Як праз карабельную перагародку, да Ахрэма далятала прыглушаная размова.
— Жыць трэба. Нам, жанчынам, нельга крылцы апускаць,— гэта гаварыла Васіліна.
— Хай яны гараць, гэтыя крылцы. Каму я потым буду патрэбная? Мо якому нямогламу дзеду, каб памагаць залазіць на печ…
— А яно і няблага, каб на старасці быў чалавек. Маладымі мы рэдка адчуваем адзіноту.
— Павучаць лёгка. Табе і ў траншэях цёпла было… А потым Ігната расціла. А я вяртаюся са школы, як мядзведзіца ў чужую бярлогу. Балазе яшчэ не турбуюць…— Ахрэм адчуў, што Зінаіда зноў збіраецца заплакаць.
— Можа, заспяваем, бабанькі? — сумна гукнуў ён.
Зінаіда паглядзела на яго з дакорам, і Ахрэм убачыў, як балюча перасмыкнуўся яе твар.
— Вось якая дурніца я… Падкочваецца нешта пад сэрца, і хоць ты вый…
Яна выцягнула з рукава сукенкі хустачку, выцерла вочы.
— Мяне цяпер у цывілізаваную кампанію і пускаць нельга. Як убачу мужыка, дык хочацца нагаварыць яму такога… Але ж нельга, настаўніца. Гэта і стрымлівае. Думаеш, што дзеткі, якія прыходзяць у школу, твае кроўныя…
У Зінаіды пацяплелі вочы, нібы іх агарнула ранішняя смуга. Яна засмяялася ўжо амаль шчыра.
— Сама не люблю плаксівых баб…
— А куды ад іх дзенешся? — азваўся Ахрэм.— Чорт яго ведае: можа, гэта толькі нас жыццё перакруціла?
— Можа, толькі нас,—уздыхнула Зінаіда.— Хай бы нас адных…
Цяпер быў самы зручны час, каб развітацца.
— Забавіўся я ў вас, а мяне, пэўна, на судне шукаюць.
— А мо яшчэ трохі пасядзіш з намі? — ціха спытала Васіліна.
Яна і праўда была прыгожая, і Ахрэму раптам захацелася адкрыцца перад ёй, напомніць пра тую даўнюю сустрэчу, пра рэчавы мяшок, які Васіліна забыла ў вагоне.
«Не,— падумаў ён,— не трэба вяртаць мінулага. Хай застанецца ўсё там, куды ўжо не дойдзеш сэрцам, толькі датыкнешся неспакойнай памяццю…»
— Далібог, з дарагой душой, але не магу.
— Дык я правяду чалавека,— ускочыла Зінаіда.
— Дарэмны клопат,— махнуў рукой Ахрэм,— калі на гару ўзлез, дык уніз як-небудзь скочу…
Зінаіда не даслухала, выбегла ў пярэднюю. Вярнулася ў кароткім жоўтым кажушку, завязала цёплую хустку. Пакуль Ахрэм апранаўся, Васіліна накінула на сябе ватоўку. Цяпер яна зноў нагадвала вясковую жанчыну, якой ён убачыў яе на складзе.
Удалечыні, за караванам, міргалі ў цемры агеньчыкі. Пэўна, нарэшце падыходзілі ледаколы.
Васіліна падала руку. Далонь у яе была шурпатая, як наждачная папера.
Раптам Ахрэм адчуў, як ягоную шыю абвілі тонкія рукі, а на шчацэ — гарачае, амаль спякотнае дыханне.
— Добрай дарогі, шчаслівы няшчасны чалавек,— прашаптала Зінаіда. Потым хуценька адштурхнула ад сябе і развітальна памахала рукой.
Разгубіўшыся ад гэтай пяшчоты, Ахрэм хацеў запытаць: «Чаму шчаслівы? I чаму няшчасны?..» Але, адчуўшы, як да горла падкаціўся даўкі камяк, нічога не сказаў: не аглядваючыся, пашыбаваў па торнай сцежцы.
Ён чытаў пісьмо. Акруглыя літары на белым лістку. «Волечка, можна лічыць, і не бачыла Валянціна…»
«Лічыць можна,— падумаў Ахрэм.— Нават што наогул не было ніякага Валянціна. I я не паехаў са сваёй хаты з абшарпапым, як душа, чамаданчыкам аж на Курылы».
Не былы Аленін муж і нават не лёс яе дачкі хваляваў Ахрэма. Ён шукаў тыя словы, у якія паверыў, калі атрымаў ліст, і чамусьці цяпер не знаходзіў іх. Запыніўся на апошніх радках:
«…ведаю, я ненармальная… Звычайная баба, а як падумаю пра Волечку, абрываецца сэрца. Не ведаю, ці зможаш ты дараваць, але паспрабуй. Успомні…»
Многія словы былі закрэслены, быццам Алена баялася, што ў яе не хопіць часу альбо смеласці дапісаць пісьмо.
«Паспрабуй… Успомні,— паківаў галавой Ахрэм.— А ці ж я не помню?»
Раздзел дзесяты
Ігнат апынуўся на аўтобусным прыпынку. «Ну, а цяпер куды? — спыніўся ён,— Не дай божа сутыкнуцца са знаёмымі, а яшчэ горш — з Вольгай».
Якраз аб’явілі пасадку на аўтобус, які адыходзіў у пасёлак авіятараў. Ігнату было ўсё роўна куды ехаць, і ён таропка перабег плошчу. Пасажыры абілечваліся ў шафёра — маладога кірпаносага хлопца, на твар якому быццам нехта пырснуў маслам — зіхацелі на шчоках і на носе жоўтыя кропелькі. Білеты ён даваў цераз аднаго — падзарабляў.
«Яму дык не прышпіляць спекуляцыю…» — з горкай іроніяй падумаў Ігнат.
Дарога лезла некуды да небасхілу, потым стрымгалоў ляцела ўніз, і тады старэнькі аўтобус рыпеў і нібыта заходзіўся кашлем. Справа шчыльнай сцяной навіслі над дарогай сопкі, злева — шэрай стужкай, у адных месцах вузкай, нібы крывая вулачка, у другіх шырокай — бегла затока. Калі аўтобус з’язджаў у нізіну, гэтая стужка вады хавалася за грудастымі валунамі. Тады Ігнат чамусьці ўздрыгваў, з незразумелым хваляваннем чакаў, каб насустрач выбег заліў.