Васіліна не падала выгляду, што здзівілася. Толькі трохі паружавелі шчокі. На ёй дамашні зялёны халацік, на якім былі раскіданы кветкі — такіх вялікіх чырвоных кветак Ахрэм ніколі не бачыў,— на нагах ладна сядзелі звязаныя з воўны шкарпэткі. На высокія грудзі спадалі валасы з ледзь заўважанай сівізной.
Зняўшы куртку, Ахрэм павесіў яе на вешалку і паглядзеў на Васіліну: мо не да часу прыйшоў? Тая неяк загадкава ўсміхнулася, адчыніла дзверы ў залу.
На канапе сядзела маладжавая жанчына і гартала часопіс. Яна з-пад чорных веек-матылькоў апякла Ахрэма пранізлівым позіркам — у яго аж узмакрэла спіна,— адклала ўбок часопіс і, падняўшыся з канапы, падала руку.
— Зінаіда, мясцовая настаўніца.
Ахрэм паспешліва назваўся і падумаў: «Вось гэта ўзлез на рыфы. Хоць па Максіма бяжы…»
Пакой здаваўся вялікім, пэўна, таму, што сцены былі абклеены светлымі ў тонкае блакітнае павучынне шпалерамі. Крыштальная люстра на тры плафоны, якія вельмі нагадвалі ледзяшы, мяккі чырвоны дыван на падлозе, паліраваная секцыя, на паліцах якой іскрыўся дарагі посуд,— усё гэта пасля цеснай пярэдняй выглядала занадта шыкоўна.
Успомніўшы Васіліну ў ватоўцы, павязаную хусткай, ён міжволі падзівіўся і, як бы ў роздуме, паківаў галавой: вось табе і адзінокая жанчына.
«Трэба, пакуль не позна, шкандыбаць дадому,— падумаў Ахрэм.— Спакусіла нячыстая сіла…»
Ён не думаў, як гаварыў Хвалей, пра «лямур». Палохала сустрэча з Аленай. «А які я сам?» — хоць ён і не задаваў сабе гэтага пытання, але ж, адчуваў, яно жыло дзесьці ў ім. Ахрэму было і смешна, і сорамна. Трохі павагаўшыся, ён устаў з крэсла.
— Які вы нецярплівы,— павяла плячом Зінаіда.— Ва ўсіх вас гэта яшчэ з тых часоў, калі Адаму надакучыла Ева. Цяперашнія мужыкі недалёка адбегліся. Скажыце, чаму вы так любіце шукаць у нас недахопы? Я магу зразумець князя Уладзіміра, які, пры жывой жонцы, ажаніўся з сястрой візантыйскіх імператараў. Дык затое на Русі было прынята хрысціянства. А чаго вы дамагаецеся ад нас?
Сашчапіўшы па каленях рукі, Зінаіда чакала адказу.
«Прычапілася, як да донца ракушка…» — разгубіўся Ахрэм.
Але ж пакрысе прыходзіла адчуванне абвостранага спакою, што заўсёды дапамагала ў небяспечны момант.
— Цяжка з адукаванымі спрачацца,— упікнуў Забалотны.— Не хочацца выглядаць наіўным, як матрос-першагодак…
— Наконт наіўнасці гэта вы дарэмна. Траянскага каня некалі не жанчыны, мужчыны прыдумалі…
Не сварыцца ж у чужой кватэры? Зрабіўшы выгляд, што нешта забыў, Ахрэм рэціраваўся на кухню. Васіліна гатавала вячэру. Як заўсёды, калі прыходзіў у камбуз, Забалотны пацягнуў носам — пахла шкваркамі. Некалі і Алена, калі Ахрэм вяртаўся з промыслу, смажыла сала.
Вялікім намаганнем ён разарваў павучынне ўспамінаў. Паклаў руку на Васілініна плячо.
— Узяла мяне на абардаж твая прыяцелька,— паскардзіўся ёп.
— У кожнага сваё гора,— адгукнулася Васіліна.— Да нас рэдка шчаслівыя едуць.
Думаючы пра сваё, Ахрэм і не заўважыў, што гладзіць Васіліну па плячы. Схамянуўся, калі яна — ці то незадаволена, ці то сарамліва — скінула ягоную руку.
Ахрэм падаўся з хаты.
— Неспакойна штосьці: мо ледаколы прыйшлі?
Ён не стаў выходзіць на вуліцу: не хацелася, каб убачылі суседзі. Прыхінуўшыся да сцяны, ён нечакана падумаў, што вельмі падобны зараз на ганчака, які згубіў след. Ахрэма прыгнятала, што ён не мог узнавіць у памяці жонку, вылучыць яе сярод іншых жанчын, якія сустракаліся на яго вандроўнай дарозе. Якая яна цянер, Алена? Мо скептычная, як Зінаіда? А можа, прыціснутая, зломленая нягодамі, расчараваннямі ў жыцці? Ахрэм ніяк не мог вырашыць, чаго ў Аленіным пісьме было больш: шчырасці ці старэчай разгубленасці?
«Можа, яна сапраўды мяне кахала? Паддалася дурноце, а потым усё жыццё пакутавала? Я ж таксама не святы,— падумаў Ахрэм.— А Вольга хоць і балючая, але ўсё роўна зачэпка, каб сысціся на старасці?»
Здалося, што ён вяртаецца дадому са звычайнага рэйса, што там, на беразе, яго чакае Алена. Гэтае адчуванне было такое абвостранае, што Ахрэм, каб адагнаць насланне, прымусіў сябе ўспомніць адзін з нямногіх дзён, калі яны былі разам з Аленай.
Надвячоркам Забалотнага выклікалі ў кают-кампанію.
— Колькі табе, Ахрэм, гадоў? — без прадмовы спытаў капітан траўлера Старажэнка, якога матросы ахрысцілі «камарыкам» за невялічкі рост. Але, не ў прыклад многім недаросткам, быў Старажэнка чалавекам далікатным і памяркоўным.
— 3 вайной лічыць ці не? — няўдала пажартаваў Ахрэм.
— Дарэмна скаліш зубы,— паківаў галавой Старажэнка.— Ты, Ахрэм, яшчэ малады і многа чаго не разумееш. У нас як было: вернемся з промыслу — і адразу ў горад. Хочаш — ідзі з дзяўчынай у сінематограф, хочаш — мілавацца ў сопкі… Любата! А калі ажаніліся, дык жонкі чакалі нас, як мы чакаем берага. Ведалі, прыйдзем — і пачнецца ў іх расцудоўнае жыццё. А як жа інакш? У іх, нашых жонак, гэтых шчаслівых мінут — можна па пальцах пералічыць. А цяпер што робіцца? Катастрофа: на паўночным флоце столькі разводаў! Жах… I яшчэ раз жах…