Канцэрт ужо даўно скончыўся, а Вольга ўсё яшчэ не прыходзіла. Прыхінуўшыся да падаконніка, Алена Канстанцінаўна стаяла побач з Ігнатам. 3 нейкага часу яе стала пепакоіць ягоная прысутнасць. Яна ўглядалася ў Ігнатаў засяроджаны твар і ўсё больш пераконвалася, што дзесьці ўжо бачыла гэтага хлопца. Запытаць Алена Канстанцінаўна саромелася. Урэшце, калі б Ігнат помніў яе, сказаў бы сам.
— А вы на практыцы ўжо былі? — спытала Алена Канстанцінаўна.
— Вядома. Тры месяцы. Нават зарабіць сёе-тое паспелі…
— А няўжо на беразе нельга зарабляць грошы? — быццам жартам, упікнула Алена Канстанцінаўна.
— Можна. Чаму ж не? Некаторыя цывільныя так і робяць. Але ж паспрабуйце некалькі дзён абысціся без солі! Вось так і для мяне: глядзець на мора здалёку яшчэ горш, чым есці без солі…
Гаварыў Ігнат не спяшаючыся, як пераконваў яе, і ад гэтай нехлапчукоўскай разважлівасці ў Алены Канстанцінаўны зашчымела ў грудзях. Ігнат ужо не здаваўся такім добрым і такім далікатным, як на канцэрце.
— Нядаўна атрымаў вестачку ад сябра,— не заўважыўшы, што Алена Канстанцінаўна замкнулася ў сабе, працягваў Ігнат.— Разам паступалі ў вучылішча. Не пашанцавала трохі хлопцу — аднаго бала па конкурсе недабраў. Але ж нічога: уладкаваўся матросам на судна, схадзіў аж на Курылы, цяпер вяртаецца ў Мурманск. Будзе зноў паступаць. Толькі вось засеў ягоны «Хуткі» ў ільдах. Каля пасёлка, дзе я нарадзіўся. А Максім пра гэта нават і не здагадваецца…
— Як называецца судна? — схамянуўшыся, разгублена спытала Алена Канстанцінаўна.
Пэўна, голас выдаў яе непрыхаваную цікаўнасць, бо Ігнат сумеўся.
— Выратавальнік «Хуткі»,— няўпэўнена паўтарыў ён.
Перад вачамі быццам усплылі словы тэлеграмы: «Иду скорым Ахрем». Тады Алоена Канстанцінаўна з яскравасцю асуджанаЙ усё зразумела. Ёй па-дзявочаму стала страшна перад тым, што яе чакае.
«Божа, навошта я яму напісала?» — моўчкі прастагнала яна.
— Вам дрэнна? — як усплёск хвалі, даляцеў да яе ўстрывожаны голас Ігната.
— Зараз пройдзе,— саромеючыся сваёй бездапаможнасці, адказала Алена Канстанцінаўна.— Мабыць, трохі перахвалявалася…
Раздзел сёмы
Трэшчына аказалася не дужа шырокая. Можа, удзень яна выглядала б і зусім празаічна, але цяпер, ноччу, калі толькі ўдалечыні мроіліся агеньчыкі, здавалася загадкавай і небяспечнай пачварай. Трэба было шукаць зручны абход,
— Рушым, сонечны зайчык? — спытаў Ахрэм.
— Толькі ты цяпер першы. Двойчы лёс не выпрабоўваю,— засмяяўся той. Ён падаў Ахрэму пешню.— Калі што, клікні матку боску. Дапаможам…
Яны скіравалі трохі ўбок ад трэшчыны. Падсвечваючы сабе ліхтарыкам, Ахрэм асцярожна абмінаў невялічкія таросікі. Максім моўчкі валокся следам. Паступова трэшчына пачала звужацца, спачатку ледзь прыкметна, а потым усё відней і відней і нарэшце, быццам наканечнік стралы, увайшла ў белае цела. На ўсякі выпадак яны прайшлі яшчэ трохі.
Неўзабаве ўдалечыні Ахрэм убачыў кволыя неспакойныя зорачкі. Яны, пагойдваючыся, плылі ў паветры. Прыглядзеўшыся ўважлівей, Забалотны зразумеў: зорачкі-светлячкі плывуць адна да другой — пэўна, у гурт збіраюцца падрыўнікі.
«Здаецца, усё абышлося…» — з палёгкай падумаў ён.
У яго з’явілася такое адчуванне, якое можа прыйсці толькі да чалавека, які перажыў жорсткі шторм, калі кожная хваля, што накочваецца на карабель, здаецца апошняй: чуеш, як яна жалобна, нібы па нябожчыку, скуголіць — і лезе ў галаву, што гэта адпяваюць цябе самога. Удосталь нагуляўшыся, мора патроху супакойваецца, вінавата туліцца да борта, а чалавек ніяк не можа паверыць, што застаўся жывы. Бачыш сцішаны акіян, спелае сонца ў шэрай вадзе, і цябе ахонлівае хмельная, крыху гаркавая радасць — сапраўды жывы!..
Падобнае Ахрэм перажыў, калі, прыхапіўшы абшарпаны чамаданчык, сеў у цягнік, сам яшчэ добра не ведаючы, што будзе рабіць на тых Курылах. Гэты цягнік нейкі барадаты мужчына ахрысціў «мільёнам слупоў». Цягнік больш стаяў, нібы стомлены конь, чым рухаўся. Пасажыраў такая марудлівасць нервавала, а Ахрэм адчуваў прытоенае задавальненне: яму не было куды спяшацца.
На пятыя ці шостыя суткі ў вагон падсела яшчэ зусім маладая жанчына а пагонамі старшыны. Паставіла на падлогу чамадан, кінула на паліцу рэчавы мяшок і падалася ў тамбур. Забавілася жанчына ненадоўга: вярнулася ў вагон, асцярожна падтрымліваючы пад руку маёра, які цяжка, абапіраючыся на мыліцу, валок па падлозе дзеравяшку. Маёру аслабанілі месца, і ён моўчкі апусціўся на паліцу, жорстка ссунуў па пераноссі бровы.