Выбрать главу

Пакуль Ахрэм разважаў над тым, што адказаць Валянціну, зноў зайграла музыка. Валянцін заспяшаўся.

— Цяпер мой выхад. Гэтую песню я дару вам, Алена…

Голас у Валянціна быў чысты і мяккі. Песня была пра маракоў, якія не заўсёды дасягаюць жаданага берага, пра любімых жанчын, што кожную раніцу глядзяць на мора,— і Ахрэму яна спадабалася. Па жончыных трохі засмучаных вачах ён здагадаўся, што і яе захапіла гэтая песня. Ахрэм з удзячнасцю паклаў сваю руку на Аленіну цёплую далонь. Даўно ўжо на душы не было так спакойна і хораша. Забалотны быў удзячны капітану за білеты, у душы злаваў на сябе, што сам ніколі не дадумаўся б прывесці Алену на танцы.

«Лепей бы я ніколі не прыводзіў туды Алену…» — уздрыгнуў Ахрэм. Яму стала холадна і няўтульна ў марознай халоднай ночы, дзе кожны чалавек — разумее ён гэта ці не — толькі нябачная пясчынка ў бясконцым акіяне цемры.

Выкінуўшы недакурак, Ахрэм падаўся ў хату. Балюча пырснула ў вочы яркае святло. Жанчыны сядзелі ўжо за сталом.

— Можна звяртацца на «ты»? — адразу спытала Зінаіда.

— Па-другому і не прывучаны.

Размова за сталом не клеілася. Ахрэм моўчкі торкаў відэльцам у талерку. Яго трохі бянтэжылі гэтыя такія розныя жанчыны, якіх ён яшчэ нядаўна не ведаў,— мяккая, памяркоўная Васіліна і фанабэрыстая, парывістая Зінаіда. Ды і горкі ўспамін пра Алену не пакідаў яго. Ахрэм тужліва падумаў, што ў той час, калі ён узяў Алену, у іхнім пакойчыку, які здаваўся вельмі ўтульным, не было ні дарагога посуду, ні багатай мэблі.

Невядома якім чынам Васіліна адгадала ягоныя думкі.

— Гэта ўсё мой сын,— абвёўшы вачыма залу, растлумачыла яна.— Калі пачалася навігацыя, кантэйнерам мэблю па моры прыслаў. Я ўжо ў пісьме на яго сварылася і пераконвала, што самому хутка спатрэбіцца. Упарты, увесь у бацьку.

Яна падхапілася з крэсла, палезла ў шуфлядкў, дастала альбом. Ахрэм не любіў разглядваць чужыя сямейныя рэліквіі, але цяпер нічога іншага не заставалася.

— Вось мой нябожчык муж,— уядыхнула Васіліна.— Разам ваявалі, а потым ажаніліся. 3 характарам быў мужык, наравісты. А побач з ім сын, Ігнатка.— Гэта яна вымавіла з балючай пяшчотай.— Адзін ён у мяне толькі і застаўся. А больш нікога няма…

Ахрэм убачыў, як у Зінаіды пацямнелі, сталі нядобрымі вочы. Яна выгукнула з адчаем і без надзеі:

— А чаму мне на чалавека не пашчасціла? Чаму мой паразіт не стаў калекам? Ці ж пабег бы тады да другой? Можа, і ў мяне быў бы сын. А цяпер што?

Васіліна вінавата паглядзела на Ахрэма, пасунулася да сяброўкі.

— Ці ж можна так мучыць сябе? Ды д’ябал з ім, тваім мужам. Радуйся, што людзям патрэбная. Дзетак — цэлая школа.— Яна, нібы непаслухмяную дзяўчынку, гладзіла Зінаіду па валасах, але Ахрэму не было смешна.— Усё яшчэ будзе. Ты думаеш, мне лёгка было, калі мой хацеў застрэліцца? Колькі я тады слёз выплакала, колькі начэй недаспала?

— Дык што мне рабіць? — узняўшы галаву, ціха спытала Зінаіда, і Ахрэм убачыў, што вочы ў яе сухія.— Ці ж я вінаватая, што і цяпер яго, злыдня, кахаю? Можа, нават мацней, чым тады. Ненавіджу, пакутую,— Зінаіда ўсхліпнула,— і кахаю…

На стале сіратліва жаўцеў альбом. Як восеньскі ліст на белым снезе. Адчуваючы сябе лішнім у гэтым пакоі, Ахрэм паглядзеў на фотакарткі. 3 адной на яго пазіраў чарнявы, з уважлівмм позіркам мужчына ў форме маёра, з другой — шыракаплечы хлапец з рэзка акрэсленымі рысамі твару і нейкімі нехлапчукоўскімі, хутчэй дзявочымі, вялікімі, з ледзь прыкметным сумам вачыма.

Яны былі нечым падобныя адзін на другога, але не так, каб, не ведаючы, сцвярджаць, што гэта бацька і сын. У адным Забалотны быў перакананы: дзесьці ён сустракаў гэтага чарнявага мужчыну, які цяпер пранізліва, нават крыху іранічна глядзеў на яго. Толькі дзе?

Рознае прыходзіла на памяць: і горкае, і сумнае, і вясёлае, але гэтага чорнавалосага мужчыну ён не мог прыгадаць. Так, каб не заўважыла Васіліна, ён выняў з альбома фотакартку, зірнуў на адваротны бок. На пажаўцелай паперы ўбачыў выцвілы надпіс: «Моей суровой и ласковой связистке Василинке на память от Сергея. 1-й Белорусский. Февраль. 1945».

Гэты надпіс нічога не растлумачыў. Вяртаючы на месца фотаздымак, Ахрэм запыніўся позіркам на трох ордэнах Чырвонай Зоркі, якімі быў узнагароджаны гэты маёр. У сэрца быццам уварваўся трывожны перастук колаў.

Вагон…

Маладая жанчына з пагонамі старшыны…

Чорнавалосы калека з мыліцай…

«Закурыць знойдзецца?» — здаецца, спытала тады жанчына.

«Дзе гэта яго?»

«У Германіі. Па кветкі пайшоў і падарваўся…»

«А цяпер што?»

«Бяжыць ад людзей. I я з ім. Але ж куды ад людзей схаваешся?»