Ахрэма нават узрушыла, што гэтая думка — па сутнасці такая простая і бясспрэчная — не прыйшла да яго раней, а толькі цяпер на гэтым туманным і небяспечным рэйдзе.
— Што такі набычаны, боцман? — спытаў Максім,— Калі зноў па бабах сумуеш, дык кінь дурное, Ты, як кажуць, ужо даўно не зубр…
«Не зубр,— у думках пасміхнуўся Ахрэм.— Сам ты кілька ў таматным соусе…»
Ён разумеў, што Хвалей чапляе яго наўмысна, каб трохі павыскаляцца, а мо проста супакоіць нервы. Што ні кажы, а тырчаць у гэтай непрыгожай, зусім не сонечнай бухце было непрыемна. Ды яшчэ калі цябе не адпускаюць на бераг.
— Пра цябе, салаку, думаю,— неахвотна азваўся Ахрэм.— Пустога ў тваёй галаве, як пасля разгрузкі ў труме. На твой розум, дык мы ўсе тут роўныя: і старыя, і маладыя. Але калі, не давядзі божа, перакулімся, то акурат першы заенчыш на ўвось акіян…
Хвалей пакрыўдзіўся. Ягоны даўгаваты твар з маленькімі блакітнымі вачыма і носам-бульбінкай, над якім недарэчна тырчалі вусікі, спахмурнеў.
— На сваёй скуры паспытаў? — упікнуў ён.— А за мяне не хвалюйся: выплыву…
Ахрэм міжволі засмяяўся, бо яскрава ўявіў, як Хвалей будзе адчуваць сябе ў халоднай вадзе. Боцману гэтае адчуванне было знаёмае. I заўсёды, калі ён успамінаў пра тое, як яго змыла ў мора, рабілася жахліва. Гэта быў той агідны страх, які тоіцца ад чужых вачэй, але калі-нікалі пачынае біцца ў кожным нерве, у кожнай клетачцы.
Як увачавідку, зноў накаціліся цяжкія свінцовыя хвалі, тая густая бяззоркавая ноч, маленькія, бы кропелькі цыганскага дажджу, сігнальныя агеньчыкі карабля. Халадэча бязлітасна сціскала грудзі, супакойвала п’янаватым забыццём: здавалася, паволі апускаешся кудысьці глыбока-глыбока, дзе цябе чакае цеплыня і ўтульнасць. Не хацелася расплюшчваць вочы, калі ў іх зыркнула яркае святло. Ён не зразумеў — спачатку толькі адчуў,— як балючымі іголкамі да ягонага цела датыкаюцца незнаёмыя далоні, і тады паступова загарэлася ў свядомасці неспадзяванае і радаснае: «Не кінулі, знайшлі, не кінулі…»
Гэты малюнак з мінулага апаліў сэрца, і адразу прапала ахвота сварыцца з Хвалеем. А мо Ахрэм супакоіўся таму, што наперадзе феерверкам успыхнулі агеньчыкі.
— Вёска,— паказваючы рукой у бок пасёлка, сказаў ён.— За такія дагістарычныя краявіды нам павінны яшчэ і даплачваць. Гэта табе, боцман, не Монтэ-Карла…
На сваім вяку Ахрэм пабачыў нямала хлопцаў, якія любілі напусціць на сябе туман. Хвалей быў, відаць, з іхняй пароды. Яму набегла трохі больш за дваццаць, бо толькі нядаўна адслужыў абавязковую, а раней — Ахрэм гэта ведаў дакладна — жыў дзесьці на Палессі.
Тое, што Максім з пагардай загаварыў пра рыбацкі пасёлак, зноў узлавала Ахрэма.
— Монтэ-Карла… Забыў мянушку кароўкі, што паіла цябе малачком, і думаеш, стаў інтэлігентам? Памыляешся, хлопча. Прычал заўсёды ў чалавека адзін…
— У мяне свае прычалы…— зыркнуў Хвалей.
Пачуццё адзіноты агарнула Ахрэма. Нават тады, калі яго кінула Алена, такога не было. Горка, балюча — так, але бязлітаснага адчування сваёй адасобленасці ад людзей — ніколі. Каторы ўжо раз ён пашкадаваў, што спісаўся на «Хуткі», дзе ў яго няма сяброў, з якімі можна было падзяліцца сваімі думкамі.
Калі бераг быў ужо зусім блізка, Ахрэм нервова крутнуў штурвал, паменшыў хуткасць, і катэр няўклюдна ледзь не ўзлез бортам на дошкі. Тыя аж цяжка застагналі.
«Добра, што прычал стары,— з палёгкай уздыхнуў Забалотны.— Іншым разам давялося б лапіць дзіркі…»
Да склада было недалёка. Падняцца па нешырокай лесвіцы на пакатую сопку, і адразу — доўгая зялёная будыніна. Матросы пачалі ўжо разбіраць мяшкі з мукой. Ахрэму не было патрэбы цягаць гэтыя мяшкі, але тады — ён адчуваў — зноў прычэпіцца Хвалей.
Ахрэм убачыў, як хлопцы адзін за другім падымаюцца па лесвіцы, і таксама ўскінуў на плечы мяшок. Несці было не цяжка, але яго бянтэжыла думка, што ён нечага баіцца. Нават тое, што Хвалей, паслізнуўшыся на лесвіцы, паваліўся з мяшком, не пацешыла Ахрэма. Ён толькі прабурчаў: «Гэта табе не дурнем прыкідвацца…»
— 3 перапуду, боцман, далібог, з перапуду,— засмяяўся Максім.— Пасля такой рызыкоўнай швартоўкі можна і імя сваёй каханкі запамятаваць…
Ахрэм зрабіў выгляд, што не пачуў гэтых слоў. Ды і як было апраўдвацца, калі сам вінаваты. Ці ж раскажаш гэтаму балбатуну пра тое, што носіш у душы, падзелішся думкамі, якіх Хвалею ніколі не зразумець? Вось і даводзіцца цярпець моўчкі, каб хлопцы не маглі пакпіць з тваіх запозненых клопатаў.
У памяшканні склада было цёпла і так пахла хлебам, што міжволі разгарэўся апетыт. Скінуўшы з плячэй мяшок, Ахрэм азірнуўся: дзе Васіліна?