Выбрать главу

Які раз ужо зазваніў тэлефон.

— Волечка,— пачула яна голас упраўляючага,— добра, што ты на месцы. Там у маім кабінеце на стале ляжыць папка, у якой спіс мерапрыемстваў па закансерваваных аб’ектах. Тэрмінова прывязі. Рыгор чакае ўнізе. Дамовіліся? Ага, добранька… У пакой першага сакратара.

Трэстаўская «Волга» стаяла ля пад’езда. Рыгор гасцінна адчыніў дзверцу.

— Прашу, славуты чалавек з нашага трэста…— ён прытворна ўздыхнуў.— Эх, і чаму ты не мой начальнік. Вазіў бы я цябе па атэлье, цырульнях, магазінах. Колькі блату займеў бы. А то ў шэфа ў галаве адны панелі, кафель і, прабач, санвузлы… Няма далягляду. Не, сапраўды кажуць хлопцы, што ў мяне на гэтай рабоце ёсць усяго два выйсці: ці стаць галоўным інжынерам, ці вар’ятам… Трэцяга не дадзена…

— Чаму ж не дадзена,— пасміхнулася Вольга.— Табе ж шэф абяцаў, калі ажэнішся, кватэру. Вось і шукай дзяўчыну.

— Залатая рыбачка,— зноў уздыхнуў Рыгор,— ты ж за мяне не пойдзеш, а іншую я сам не вазьму… Вось толькі, можа, кватэра спакусіць. Дык тады гэта мы проста: ажэнімся, а потым хуценька ў суд. Любата… Ёй пакойчык, мне пакойчык. Як гавораць, сэ ля ві…

Так за жартаўлівай гаворкай яны даехалі да будынка абкома.

Наведвальнікаў у прыёмнай не было, толькі сакратарка: жанчына гадоў за пяцьдзесят, з гладкай строгай прычоскай. На ёй быў сіні без усялякіх выкрутасаў гарнітур, які, мабыць, павінен быў падкрэсліваць афіцыйнасць установы.

Вольга бачыла сакратарку толькі аднойчы і таму, не ведаючы, як да той звярнуцца, моўчкі падала папку.

— Пачакайце трохі,— тонам настаўніцы прапанавала сакратарка.

Яна асцярожна адчыніла дзверы, але ў кабінеце доўга не затрымалася.

— Прасілі пасядзець у прыёмнай,— паведаміла сакратарка.

«Ну вось, так я і думала»,— засмуцілася Вольга.

Вялікі насценны гадзіннік прабіў шэсць. У сем пачынаўся сеанс, але яны з Ігнатам дамовіліся сустрэцца раней. Нарэшце выйшаў упраўляючы. Ён выглядаў чамусьці засмучаным, бо гаварыў не як звычайна жартаўліва, а заклапочана і амаль афіцыйна:

— Мне яшчэ трэба застацца. Адвязі, калі ласка, папку. Рыгору скажы, каб паставіў машыну ў гараж. Папярэдзь, каго трэба, што заўтра планёркі не будзе.

— От добра,— калі Вольга перадала словы Архіпа Пятровіча, узрадаваўся Рыгор.— Можна трохі і падзарабіць. Глядзіш, і пяцёрка-другая будзе ў кішэні на чорны дзень. Вялікая справа, калі цябе хаваюць не за казённы, а за ўласны кошт…

Хоць каля кінатэатра людзей было многа, Вольга адразу ўбачыла Ігната. Нават не падзякаваўшы Рыгору, яна выскачыла з машыны.

— А я ўжо думаў, нешта здарылася,— сказаў Ігнат.

— Затрымалася ў абкоме.

— Вось не ведаў,— засмяяўся Ігнат.— Трэба было б папрасіць бронь у кіно, а то для нас, грэшных, білетаў ужо няма.

— Ну і ладачкі,—узрадавалася Вольга.— Пагуляем трохі па вуліцы.

Яны ішлі, не выбіраючы дарогі. 3 неба надакучліва церусіў ці то апошні дожджык, ці то першы сняжок, але Вольга нічога гэтага не заўважала. Яна глядзела на Ігната, і ёй здавалася, што яна чуе ціхую-ціхую мелодыю, якая далятае з вокнаў дамоў, з машын, аўтобусаў, струменіцца з кожнага чалавека.

Тады ёй і сапраўды эахацелася пачуць музыку, якая гучала б толькі для іх з Ігнатам. Празрыстую, як цурчанне ручайка. Яна саромелася падзяліцца гэтым наіўным жаданнем. I чым больш яна сябе стрымлівала, тым мацней ёй хацелася прызнацца…

На скрыжаванні, пакуль яны чакалі, калі падміргне зялёным вокам святлафор, нехта высокі і дужы штурхнуў Ігната ў плячо.

— Здарова, курсант!..

У незнаёмца былі шырокія плечы, на якіх сядзела вялікая галава з капой густых валасоў і адкрытым шыракалобым тварам з чорнымі вачыма. Доўгія, закручаныя, бы ў запарожца, вусы надавалі яговаму абліччу выгляд бывалага марака.

— Не пазнаеш? — грымеў ён басам.— Вось табе і фокус-мокус. Тры месяцы разам шасталі па моры, дзевяноста абедаў праглынулі, столькі ж сняданкаў і вячэр, а ты не пазнаеш? Ну і галава бядовая: дзве мачты на адну антэну…— Ён са смакам аарагатаў.— Прасі, блудны сын, прабачэння, пакуль я ў гуморы.

На другім баку вуліцы ўжо некалькі разоў паспела ўспыхнуць і пагаснуць зялёнае святло, а Ігнат з гэтым мужчынам ціскалі адзін аднаго ў абдымках, нібы родныя браты.

— Дзяніс Пятровіч, з «Атлантыка»,— радасна гаварыў Ігнат.— Не чакаў убачыць. Казалі, што ты зноў у моры. Таму і не ўцяміў спачатку.

— Механік чорту душу прадаў. Недагледзеў машыну. Давялося вярнуцца ў порт.