яна.— Няўжо цябе не хвалюе прырода?
— Гэткі пейзаж я кожны дзень бачу са сваёй метэаралагічнай станцыі,— азваўся басам мужчына.— А вось з табой сустракаюся, як у прымаўцы: дзень густа, а месяц пуста…
— Ну, прымаўка ж не зусім такая. Але справа не ў гэтым. Не магу ж я ўсё кінуць і бегчы да цябе, нібы дзяўчынка нейкая.— Жанчына правяла рукой па Васілёвых валасах.— Ты, калі злуеш, вельмі нагадваеш вожыка.
— Не падабаюся?
— А ты як думаеш? — яна таропка, з нейкай увішлівай пакорлівасцю паклала мужчыне рукі на плечы і зазірнула яму ў вочы.
Калі б у гэты момант Ахрэму сказалі, што зараз пачнецца вывяржэнне вулкана, ён, напэўна, здзівіўся б менш, чым цяпер,— у жанчыне ён пазнаў жонку свайго старпома.
Во каму зайздросціла ўся каманда. Асабліва пасля мінулага рэйса, калі прыціскалі ўжо маразы, Святлана — так звалі старпомаву жонку — сустракала на пірсе судна з вялікім букетам кветак.
«Увосень яшчэ лягчэй прыкрыць кветкамі сваю разбэшчанасць. Купляй на рынку — не хачу...» — падумаў Ахрэм.
Тое, што Святлана, мабыць, ужо даўно здраджвае старпому, не тое каб уразіла, хутчэй кантузіла: нібы на нейкі час Ахрэм страціў прытомнасць.
«Не хапае, каб старпомава жонка мяне ўбачыла…» — не на жарт спалохаўся ён.
Накінуўшы на плечы кіцель, Ахрэм, хаваючыся за кустамі, пачаў спускацца з сопкі. Ды так пасвешліва, што на схіле не заўважыў прыкрытую мохах яму і, нібы куль саломы, зваліўся ў яе.
— Здаецца, Васіль, тут нехта ходзіць,— даляцеў да яго трохі спалоханы Святланін голас.
— Не выдумляй. Пэўна, камень пакаціўся…
Ахрэм злосна вылаяўся: камень пакаціўся, разумнікі. Табе любоўная ўцеха, а чалавеку — бяда…
Ён выбраўся з ямы і напрасткі пашыбаваў у горад. I чым бліжэй падыходзіў да порта, тым мацней пераконваўся, што нельга яму вяртацца на сваё судна. Не страціў ён яшчэ чалавечага сумлення, каб кожны раз, сустракаючыся са старпомам, утаропліваць у палубу вочы.
3 нейкай спакойнай удзячнасцю ён прыгадаў Алену, якая, пакахаўшы Валянціна, не пабаялася сказаць яму, Ахрэму: «Нялюбы ты мне стаў. Няўжо не бачыш?..»
На «біржы», як ахрысцілі матросы аддзел кадраў, людзей было багата. Па старой звычцы Ахрэм трохі пастаяў на ганку, потым пайшоў шукаць свайго знаёмага інспектара. Яму пашанцавала: той сядзеў адзін у сваім маленькім пакойчыку, на сценах якога былі густа развешаны розныя дыяграмы, графікі, плакаты і яшчэ бог ведае што.
Інспектара звалі Самсонам Вітальевічам, але ён чамусьці любіў, калі да яго звярталіся проста — Самсон. Многія гэта разумелі як панібрацтва і заходзілі да інспектара без усялякай справы, каб адвесці душу з начальствам, якое не вельмі задзірае нос і ведае пачым фунт рыбацкага шчасця.
3 Ахрэмам іх звязала нешта большае, чым звычайная таварыскасць, Самсон таксама ў вайну служыў у марской пяхоце, шастаў па варожых тылах і, пэўна, таму ставіўся да Забалотнага з незвычайнай для сваёй турботнай пасады цеплынёй.
— Ну як, старына, падарыў тралфлоцкаму музею свой апендыкс? — павітаўшыся за руку, пажартаваў інспектар.— Цяпер зрабіць такую аперацыю, што стрэмку выцягнуць з пальца. А памятаеш, медыцынскі барак і нямецкія самалёты над галавой. Другі быў час і другія песні…
Ён раптам зайшоўся кашлем. У ягоных грудзях нешта доўга вухкала, а плечы трэсліся як у ліхаманцы. Ахрэм ведаў, што ў Самсона прастрэленае лёгкае, але ніяк не мог прывыкнуць да гэтых працяглых прыступаў.
Нарэшце Самсон выцер хустачкай вусны і горка ўсміхнуўся. Ахрэму стала ніякавата: ад усяго сэрца той клапаціўся, каб ён, Ахрэм, дагнаў сваё судна, а цяпер да хворага чалавека трэба зноў лезці са сваёй нязначнай у маштабах флоту просьбай.