Выбрать главу

Ён расхінуў рукі, нібыта зноў збіраўся абняць Ігната, але ж не абняў: запыніў позірк на Вользе. На імгненне ў ягоных цёмных вачах успыхнулі агеньчыкі.

— Вольга,— прыйшоў ёй на дапамогу Ігнат.— Мая… нявеста.

Ёй спадабаўся і той тон, і тая амаль дзіцячая сарамлівасць, з якой яе прадставіў Ігнат.

— Ну, я вас так проста не адпушчу,— сказаў Дзяніс Пятровіч.— Мне нядаўна пакойчык далі: на выпадак адляжацца ў бярлозе, каб судавое начальства прэтэнзій не мела…

Ігнатаў знаёмы жыў не ў новым мікрараёне, дзе, Вольга ведала, нядаўна давалі кватэры, а амаль у самым цэнтры горада ў старым пяціпавярховым доме, які пабудавалі адразу пасля вайны.

— Тут, братка, такая фурыя атрымалася,— паклаўшы руку на Ігнатава плячо, гаварыў Дзяніс Пятровіч.— Кухня ў мяне агульная. Два пакоі. У адным, значыцца, я, а ў другім жыве тралмайстар з «Булавіна». Дэмакратыя чыстай вады. Ён у мора, я — з мора. Так што, можна лічыць, у нас абодвух двухпакаёўкі. Адчуваеш, якая займальная арыфметыка? Ні табе скандалаў, ні суседства. Гэта ж колькі метраў жылля можна сэканоміць! Уявіць страшна…

Яны падняліся на другі паверх. Штурман дастаў з кішэні пінжака ключ са смешнай бірулькай: маленькая малпа прымервала на вочы акуляры. Калі ўвайшлі ў калідор, адразу кінулася ў вочы, што ў кватэры жывуць халасцякі: абы-як раскіданыя па падлозе, валяліся туфлі, на вешалцы віселі паліто, кіцелі і нават кашулі.

Дзяніс Пятровіч зрабіў вінаваты твар і задумліва пакруціў кончыкі вусоў.

— М-да, Вольга, не палохайцеся. Гэта і ёсць рыбацкая камуна. Мы з тралмайстрам прыкладна аднаго росту, вось і апранаем, што пад рукамі знаходзіцца. Флоцкая таварыскасць — ноеў каўчэг. I не толькі на моры, як многія штацкія лічаць…

Цяжка было ўявіць побач з Дзянісам Пятровічам яшчэ аднаго такога вясёлага і дужага чалавека.

I хоць штурман здаваўся вельмі шчырым, адкрытым мужчынам, Вольга ніяк не магла пазбавіцца ад пачуцця няёмкасці. Іскрыстае жыццялюбства Дзяніса Пятровіча дзейнічала на яе, як гіпноз. Ігнат ніколі не знаёміў яе са сваімі сябрамі, ніколі не запрашаў да іх у госці, і цяпер, убачыўшы Дзяніса Пятровіча, Вольга трохі разгубілася: ёй здавалася, што гэты марак з’явіўся з нейкага таямнічага жыцця, якое яна не зразумее. Вольга скоса зірнула па Ігната, і па ягонаму засяроджанаму твару здагадалася, што і ён адчувае сябе трохі не ў сваёй талерцы.

Толькі калі Дзяніс Пятровіч начаў адчыняць замок у свой пакой, Ігнат пажартаваў:

— А распінаўся — камуна. Што ж гэта за камуна, калі ў кожнага свой замок?

— Зашчэпка сапсавалася,— трохі збянтэжана прамармытаў штурман.

Пакойчык быў невялікі, але ўтульны. У куце каля акна стаяў тэлевізар, пасярэдзіне — паліраваны стол і некалькі крэслаў, уздоўж сцен — шырокая канапа і кніжная наліца,

Дзяніс Пятровіч уключыў таршэр.

— Калі вы будзеце гуляць вяселле,— сказаў ён,— дык я, халасцяк, пайду ў мора. Прапаную адсвяткаваць гэтыя падзеі авансам. Хадзем, курсант, дапаможаш прыгатаваць тайную вячэру.

Ігнат як бы выпадкова дакрануўся да Вользінай рукі, і Вольга адчула, што гатова ісці за Ігнатам на самы край свету. Яна цягнулася да яго, як танюсенькія галінкі пасля доўгай палярнай зімы цягнуцца да веснавога сонца, калі яно — вялікае і ружовае — няспешна выплывае з-за бліскучых, яшчэ заснежаных вяршынь сопак. Успамінаючы ўсё, што было з Ігнатам — ад нечаканага знаёмства і да гэтага вечара ў ягонага сябра,— Вольга каторы раз задавала сабе пытанне: як бы яна жыла, калі б не сустрэла Ігната?

Яна раптам выдумала, што гэта іхні з Ігнатам пакойчык, што няма ніякага Дзяніса Пятровіча, усё гэта іхняе: і канапа, і кніжная паліца, і акно, за якім падаюць у мора рознакаляровыя кроплі дажджу.

Падышоўшы да акна, Вольга адсунула шторы. Ніякага вясёлага дажджу не было. Хаваўся ў цемры вузенькі дворык, дзе акрамя голых дрэўцаў і дзіцячай альтанкі стаялі, прыціснуўшыся да пагорка, гаражы.

Тое, што Ігнат некалі надоўга пойдзе ў мора, цяпер, у гэтым утульным пакойчыку, не палохала яе. Думкі нечакана скіраваліся да бацькі, быццам Вольга зноў вярнулася ў дзяцінства, пачула зласлівы Пашкаў смех, зноў убачыла паліты горкімі слязамі бацькаў фотаздымак. Чаму бацька не вярнуўся? Яна дакарала яго за тое, што ён, пэўна, знайшоў нейкую жанчыну, не такую спакойную і падатлівую, як маці, а злосную, якая круціць ім, як уздумаецца, грызе за кожны ўспамін пра яе, Вольгу.

А што, калі і Ігнат аднойчы не вернецца? Вольга не паспела спалохацца ад гэтай думкі, бо на парозе, трымаючы перад сабой паднос, на якім ляжалі яблыкі і цукеркі, з’явіўся Ігнат. За ім, бы каржакаватае дрэва, узвышаўся Дзяніс Пятровіч. Ва ўзнятай руцэ ён трымаў пузатую бутэльку з нязвыкла яркай этыкеткай.