Выбрать главу

Відаць, яму шчасціла на вайне, гэтаму чорнавалосаму маёру. На ягоных хударлявых грудзях цьмяна блішчэлі ордэны і медалі. Чырвонай Зоркі — аж тры.

3 патаемнай трывогай Забалотны сачыў за жанчынай, і яму не давала спакою хваравітая цікаўнасць: кім яна даводзіцца гэтаму маёру? Мо медыцынская сястра, якая суправаджае са шпіталя, а мо служылі ў адной часці ці проста выпадковая спадарожніца, якую кранула трагедыя незнаёмага чалавека.

Ноччу Ахрэм доўга не мог заснуць. Чуў, як у забыцці скрыгатаў зубамі і лаяўся маёр, прасіў нейкага Сцяпана вярнуць яму пісталет: іначай той пойдзе пад трыбунал. Жанчына цяжка ўздыхала, падыходзіла да маёра, папраўляла пад галавой рэчавы мяшок і зноў накрывала шынялём.

Уранні маёр пацішэў: ягонае дыханне стала роўным і спакойным, як у малога, што ўбачыў у сне штосьці радаснае і добрае. Ахрэм асцярожна злез з верхняй паліцы і выйшаў пакурыць у тамбур. У жалезнай печцы весела скакалі ружовыя языкі, лізалі дзверцы, але было холадна, як на вуліцы. Вокны, дзверы, далей ад печкі,— усё заінела, быццам у тамбуры пагуляла добрая завіруха.

За спіной прастуджана зарыпелі дзверы. У тамбур выйшла маёрава спадарожніца.

— Закурыць знойдзецца? — спытала яна хрыплаватым голасам, у якім чулася стома.

Ахрэм падаў пачак папярос, запалкі. Жанчына няўмела прыкурыла, зацягнуўшыся дымам, пакутліва зморшчылася.

— Дзе гэта яго? — не вытрымаў Ахрэм.

— У Германіі,— ціха азвалася жанчына.— Франтавыя сябры ўгаварылі вяселле справіць. Каб па-людску было: канец ліхалецця — пачатак шчасця… Ужо і за стол сабраліся, а Сяргей па кветкі ў лес пайшоў. I падарваўся… Божухна, як усё гэта жудасна: ну была вайна, а цяпер?..

Жанчына нервова выкінула папяросу, схавала твар у каўнер шыняля.

— Не ведаю, што і рабіць далей,— зноў загаварыла жанчына.— Хто я цяпер для яго? Проста франтавая сяброўка. Перажывае сваё калецтва. А не разумее таго, дурань, што не жыць мне без яго. Абое мы вайной скалечаныя…— Яна спахапілася, што залішне шчыра размаўляе з незнаёмым чалавекам, але зноўку не вытрымала, адарвала ад сэрца:— Бяжыць ад людзей. I я з ім. Але ж куды ад людзей збяжыш?

Жанчына адчыніла дзверы і падалася ў вагон. Ахрэм яшчэ трохі пастаяў у тамбуры, вярнуўся на сваю паліцу.

Сон да яго так і не прыйшоў. Толькі калі ўжо развіднела, ён, здавалася, на імгненне праваліўся ў бездань, а калі прачнуўся, ні маёра, ні яго спадарожніцы ў вагоне не было.

— Дзе яны? — спытаў ён у чорнабародага мужчыны.

— Праспаў ты, хлапец, прадстаўленне. Тут такое рабілася, што не давядзі гасподзь. Маёр гэты ўбачыў, што дзеўка трохі прыкімарыла, і падаўся крадком з вагона. На нейкім паўстанку. Хрэн яго ведае, як называецца той паўстанак. Ну а салдат у спадніцы прадзёрла вочы і як загалосіць, бы галодная тыгрыца… Нават рэчавы мяшок забыла, ды і пад колы ледзьве не трапіла, дурніца. Далёка ад такой драпежніцы на адной назе не ўцячэш… Ведама, маёр. А суцешыцца з кім яна сабе знойдзе…— Чорнабароды ўзяў з лаўкі мяшок, узважыў яго на руцэ: — Хлопцы, давай бабскія транты ўсляпую…

— Змоўкні, гад,— вырвалася ў Забалотнага.— Не трапіў ты мне з фрыцаўскага боку. Я табе нарабіў бы дзірак… А цяпер, пакуль не позна, каб паху твайго не было…

— Дык пажартаваў я, браток. 3 кім не бывае…— заенчыў той.

Ахрэм знайшоў правадніка. Аддаў рэчавы мяшок.

— Перадай на наступнай станцыі. Франтавічка забылася…

Яму хацелася ў гэты момант думаць добра пра ўсіх жанчын, але ён успомніў Алену, і адразу зачараванне ад жаночай вернасці знікла. I як толькі, нібы ў ранішняй смузе, растаў твар маёравай спадарожніцы, Ахрэм, зноў адчуў сябе глыбока няшчасным, як параненым, адзінокім чалавекам.

Забалотны ніколі не думаў, што калі-небудзь успомніць той даўні падарожны эпізод, быццам перажывае мінулае зноўку. Пэўна, адбівалася на настроі чорна-белая пустэча, у якой яны з Максімам, здавалася, засталіся ўдвух.

— Гэй, з «Хуткага»! — пранізліва закрычаў Хвалей,— Ляціце, бацманяты, да бацькі: вячэра на камбузе стыне!..

«Хто пра што, а Максім пра вячэру, хоць ужо час сняданку,— паківаў галавой Ахрэм.— Шанцуе ж людзям: ідучы за труной, могуць думаць пра памінкі…»

Услых сказаў іншае:

— Што ты квохчаш, як капітан на мосціку? Не малыя, самі дарогу знойдуць.

Але ж не супакоіўся, на душы свярбела. Раптам з-за таросаў секанулі промні ліхтарыкаў.

— А мы ўжо, грэшныя, думалі, вы з Хвалеем ірванулі ў пасёлак,— пачулася жартаўлівае.— Дык на ўсякі выпадак засаду зрабілі…