Выбрать главу

Машына, нібы застаялы конь, ірванулася з месца, і праз імгненне яе праглынула начная цемра.

«Няма для мяне ніякага блакітнага агеньчыку,— ўспомніўшы чорныя пялёсткі тэлеграмы, падумала Алена Канстанцінаўна.— Той агеньчык ужо даўно пагас…»

Тое, што яна спазняецца на канцэрт — Алена Канстанцінаўна ўжо даўно марыла ўбачыць на сцэне сваю дачку,— здалося нядобрай прыкметай. Як і сустрэча з паштальёнкай. Ёй яскрава прыгадалася, як многа гадоў таму назад — Ахрэм быў у моры — нейкі мічман прынёс ёй увечары запіску ад Валянціна і запрашальны білет у клуб маракоў. Яна тады доўга вагалася: ісці ці не — сэрца не пагаджалася. але душа, змарнаваная доўгім чаканнем, расчынілася насустрач невядомаму — і Алена Канстанцінаўна пайшла ў клуб. На вуліцы, ля калонкі, яна сустрэла суседку з пустымі вёдрамі, а потым яшчэ і спазнілася…

«Так хутка і ў бога пачнеш верыць,— страсянулася Алена Канстанцінаўна.— Але вер ты ў яго ці не, а той вечар і тую ноч з памяці не выкрасліш…»

Яна нават забылася, што стаіць на тратуары з паднятай рукой, і спалохалася, калі пранізліва віскнула тармазамі таксі. Шафёр, малады яшчэ хлопец, адчыніў дзверцы.

Назваўшы адрас, Алена Канстанцінаўна села ў машыну.

— А мне не пашанцавала,— паскардзіўся шафёр.— Таксама збіраўся ў клуб, ды захварэў напарнік. А план — нават і для нашага брата-таксіста план… Прыходзіцца другую змену запар баранку круціць.

Ён зірнуў на Алену Канстанцінаўну, прабегся вачыма па прычосцы, па твары, фігуры. Ягоныя вусны кранула ўсмешка.

«Пэўна, ён падумаў, што я сабралася на танцы»,— успыхнула Алена Канстанцінаўна і, каб адвесці ягоную здагадку, занадта таропка растлумачыла:

— Дачка запрасіла на канцэрт. Яна ў мяне спявачка.

— Часам не Забалотная Вольга?

— Так, Забалотная…— кіўнула галавой Алена Канстанцінаўна і адчула, як трывогай сціснула грудзі.

— Ведаю,— сказаў хлопец.— Я яе часта дадому падвозіў. Найбольш з нейкім Ігнатам. Той нічога сабе, не скнара. Так што, маці, жыві і радуйся...

Жыві і радуйся. Гэтыя словы незнаёмага хлопца сагрэлі душу. Цяпер Алена Канстанцінаўна падумала, што ўсё ж такі не зразумела Вольгу. А мо проста, як і для кожнай маці, яна так і засталася для яе маленькай безабароннай дзяўчынкай, якую так лёгка пакрыўдзіць.

Калі нарэшце таксі спынілася, да пачатку канцэрта заставалася ўсяго пятнаццаць хвілін. У холе вірапаў мітуслівы натоўп.

Алена Канстанцінаўна зняла паліто і заняла чэргу ў гардэроб. Позірк яе адразу выхапіў з узбуджанага натоўпу высокага хлопца, які глядзеў проста на яе. Яна адразу заўважыла, што ў яго амаль дзявочыя вейкі: доўгія і пушыстыя.

Чарга рухалася марудна. Як заўсёды, нехта спрабаваў прабіцца да гардэроба першым, людзі пачыналі нервавацца, і гэта трохі сапсавала Алене Канстанцінаўне настрой.

— Прабачце, вы не Вользіна маці? — пачула яна густы, але ломкі голас.

Перад Аленай Канстанцінаўнай стаяў той самы светлавалосы хлопец.

Адразу ўкалола здагадка: гэта і ёсць Ігнат.

— Не памыліліся,— адгукнулася яна.

— Вось і добра,— як малы, узрадаваўся хлопец.— А я ўсе вочы праглядзеў. Хваляваўся, што не пазнаю вас. Зараз я аднясу наверх ваша паліто.— Ігнат, не чакаючы згоды, схапіў яе паліто і шпарка пабег па лесвіцы.

Штосьці адразу падкупіла ў гэтым хлопцы. Можа, тое, што ён, не ведаючы яе ў твар, знайшоў у натоўпе, а можа, тая непасрэднасць, з якой Ігнат падышоў да яе і ўзяў паліто — цяжка было адразу адгадаць. Ды яна і не спрабавала гэтага зрабіць. Проста яе крануў клопат чужога незнаёмага чалавека.

Ігнат вярнуўся хутка. Гледзячы на Алену Канстанцінаўну зеленаватымі вачамі, засмяяўся:

— А мне за пільнасць падзяку вынеслі. Вось як на флоце бывае…

Лепей бы ён не гаварыў «на флоце»… Хоць Алена Канстанцінаўна і ведала, што Ігнат займаецца ў мараходным вучылішчы, яна раптам зноў адчула сябе адзінокай. Перавядуць куды-небудзь яго, забярэ Вольгу, і заставайся адна дажываць свой век.

— Трэба спяшацца ў залу, а то можам спазніцца,— напомніла Алена Канстанцінаўна.

Ігнат, мабыць, не зразумеў перамены ў настроі, бо недаўменна паглядзеў на яе, але нічога не сказаў. Ён моўчкі правёў Алену Канстанцінаўну ў першыя рады, жэстам прапанаваў вольнае крэсла, сам сеў побач. Адчувалася, што Ігнат не саромеецца на людзях. Ён адносіўся да Алены Канстанцінаўны з падкрэсленай увагай, але не быў скаваны нейкімі ўмоўнасцямі, якія так часта перашкаджаюць пры знаёмстве.

— Я дык вельмі хвалююся,— нахіліўшыся да Алены Канстанцінаўны, прашаптаў Ігнат.— Нікоді не чуў, як яна спявае…

Гэтае «яна» прагучала не фамільярна, а пяшчотна, як ціхая музыка. Алена Канстанцінаўна адчула, што таксама хвалюецца. I калі ў вялізнай зале пачала гаснуць над галавой крыштальная люстра, яна заплюшчыла вочы.