Аўтобус прыбыў на канцавую станцыю, і шафёр, высунуўшы ў салон ускудлачаную галаву, весела абвясціў: «Эй, кто тут высоко летает и много денег получает? Прошу вылезать: приехали за авансом…»
Пэўна, да гэтага жарту, такога ж старога, як і аўтобус, прывыклі, бо ніхто на яго не азваўся. Ігнат саскочыў з прыступак. Знаёмых у яго ў пасёлку авіятараў не было. Ён яшчэ трохі патоўкся каля аўтобуса, пакуль не наглядзеў невялікі скверык з клумбай пасярэдзіне, на якой ужо даўно, калі і былі, апалі кветкі. Аблюбаваў сабе лаўку.
Насупраць яе, мабыць, нядаўна пасадзілі таполю. Чужая на гэтай камяністай халоднай зямлі, з чорнымі галінкамі, яна нібыта скардзілася Ігнату на свой гаротны лёс…
3 безнадзеннай упартасцю, як дужы чалавек супраціўляецца націску хваробы, Ігнат спрабаваў вызваліцца з палону надакучлівых думак. Але адчуванне вялікай і незаслужанай крыўды ціснула на яго.
«Проста маланка выбрала сваёй ахвярай чалавека, які так мала зведаў радасці ў жыцці»,— крыва ўсміхнуўся ён. Захацелася зрабіць што-небудзь незвычайнае, каб тыя, хто галасаваў за ягонае выключэнне з вучылішча, цяпер пашкадавалі.
Ігнат адчуваў, што думкі не падуладныя яму, накочваюцца, нібыта ліпкія хвалі. Ён закрыў далонямі вочы і адразу ўбачыў, чамусьці жоўтыя, літары загада:
«...курсанта третьего курса… исключить…»
Гэты кароткі, як сполах бліскавіцы, загад неспадзявана скіраваў ягоныя думкі да маці, да маленькага рыбацкага пасёлка Сонечны, дзе ён некалі жыў.
Кожнае лета, калі да берага падступала чыстая вада — з пачаткам навігацыі,— у пасёлку мужчыны збіраліся ў мора на пушны промысел. Канапацілі пузатыя баркасы, прыносілі на бераг запасы прадуктаў, і наогул у такія дні пасёлак нагадваў устрывожаны вулей. Збіраўся ў мора і Ігнатаў бацька.
— Вось, Сяргей Макаравіч,— весела гаварыў ён сам сабе,— і для цябе, аднаногага, знайшлася мужчынская работа. Хоць і не такая шыкоўная, як прыцягнуць з нямецкага тылу адкормленага, бы вяпрук, ганса, але ж не скажаш, што сумная…
— Што ты на сябе нагаворваеш? Які ж ты калека? — перапыняла маці.
Бацька ў задуменні хмурыў свае густыя бровы, кідаў скрозь зубы: «Падай кіцель, Васіліна!..»
Маці даставала з абшарпанай шафы ўжо трохі выцвілы кіцель, несла бацьку. Колькі часу той невідушчым позіркам глядзеў на ордэны і медалі, потым, схамянуўшыся, апранаў кіцель і ішоў спраўляць «адыходную». Вяртаўся ён цвярозы, нібы і не піў. Падыходзіў да Ігната, ускудлачваў валасы.
— Ну, да сустрэчы, сынок… Застаешся за гаспадара. Як вартавы на важным аб’екце…
Бацька вяртаўся з промыслу якраз на пачатку заняткаў у школе. Загарэлы, з бліскучымі іскрынкамі ў чорных вачах, ён здаваўся падужэлым, нібы і не працаваў, а прыехаў з адпачынку. Паводзіў ён сябе нязвыкла ўзбуджана і клапатліва. Браўся за гаспадарку: то пералапаціць нарыхтаваны на зіму торф, то падправіць брамку, то ні з таго ні з сяго купіць у магазіне новыя шпалеры і пачне пераклейваць залу. Маці адгукалася на гэты клопат: глядзела на бацьку з такой несхаванай замілаванасцю, быццам яны толькі-толькі ажаніліся.
Радасць у доме гасцявала нядоўга. Набліжаліся маразы, і на бацьку навальвалася цяжкая туга. Ён амаль нічога не еў, пыхкаючы люлькай, моўчкі сядзеў каля акна і глядзеў некуды ўдалечыню, быццам каго чакаў.
— Каго гэта бацька кожны дзень выглядае? — неяк спытаў Ігнат.
— А хто ж яго ведае,— уздыхнула маці і раптам заплакала.— Кепска чалавеку. Арцель у тундру збіраецца, а з бацькі які хадок. Вось і ўспамінае мінулае: як першым разведчыкам у дывізіі быў, як гарады вызваляў.
Ігната здзівіла, што ягоны бацька, былы разведчык, не можа знайсці сабе на беразе работу. Ён наіўна параіў:
— Ішоў бы да нас у школу настаўнікам. Вось хлапчукі ўзрадаваліся б…
— Дурненькі ты,— абняла маці Ігната.— Наш бацька забыўся, чаму яго самога ў школе вучылі.
Цяга да мора ў Ігната з’явілася пасля таго, як не вярнуўся з пуціны бацька. Гэта быў настойлівы і незразумелы покліч. Ігнат глядзеў на караблі, якія прыходзілі на рэйд, на матросаў, што, як мурашкі, жвава бегалі па палубе, і гэтыя людзі здаваліся яму прышэльцамі з іншага свету, якія пабачылі на свае вочы вялікія гарады, пра якія некалі расказваў бацька.
Аднойчы летам у бухце кідаў якар цеплаход. 3 катэра на бераг сыходзілі пасажыры, дзівіліся на парослыя зеленаватым мохам сопкі. Потым зноў садзіліся на катэр, і праз нейкі час цеплаход басавітым гудком палохаў наваколле, паступова знікаў на гарызонце. Ігнат заставаўся на беразе, і ў яго з’яўлялася нястрымнае жаданне дагнаць гэты прывід, убачыць казку, якая прыходзіла да яго кожную ноч. Тады ён нават не мог і марыць, што праз колькі гадоў на гэтым самым цеплаходзе, не такім вялікім і прыгожым, якім ён здаваўся здалёк, а цесным і абшарпаным, як стары барак, ён паплыве насустрач невядомаму, у чужы, незнаёмы горад.