Выбрать главу

— Эскулапы раяць змяніць клімат,— першы загаварыў Самсон.— А які сэнс? Я ж памру без мора. А тут пры месцы і мора пры мне… А ты развітацца прыйшоў?

— Як сказаць,— азваўся Ахрэм.— Слухай, дзе ў нас патрэбны боцманы?

— Маеш каго добрага на прыкмеце? — Самсон выцягнуў з шуфлядкі сінюю папку.— Так. Значыцца, па «Кемлівым» і «Акцюбінску». На тых траўлерах, што стаяць пад пагрузкай. Сам ведаеш, твая прафесія не пад кожны характар.

Ён, пэўна, наўмысна націснуў на слова «характар», каб падкрэсліць, што тыя, хто прайшоў праз вайну, людзі асаблівыя. I ён, Забалотны, з гэтай кагорты. «А ўсё праз…» — ледзь услых не чартыхнуўся Ахрэм. Але выбару не было.

— Прабач, што турбую,— сказаў ён,— але, калі ёсць такая магчымасць, аформі мяне на «Кемлівы».

— Па якой прычыне? — пацікавіўся Самсон.

— Па матэрыяльнай,— гэтая хлусня давалася Ахрэму цяжка.— Пакуль я сваіх даганю, хлопцы ўжо штосьці заробяць. А што я атрымаю? Гузік ад кіцеля? — Раптам яго ахапіла пякучая злосць, нібы ён сам паверыў у тое, што гаварыў.— У вайну мы таксама хадзілі ў мора не па рамантыку. Дык маю я зараз маральнае права патрабаваць ад мора сваю кроўную капейку?

— Чаго ты раскрычаўся? — ціха спытаў Самсон.— Ідзі на «Кемлівы». Паперу я падрыхтую.

— Дзякую,— у Ахрэма было такое пачуццё, што ён падмануў вельмі блізкага, даверлівага чалавека.

На вуліцы, трохі супакоіўшыся, Ахрэм суцешыў сябе думкай, што калі-небудзь раскажа Самсону праўду і той зразумее яго і даруе. Але «калі-небудзь» так і не надышло — праз год Самсон памёр…

Прамільгнуў час, але і цяпер, праз многа гадоў, Ахрэму было цяжка і горка ўспамінаць тую апошнюю размову.

Забыўшыся, дзе ён знаходзіцца, Ахрэм выціснуў скрозь зубы:

— Сонечны зайчык, давай песню!

Схамянуўшыся ад свайго голасу, Ахрэм недаўменна падумаў: «Навошта ён мне, сонечны зайчык?»

Але Максім ужо адгукнуўся.

— Ты, відаць, зусім ачмурэў, Піліпыч. Ды яно і не дзіўна: полюс непадалёку, паўночнае ззянне... Тут нават стрэлка компаса круціцца не ў той бок. А што гаварыць пра чалавечую галаву?..

Каб не здацца яшчэ больш смешным, Ахрэм нібыта пагадзіўся:

— Добра, калі на чалавека хоць штосьці дзейнічае…

Яму стала крыўдна, што ён мусіць размаўляць з Максімам як з роўным, нават саступае яму, бо, як ні круці, у таго ёсць свая, хай пазычаная з кніжак, філасофія, якую яму, Ахрэму, нялёгка зразумець.

— Палундра! — спыніў Ахрэм матросаў.— Разабрацца па парах. Як на танцульках у гарадскім парку. Толькі адлегласць ад пары да пары — чатырыста метраў. Праз дваццаць хвілін падпальваем зарады і поўным алюрам на карабель. Зразумела, анёлы?

Ён стараўся выглядаць бадзёрым, але яго непакоіла, што на суднах выключылі пражэктары. Са святлом працаваць на лёдзе спакайней.

Праз нейкую хвіліну хлопцы разышліся выконваць загад. Толькі Хвалей, як непрыкаяны, тоўкся на месцы.

— А ты чаго разгубіўся, бы кок на пажары? — прымусіў сябе ўсміхнуцца Ахрэм.

— Вось,— збянтэжана паскроб шчаку Максім.— Здаецца, напарніка няма. Праўду разумныя людзі гавораць, што пазашлюбнае дзіця, нібы месяц у чорным небе. Вось і ты мяне, Піліпыч, усынавіў толькі тады, калі начальства прымусіла. Усынавіў, а браты дарослыя…— ён кіўнуў галавой у той бок, куды скіравалі матросы.

«Вось табе і першая флоцкая навука. Балбатуноў любяць паслухаць, а працаваць разам ахвотнікаў няшмат…» — падумаў Ахрэм і зірнуў на гадзіннік.

— Пойдзеш са мной. Чым я не напарнік?

Промні ліхтарыкаў мільгацелі ў цемры, быццам вузкія бліскучыя кліпкі. Ахрэм з Максімам, абмінаючы таросы, узялі ўлева.

— Нуда,— уздыхнуў Хвалей.— Давай, Піліпыч, лепей закурым люльку міру…

Ахрэм скоса паглядзеў на Максіма: гаварылі ж ёлупу, што каля зарадаў курыць нельга.

— Ну што ты на мяне, боцман, зыркаеш, бы раўнівы муж на верную жонку? — пакрывіў твар Хвалей.— Ты пра Мікашэвічы чуў? Не… А шкада. Нават недаравальна для пачальніка. Там у нас, на Палессі, знайшлі вялікія запасы граніту. Падрываў я там. Зразумела?

— Пакуль што не.

— Мяркую, нейкія падрыўнікі тут не патрэбны. Ну трохі цісне, і што? Пацісне і перастане. Ды і не сёння-заўтра ледаколы падыдуць. Закавыка ў іншым…

— Выкладвай, у чым твая закавыка.

— У чым? — неспадзявана раззлаваўся Максім.— Не люблю быць пешкай. А калі ўжо і пешкай, дык той, што цэліць у фярзі. А то што выходзіць? Выклікае мяне, напрыклад, капітан і кажа: «Таварыш Хвалей, у вашых паслугах зацікаўлена кінамастацтва. Прасілі ўдзельнічаць у масоўцы. Усяго адзін кадр: будзеце стаяць і чытаць ліст ад любімай жонкі…»